Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкі бізнэс падтрымае санкцыі супраць Расеі


Маркус Кербэр

Маркус Кербэр

Маркус Кербэр, генэральны дырэктар Фэдэрацыі прамысловасьці Нямеччыны, лічыць, што нямецкі бізнэс падтрымае канцлерку Ангелу Мэркель, калі яна вырашыць, што эканамічныя санкцыі супраць Расеі зьяўляюцца адзіным спосабам, каб прымусіць Уладзімера Пуціна дзейнічаць у адпаведнасьці зь міжнародным правам.

Пра гэта Маркус Кербэр піша ў сёньняшнім выданьні Financial Times. У прыватнасьці, ён адзначае:

Нямецкі экспарт у Расею ў асноўным складаецца з прадуктаў машынабудаваньня, абсталяваньня, аўтамабіляў і хімікатаў ды складае суму 35 мільярдаў эўра. Расея прадае Нямеччыне энэргію і сыравіну на суму крыху большую за гэтую. Гэта клясычны прыклад ўзаемавыгаднага гандлю паміж дзьвюма краінамі, якія спэцыялізуюцца ў выкарыстаньні сваіх параўнальных перавагаў.

Выпадае спадзявацца, што гэтыя гандлёвыя сувязі даюць нямецкай прамысловасьці рычагі ўплыву ў Расеі. Фэдэрацыя нямецкай прамысловасьці бачыць крызыс ва Ўкраіне як сур’ёзную пагрозу для міру і стабільнасьці ў Эўропе. Можна мець розныя погляды на легітымнасьць зьмены ўраду ва Ўкраіне сёлета, але няма ніякіх сумневаў, што анэксія Крыму Расеяй была грубым парушэньнем міжнароднага права.

Гэта тое, чаго нямецкая прамысловасьць ня можа талераваць. Гэта падрывае сыстэму міжнароднага кіраваньня, якая была створана пасьля падзеньня Савецкага Саюзу і спрыяла ўмацаваньню міру і стабільнасьці ў Эўропе на працягу больш чым двух дзесяцігодзьдзяў. Таму нямецкі прамысловы сэктар падтрымлівае намаганьні нашага ўраду схіліць Расею да выкананьня жэнэўскага пагадненьня ад 17 красавiка, якое вызначае шэраг крокаў дзеля таго, каб зьняць напружанасьць ва Ўкраіне.

Эканамічныя санкцыі могуць быць адным са спосабаў прымусіць Расею адчуць сілу заходняй рашучасьці. Санкцыі падразаюць эканамічныя сувязі, і ад іх непазьбежна пацерпяць абодва бакі. Тым ня менш, хоць і зь цяжкім сэрцам, нямецкі бізнэс будзе падтрымліваць спадарыню Мэркель, калі яна вырашыць, што санкцыі зьяўляюцца адзіным спосабам, каб прымусіць прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна выконваць нормы міжнароднага права.
XS
SM
MD
LG