Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спрэчнае абаяньне хакейных сувэніраў


9 траўня ў Менску пачынаецца чэмпіянат сьвету па хакеі. У Беларусь ужо прыехалі каманды-ўдзельніцы, хакейныя заўзятары.

Як выглядаюць беларускія сувэніры да чэмпіянату, дзе іх можна набыць, колькі каштуюць.

Паводле рэглямэнту Чэмпіянату сьвету, усе рэклямныя правы на продаж сувэніраў мае камэрцыйны партнэр Міжнароднай фэдэрацыі хакею — кампанія Infront Sports&Media. Беларусь магла рэалізоўваць прадукцыю з афіцыйным лягатыпам Чэмпіянату сьвету толькі да 9 лютага — за 3 месяцы да старту спаборніцтваў. Сувэніры будуць прадавацца толькі ў фан-зонах. У гарадзкіх крамах, сувэнірных шапіках іх ня будзе, патлумачыла Радыё Свабода прадавачка гандлёвага цэнтру «Сталіца» Крысьціна:
«Цяпер швэды будуць сваё, чыста сваё прадаваць. І прадаваць будуць у „Чыжоўка-арэне“ і „Менск-арэне“. То бок у іншых месцах іх распаўсюджваць ня будуць. Чула, што цэны будуць высокія, нават вельмі. І нават калі нешта і застанецца потым, нейкая частка іхняй прадукцыі, то Беларусь павінна будзе гэта ўсё выкупіць».

У менскіх крамах і шапіках прадаецца толькі драбяза з сымболікай чэмпіянату: магніцікі, паштоўкі, нататнікі, сшыткі, чакалядкі. А таксама майкі, кубкі проста з хакейнай атрыбутыкай, так бы мовіць, варыяцыі на тэмы хакею: керамічныя і парцалянавыя фігуркі хакеістаў, пляшкі з выявамі хакеістаў, брамніка. Што да мастацкай якасьці, дык гэта справа густу.


Кандытарская фабрыка «Камунарка», да прыкладу, выпусьціла плітачны чакаляд «Залатая пяцёрка» і «Чакаляд узорчаты «Шайба».



Сталічны завод «Крышталь» выпусьціў сувэнірную пляшку з выявай хакейнага брамніка. Назва, праўда, празаічная: «Двухсекционное изделие 2 по 0,5 литра» (гарэлка і бальзам).


А гомельскі лікёра-гарэлачны завод «Радамір» вырабіў керамічны сувэнір «Хакеіст» — гарэлка называецца «Чарка беспохмельная».


У гандлёвым цэнты «Сталіца» шмат дызайнэрскіх маек на хакейную тэматыку. Праўда, цэны кусаюцца — 220 тысяч за адну.


А вось майкі з выявай сымбалю чэмпіянату — Волата — будуць прадавацца толькі ў фан-зонах. Таму беларускія прадпрыемствы выпускаюць, так бы мовіць, майкі з варыяцыямі на тэму Волата. Адна такая маечка ледзь не напужала супрацоўніцу кампаніі сотавай сувязі Насту:

​«Я ня надта шмат бачыла гэтых сувэніраў, але тое, што бачыла, мяне ўразіла. Прынамсі, мы бачылі, здаецца, у ЦУМе майку з выявай зубра. І мяне вельмі ўразіла, наколькі выява агрэсіўная, гэтая пачвара з чырвонымі вачыма. І калі меркаваць па тым, што гэты год абвешчаны годам гасьціннасьці, то можна падумаць, што ён удасца вельмі добра» (сьмех).


Ці падабаюцца сувэніры, якія прадаюцца да Чэмпіянату сьвету па хакеі, што з прадукцыі хацелі б набыць менчукі, запыталася ў людзей рознага ўзросту:
«Шмат было крытыкі на адрас сымбаля Беларусі — нашага волата зубра. А мне ён вельмі падабаецца. Адзінае, што не падабаецца — мастак недапрацаваў: у яго такі позірк... алігафрэна».

«Мне гэта індыфэрэнтна, скажам так. Якія там сувэніры! Я не мастак, абсалютна не магу ацаніць іх. І за хакеем не сачу».

«Мне вельмі спадабалася, што напярэдадні чэмпіянату навялі парадак у гэтых сувэнірных крамках, усё проста вылізана, выстаўлена прэзэнтабэльна. Прыгожа аформілі. І сустракаюцца сувэніры вельмі прыстойнай якасьці, вельмі прыгожыя магніцікі, маленькія сувэнірчыкі».

«Зацікавіў, у прыватнасьці, магніцік з выявай Аляксандра Лукашэнкі. Хочацца такую штуку мець у сваёй калекцыі хаця б як знак часу. Гэта даволі сьмешна, і, у прынцыпе, можна і замежным сябрам падарыць. Нашы сябры ўспрымуць гэта „па прыколу“, але, пэўна, з удзячнасьцю. Бо гэта знак часу абсалютна!»
Дарэчы, магніціка з выявай Аляксандра Лукашэнкі я ў продажы так і не знайшла. Іншыя магніцікі ўжо актыўна раскупляюцца, даведалася я ў прадавачкі Крысьціны:

Карэспандэнтка: «А цяпер турысты ўжо ёсьць? Куплялі магніцікі?

Крысьціна: «Так, турысты пачалі прыходзіць чысла з 4–5. А паколькі ўчора ўжо пачалі зьяжджацца каманды, сёньня ўжо італьянцы хадзілі, усе такія прыгожа апранутыя, куплялі магніцікі».

Карэспандэнтка: «А якія сувэніры, зь якой сымболікай лепш разьбіраюць?»

«Вядома ж, з Чэмпіянатам сьвету па хакеі. А таксама герб, сьцяг, зь беларускімі і менскімі адметнасьцямі».

Калі адкрыюцца фан-зоны ў «Менск-арэне» і «Чыжоўка-арэне», Радыё Свабода распавядзе і пра сувэніры, якія прадаюцца там.




XS
SM
MD
LG