Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін: Савецкі народ уратаваў Эўропу ад рабства


Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін, выступаючы на Краснай плошчы на парадзе Перамогі, падкрэсьліў вырашальную ролю Савецкага Саюзу ў перамозе гітлераўскай Нямеччыны. У прыватнасьці, расейскі лідэр адзначыў:

«Жалезная воля савецкага народу, яго бясстрашнасьць і стойкасьць выратавалі Эўропу ад рабства. Менавіта наша краіна гнала нацыстаў да іх логава, дамаглася іх поўнага і канчатковага разгрому, перамагла цаной мільёнаў ахвяраў і страшных выпрабаваньняў».

Што казалі іншыя палітычныя кіраўнікі з нагоды 69-х угодкаў перамогі над Нямеччынай у Другой сусьветнай вайне?

Аляксандар Лукашэнка:

«Лёс чалавецтва ў тыя суровыя гады вырашаўся на тэрыторыі Расеі, Беларусі і Ўкраіны. Менавіта на савецка-нямецкім фронце вэрмахт страціў свае ўзброеныя сілы і сваю славутую зброю. (...) На акупаваных беларускіх, расейскіх, украінскіх землях зь першых дзён вайны быў адкрыты і сапраўдны другі фронт. Супраць фашыстаў паднялося больш за мільён партызанаў – вялікая народная армія, дзеяньні якой набылі стратэгічнае значэньне і сталі важным фактарам разгрому ворага».

Кіраўнік Туркмэністану Гурбангулы Бердымухамедаў:

«Дзень Перамогі прымнажае ў душы кожнага высокія пачуцьці гонару і патрыятызму. (...) Франтавікі, якія праявілі ў тыя вогненныя гады бяспрыкладны ўзор патрыятызму, і стойкія працаўнікі тылу – акружаны ўсеагульнай павагай і клопатам».

Кіраўнікі Захаду наогул не выказваліся з нагоды 69 угодкаў Дня перамогі, які там адзначаецца 8 траўня і больш вядомы пад назвай Дзень перамогі ў Эўропе (ангельскае: Victory in Europe Day). Як адзін зь нешматлікіх, адмысловую заяву зрабіў прэм’ер-міністар Канады Стывэн Гарпэр, які адзначыў уклад канадцаў у перамогу над гітлераўскай Нямеччынай:

«Сіла, вынаходлівасьць і самаадданасьць, якую прадэманстравалі нашы грамадзяне ў вайсковай форме падчас Другой сусьветнай вайны, і матэрыялы, якія Канада пастаўляла дзеля перамогі, выклікалі агульную міжнародную павагу да нашай краіны і моцнае пачуцьцё нацыянальнага гонару. Гэта адыграла вырашальную ролю ў вызначэньні нашага шляху і фармаваньні вольнай, дэмакратычнай, заможнай і гордай краіны, якой Канада зьяўляецца сёньня».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG