Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выязная калегія крымінальных спраў Гомельскага абласнога суду разглядае ў Лельчыцах асабліва злоснае хуліганства з пагрозай прымяненьня зброі, якое ўчынілі ў вёсцы Мілашавічы начальнік першай мабільнай заставы аддзелу памежнай службы «Прудок» старшы лейтэнант Гураў і яго падначалены, старшы сяржант Рамановіч.

Нецьвярозыя памежнікі з аўтаматамі, якія ахоўваюць беларуска-ўкраінскую мяжу, ледзь не пастралялі маладых вяскоўцаў.

16 лістапада мінулага году ўвечары Гураў і Рамановіч зайшлі ў мясцовую бутэрбродную «Ў самавара». Вырашылі дабавіць з нагоды нараджэньня сына ў сям’і сяржанта. Падселі зь півам да мясцовых школьніц.

Вясковы настаўнік Сяргей, які з хлопцамі зайшоў у бутэрбродную, паглядзеў у бок памежнікаў, якія сядзелі за столікам зь непаўналетнімі школьніцамі. Ахоўнікам мяжы гэта не спадабалася, і яны пачалі разборкі.

Пасьля слоўнай перапалкі старшы лейтэнант Гураў выклікаў узброеную падмогу — прыехалі машынай ягоныя падначаленыя з аўтаматамі.

Вакол «уазіка» памежнікаў сабралася багата вяскоўцаў. Сёй-той з прысутных палічыў за лепшае пакінуць небясьпечнае месца.

Гураў і Рамановіч, узброеныя аўтаматамі, заскочылі ў бутэрбродную, чым моцна напалохалі ўсіх, хто там яшчэ заставаўся.

Бачачы, што інцыдэнт набыў пагрозьлівы характар, загадчыца бутэрброднай Надзея Саковіч патэлефанавала ў міліцыю. Да страляніны не дайшло.

У дачыненьні да старшага лейтэнанта Гурава і старшага сяржанта Рамановіча была распачата крымінальная справа па прыкметах злоснага хуліганства з пагрозай прымяненьня зброі.

15 траўня судовы разбор у Лельчыцах будзе працягнуты.
XS
SM
MD
LG