Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Наста Дашкевіч: У мяне вельмі быкаўскі падыход да 9 траўня


Наста Дашкевіч

Наста Дашкевіч

Радыё Свабода папрасіла выказаць сваё стаўленьне да афіцыйнага сьвяткаваньня 9 траўня Насту Дашкевіч (Палажанку), жонку палітвязьня Зьмітра Дашкевіча, і Марыну Лобаву, маці палітвязьня Эдуарда Лобава.

«Парад я не глядзела. Я ня маю звычкі назіраць за такімі відовішчамі», — прызнаецца Наста Дашкевіч.

«Безумоўна, сёньняшні дзень, а тым больш учорашні (8 траўня, калі перамогу ў Другой усясьветнай вайне сьвяткуюць у краінах Эўропы і ЗША. — РС), вельмі важны. У мяне вельмі быкаўскі падыход да таго, што адбылося: сапраўды, народы здолелі перамагчы фашызм, але ня здолелі перамагчы камунізм, які таксама адабраў багата жыцьцяў і багата свабоды», — кажа Наста.

«Вельмі крыўдна, што ёсьць тыя дні, калі мы ўзгадваем ахвяраў фашызму, але няма дзён, калі мы ўзгадваем ахвяраў камуністычнага рэжыму і ня кажам праўды пра ГУЛАГ», — дадае яна.

Наста Палажанка кажа, што да даты 9 траўня мае дваістае пачуцьцё, бо ў грамадзтве «культывуецца эўфарыя».

«Бачна, што гэтай уладзе патрэбная свая прыватызаваная перамога, пра што шмат піша Сяргей Навумчык. Ім патрэбная такая перамога, дзе веліч беларускага народу распачынаецца з савецкага народу, а што было да гэтага, ім ня важна. Яны гэта не культывуюць і ня любяць», — тлумачыць Наста.

«Я лічу, што 9 траўня павінна быць Днём прымірэньня і пакаяньня для беларусаў і што трэба далучацца да даты 8 траўня як Дня перамогі над фашызмам».
Марына Лобава

Марына Лобава

Марына Лобава, маці палітвязьня Эдуарда Лобава, прызнаецца:

«Для мяне гэта ня сьвята. Парад я не гляджу, бо ў мяне не хапае нэрваў. А на тле апошніх падзеяў ва Ўкраіне наагул складаецца адмоўнае стаўленьне да гэтага сьвята».

«Гэты дзень выкарыстоўваюць для нагнятаньня расейскіх патрыятычных ідэяў. І ўсё гэта пераносіцца на Беларусь. А ў нашай гісторыі гэта не адзінае сьвята перамогі. У нас шмат было войнаў з Расейскай імпэрыяй, перамогі ў якіх можна было б сьвяткаваць», — кажа Марына Лобава.

Гаворачы пра сёлетняе сьвяткаваньне, яна адзначае: «Усё паказушнае! Бальшыня вэтэранаў забытая і жыве ў галечы. І клопату дзяржавы пра вэтэранаў на самой справе няма ніякага».
XS
SM
MD
LG