Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чужыя магілы


Нямецкія могілкі Другой усясьветнай вайны «Шчаткава». Уваход

Нямецкія могілкі Другой усясьветнай вайны «Шчаткава». Уваход

150 тысяч нямецкіх салдат загінула ў Беларусі ў Другую ўсясьветную вайну. Яшчэ сорак тысяч памерла ў савецкім палоне. Брацкія магілы нямецкіх вайскоўцаў раскінутыя па ўсёй краіне. Народны саюз Нямеччыны ў справе догляду за воінскімі магіламі мае намер перазахаваць каля ста тысяч парэшткаў салдат вэрмахту на двух вялікіх могілках. Пад Бабруйскам ля вёскі Шчаткава — адны зь іх. Тут ужо пахавана больш за 16 тысяч нямецкіх вайскоўцаў. Як ставяцца жыхары вёскі да суседзтва з могілкамі нямецкіх салдат? Ці забываецца вайна і што памятаюць пра яе?

Нямецкія могілкі Другой усясьветнай вайны «Шчаткава» — на ўскрайку лесу. На агароджанай дагледжанай пляцоўцы — крыжы ды бэтонныя пліты з імёнамі пахаваных салдат. Нямала і асобна ўкапаных невялікіх шыльдаў-надгробкаў. Ля некаторых — кветкі і сьвечкі. На могілках цішыня, якую пранізвае птушыны сьпеў ды аддалены гул машын. Вянкоў, як на савецкіх брацкіх магілах, няма.

Вёска Шчаткава — за два кілямэтры. Яе жыхары, асабліва людзі сталага веку, не хаваюць, што былі незадаволеныя, калі даведаліся, што непадалёк зьявяцца могілкі нямецкіх салдат. Але за шэсьць гадоў зь імі зжыліся ды сьцярпеліся. Цяпер кажуць: зь мёртвымі не ваююць.

Улетку 1944 году ў «бабруйскім катле» загінула не адна тысяча нямецкіх салдат. Тыя, што палеглі ў ваколіцах Шчаткава, некалькі дзён ляжалі на жытнёвым полі, згадвае васьмідзесяцісямігадовая жыхарка вёскі Зоя Кузьмінічна. Тут жа, на полі, іх і хавалі. Зь целамі асабліва не цырымоніліся, адзначае кабета:

«Там быў бліндаж — вялікі і глыбокі. Недабудаваны. І канямі іх, за ногі чаплялі, і сьцягвалі, а потым туды кідалі. І мы іх засыпалі. Нашы салдаты нас прымушалі». Інфармацыйная пліта ля ўваходу

Інфармацыйная пліта ля ўваходу


Месца пахаваньня тады ніяк не пазначылі. Ужо пасьля вайны, апавядае Зоя Кузьмінічна, прыяжджала з Масквы камісія, каб адшукаць на полі брацкую магілу нямецкіх салдат, але нічога не знайшла. Ужо ў наш час пошукі аднавіліся, але і яны не далі плёну.

«Калгас там узараў усё. Зраўнаваў. І гэтак па сёньняшні дзень там роўнае поле. Нават знаку ніякага няма — тлумачыць вяскоўка. — Там яны і ляжаць. Калі прамінулі дзясяткі гадоў, тады пачалі актыўней шукаць, ды дзе там. А вось каля лесу, дык адшукалі пахаваных немцаў у тамтэйшых бліндажах. Іхнія парэшткі і перахавалі». Поле зь нязнойдзенай, па словах Зоі Кузьмінічны, брацкай магілай нямецкіх салдат

Поле зь нязнойдзенай, па словах Зоі Кузьмінічны, брацкай магілай нямецкіх салдат


Перажыўшы вайну дзяўчынкай-падлеткам, Зоя Кузьмінічна намагаецца быць аб’ектыўнай, апавядаючы пра яе. Згадвае добрым словам камэнданта, які бараніў вёску, і, паводле жанчыны, ніводзін зь вяскоўцаў за час акупацыі не загінуў. Кляне старасту, якога забілі партызаны. Загінуў у аблозе і той камэндант.

«Салдаты ж нямецкія былі гэткімі ж, як і нашы людзі, — адзначае жанчына. — У нас жа былі спэцыяльныя часьці, якія зьнішчалі людзей, і ў іх такія ж былі. Што ў нас, чэсна ўсё было? Не! Сталінскае ўсё было навокал. А пасьля вайны што вытваралася? Гэта ж былі жахі. У нашай жа вёсцы ў вайну ніводзін чалавек не пацярпеў. Ніводзін!» — падсумоўвае жанчына. Зоя Кузьмінічна перажыла фашысцкую акупацыю

Зоя Кузьмінічна перажыла фашысцкую акупацыю


Вайна не забываецца, кажа суседка Зоі Кузьмінічны, дзевяностагадовая Ганна Максімаўна.

«Яна ў нашай памяці будзе столькі, колькі мы жыцьмем. Не забытая вайна. Вось ляжаш, дык яна сама прыходзіць у галаву. Столькі крыўдаў яна нам прынесла». На могілках нямецкіх салдат

На могілках нямецкіх салдат


На недалёкіх нямецкіх могілках Ганна Максімаўна не была ні разу. Ставіцца да іх стрымана. Вайну яна перажыла на Клічаўшчыне. Тыя мясьціны былі партызанскімі. Ад фашыстаў яна, падлеткам, і ейная сям’я зьведалі нямала гора.

«Яны ворагі нам былі. А што нашы рабілі, паліцаі ды добраахвотнікі? — кажа кабета. — Мы ж хаваліся болей ад іх, як ад немцаў. Адкуль жа немцы ведалі — дзе зямлянкі нашы, дзе мы хаваліся? Былі ж і такія, што падказвалі немцам». Нямала на могілках асобна ўкапаных невялікіх шыльдаў-надгробкаў. На кожным імя загінулага салдата. Адзін з надгробкаў

Нямала на могілках асобна ўкапаных невялікіх шыльдаў-надгробкаў. На кожным імя загінулага салдата. Адзін з надгробкаў



Маладзейшае пакаленьне жыхароў Шчаткава ўспрымае пытаньні пра брацкія клады нямецкіх салдат без эмоцыяў — спакойна.

«Яны нам былі ворагі — гэта так, але ў наш час няма сэнсу ваяваць, ды пагатоў яшчэ з памерлымі, — выказваецца вясковец сярэдняга веку. Крыху падумаўшы, дадае: — Наша мінулае забываць нельга. І трэба перадаць з пакаленьне ў пакаленьне, што было, каб вайны не паўтарылася».

Яшчэ адзін малады мужчына кажа: «Немцы не хацелі ж ваяваць. Іх жа прымушалі. Гналі на вайну з абодвух бакоў. Я ж гісторыю вучыў і нават на алімпіяды езьдзіў. Дык вам скажу, што да немцаў у мяне нянавісьці няма».
Вайну пакрысе трэба забываць, мяркуе яшчэ адзін вясковец, зь якім гутару ля помніка савецкім салдатам. На ягоную думку, некалі народнае сьвята перамогі ператворанае ў афіцыёз і прапаганду: «Беларусы ўжо з вайны прыйшлі. Колькі ж можна ваяваць? Гэта трэба паволі забываць. З павагаю ставіцца да могілак, але пастаянна гаварыць пра гэта ня варта. Зь мёртвымі наагул не ваююць». Сярод салдат вэрмахту, працягвае вясковец, было нямала добрых людзей: «Але большую частку ўсё ж пераламіла сыстэма — гітлераўскія ўказы ды загады», падсумоўвае жыхар Шчаткава.

У беларускім прадстаўніцтве Народнага саюзу Нямеччыны па доглядзе за воінскімі магіламі прызнаюць, што адшукаць салдацкія пахаваньні празь сем дзясяткаў гадоў няпроста.

«Шмат забудаваных магілаў ды заасфальтаваных, — кажа супрацоўніца прадстаўніцтва Саюзу. — Мы, вядома ж, просім улады правесьці працы на ўмовах поўнай рэкультывацыі месца раскопак. Зьвяртаюцца да нас людзі, якія ведаюць пра пахаваньні, карыстаемся архіўнай інфармацыяй». Перазахаваньні на могілках працягваюцца

Перазахаваньні на могілках працягваюцца


Суразмоўніца кажа, што яны шукаюць па Кнігах памяці месцы баёў, каб хоць прыблізна вызначыць, дзе там маглі быць пахаваньні. Дапамагаюць і жыхары паселішчаў, каля якіх тыя баі адбываліся.

На брацкіх могілках «Шчаткава» пахавана больш за пятнаццаць з паловай тысяч салдат вэрмахту. Іхныя парэшткі зьвезьлі сюды з Магілёўскай, Віцебскай ды Гомельскай абласьцей. Афіцыйна адкрылі могілкі 2 ліпеня 2011 году. Перазахоўваць жа пачалі яшчэ ў 2008 годзе. Працягваюць і сёньня. Пра гэта нагадвае пляміна яшчэ не ўтравянелай зямлі. Мяркуецца, што тут перазахаваюць парэшткі 40 тысяч нямецкіх салдат. Такія ж могілкі, як у Шчаткаве, закладзеныя і ў Берасьцейскай вобласьці каля райцэнтру Бяроза. На іх знойдуць спачын каля 50 тысяч нямецкіх салдат Другой усясьветнай вайны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG