Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін вядзе ва Ўкраіне гібрыдную вайну, кажа генэрал-маёр у адстаўцы Франк ван Капэн, член верхняй палаты парлямэнту Нідэрляндаў. У мінулым генэрал ван Капэн таксама працаваў дарадцам у бясьпецы пры ААН і НАТО. Пра тое, што такое пуцінская гібрыдная вайна і як далёка гатовы зайсьці Захад у адказ, генэрал распавёў у інтэрвію Радыё Свабода.

У 2004 годзе на замову НАТО праведзена дасьледаваньне Multiple Futures – спроба зазірнуць у будучыню, атрымаць уяўленьне аб тым, чаго ў найбліжэйшай будучыні можна чакаць у сфэры міжнароднай бясьпекі. Над дасьледаваньнем працавала больш як восем тысяч навукоўцаў, вайскоўцаў і палітыкаў, прычым навукоўцаў ня толькі з краін НАТО. Дасьледчыкі прыйшлі да некалькіх асноўных высноў (і гэтыя прагнозы ўжо пачалі спраўджвацца). Паводле аднаго са сцэнароў, на фоне слабой, падзеленай у думках міжнароднай супольнасьці стане магчымым вяртаньне да палітыкі ўзору XIX стагодзьдзя, калі моцныя дзяржавы будуць навязваць сваю волю слабым дзяржавам, таму што міжнародная супольнасьць, якая магла б прыструніць падобныя паводзіны, фактычна адсутнічае. Сёньня мы назіраем прыблізна такое разьвіцьцё падзей, кажа генэрал Франк ван Капэн:

– Ні Ўкраіна, ні астатнія краіны, якія апынуліся на лініі судакрананьня геапалітычных плятформаў, ня маюць магчымасьці самастойна выбіраць свой
Калі краіна знаходзіцца на гэтай лініі зрэзу, значыць, чакай бяды. Пінжак таксама заўсёды рвецца па шву.
лёс: яны заціснутыя паміж расейскай сфэрай уплыву з аднаго боку і заходняй або эўрапейскай – з другога. Калі краіна знаходзіцца на гэтай лініі зрэзу, значыць, чакай бяды. Пінжак таксама заўсёды рвецца па шву. Сёньня лінія зрэзу, якая раней праходзіла праз Польшчу (азірніцеся на гісторыю гэтай краіны за мінулае стагодзьдзе), Вугоршчыну, Чэхаславакію, зрушылася на ўсход і праходзіць праз Украіну, празь Беларусь, Малдову і Грузію.

Другая выснова дасьледаваньня НАТО 2004 якраз і фармулявала тое, што мы станем сьведкамі канфліктаў па лініі судакрананьня геапалітычных плятформаў. Тое, што Расея сёньня робіць з краінамі Ўсходняй Эўропы, якія не зьяўляюцца чальцамі НАТО або ЭЗ, можа стаць заразьлівым прыкладам для іншых рэгіянальных дзяржаў.

– Яшчэ адной высновай дасьледаваньня НАТО 2004 году стаў прагноз аб зьмене спосабу вядзеньня ваенных дзеяньняў, ці ня так?

– Гэта называецца hybrid warfare, гібрыдная вайна. У гэтага тэрміну мноства дэфініцый, яму прысьвечана шмат кніг. Гібрыдная вайна – гэта зьмешваньне клясычнага вядзеньня вайны з выкарыстаньнем нерэгулярных узброеных фармаваньняў. Дзяржава, якая вядзе гібрыдную вайну, заключае зьдзелку зь недзяржаўнымі выканаўцамі – баевікамі, групамі мясцовага насельніцтва, арганізацыямі, сувязь зь якімі фармальна цалкам адмаўляецца. Гэтыя выканаўцы могуць рабіць такія рэчы, якія сама дзяржава зрабіць ня можа, таму што любая дзяржава абавязана прытрымлівацца Жэнэўскай канвэнцыі і Гаагскай канвэнцыі аб законах сухапутнай вайны, дамоўленасьцяў зь іншымі краінамі. Усю брудную работу можна перакласьці на плечы недзяржаўных фармаваньняў.

– А можна паслаць свае войскі ў іншую краіну і сказаць, што гэта не твае войскі?

– Так, гэта і ёсьць гібрыдная вайна. З аднаго боку, выкарыстоўваюцца рэгулярныя войскі, хай толькі з мэтай прыстрашыць – зараз да мяжы з Украінай сьцягнута каля 40 тысяч расейскіх вайскоўцаў (ёсьць разыходжаньні ў падліках, але прыкладна столькі, і гэта нямала). Такім чынам, на Ўкраіну аказваецца ціск: «Няправільны крок, і глядзіце, што з вамі будзе!» Зь іншага боку, на тэрыторыі Ўкраіны дзейнічаюць групы, якімі кіруюць з Расеі. На такую схему вядзеньня вайны надзвычай складана адрэагаваць. Калі мяжу сумежнай дзяржавы перасякае танкавая дывізія, то ўсё ясна. Але ў дадзеным выпадку нічога падобнага ня робіцца. Замест гэтага адбываецца бясшумная анэксія, з задзейнічаньнем баевікоў і этнічных груп на месцах, паводле дамоўленасьці і пад кіраўніцтвам з Расеі. Паспрабуй, знайдзі адказ на такі прыём.

– Анэксію Крыму Захад таксама ўжо праглынуў?

– Амэрыка і Эўропа вечна будуць працягваць крычаць, што яны пераход Крыму да Расеі не прызнаюць, гэта значыць гэта будзе чарговы замарожаны канфлікт. Сапраўды такі ж, як Нагорны Карабах. Але, хоць юрыдычна мы гэтага не прызнаем, дэ-факта далучэньне Крыму адбылося – Крым стаў часткай Расеі, там цяпер кіруе Ўладзімер Пуцін, Пуцін атрымаў тое, чаго хацеў. Вось вам яшчэ адна важная адметная рыса гібрыднай тактыкі вядзеньня вайны: сусьветная супольнасьць ставіцца перад фактам, які адбыўся. Сусьветнай супольнасьці застаецца казаць «Мы гэтага не прызнаем», але факт далучэньня ўжо адбыўся. У кароткатэрміновай пэрспэктыве гэта вельмі выйгрышная тактыка: «Глядзіце, што ў мяне атрымалася! Без адзінага стрэлу!»

– І ніякія санкцыі расейскага лідэра пакуль што не пераймаюць...

– Не, пакуль не пераймаюць. Але больш жорсткія санкцыі яшчэ будуць. Іх ўводзяць пакрокава ў надзеі, што Пуцін пасьля кожнай хвалі санкцый можа дээскаляваць канфлікт. На апошнім этапе плянуецца блякаваньне ў Расеі плацёжных сыстэм Visa і MasterCard, канфіскацыя замежнай маёмасьці. Заявы Пуціна пра тое, што Расея створыць уласную аплатную сыстэму, гавораць толькі пра тое, што ён зусім не разумее, як уладкаваны міжнародны фінансавы рынак. Да чаго ён зьбіраецца прывязваць гэтую сыстэму, хто будзе прымаць расейскую крэдытку? Захад уводзіць санкцыі надзвычай асьцярожна, таму што мы таксама ад іх пацерпім. Але мы гэта перажывем, а вось шкода, якую санкцыі здольныя нанесьці расейскай эканоміцы, будзе калясальнай. Ужо сёньня з Расеі сплылі 67 мільярдаў эўра інвэстыцый. Гэтая лічба ўзрасьце да 160-170 мільярдаў эўра. Для расейскай эканомікі гэта цяжкі ўдар. Рубель ужо вельмі слабы, на расейскіх біржах назіраецца спад на 14 адсоткаў. Гэта значыць наступствы ўжо зараз у наяўнасьці. А што калі Захад увядзе яшчэ і фінансавыя санкцыі ці закрые газавы кран? Так, сёньня Эўропа атрымлівае 30 адсоткаў свайго газу з Расеі, але іншыя крыніцы паставак газу ўжо знойдзеныя, цяжар страт можна будзе падзяліць, так што мы і гэта перажывем. Для Расеі ж гэта будзе сапраўднай праблемай. Сёньня Расея зарабляе на пастаўках газу ў Эўропу 178 мільярдаў эўра за год. Расея жыве ад продажу сыравіны за мяжу. Тады прыйдзецца прадаваць кітайцам і індыйцам. Гэта рэальна, але інфраструктуры для гэтага пакуль няма.

– Няўжо дойдзе справа і да такіх сур'ёзных санкцый?

– Я думаю, такія санкцыі будуць пушчаныя ў ход толькі ў самым крайнім выпадку. Калі Расея нападзе на прыбалтыйскую дзяржаву – чальца НАТО. Вось дзе для Захаду праходзіць канечная лінія.

– А напад з дапамогай «зялёных чалавечкаў» лічыцца?

– Вядома. Пуцін у любым выпадку не зьбіраецца прыяжджаць у Прыбалтыку на танку, таму што тады ён адкрыта аб'явіць вайну НАТО. Пяты артыкул Паўночнаатлянтычнай дамовы кажа, што напад на адну з краін-чальцоў НАТО
Калі ж Пуцін дзейнічае з дапамогай гібрыднай вайны, то ён цалкам можа разьлічваць на тое, што НАТО не ўжыве Пяты артыкул. Будзе проста абвешчана свабодная народная рэспубліка Нарва.
зьяўляецца нападам на ўсе краіны-чальцы. Замест гэтага мы можам убачыць той жа сцэнар, што назіралі дагэтуль. Можна, напрыклад, падагрэць абстаноўку ў эстонскай Нарве, дзе жыве шмат расейцаў. Зноў гібрыдная вайна, кантакты зь мясцовымі арганізацыямі, і Нарва абвяшчае незалежнасьць. Эстонія рэагуе жорстка. Расея заяўляе пра свой абавязак абараніць рускамоўнае насельніцтва ад нэафашыстаў. Калі б Пуцін заехаў у Эстонію на танку, то ўсё было б проста. Ён абвясьціў бы такім чынам НАТО вайну, і ён яе прайграў бы – гэта я магу вам стоадсоткава гарантаваць. Цаной мільёнаў жыцьцяў. Але вайны ніхто ня хоча. Калі ж Пуцін дзейнічае з дапамогай гібрыднай вайны, то ён цалкам можа разьлічваць на тое, што НАТО не ўжыве Пяты артыкул. Будзе проста абвешчана свабодная народная рэспубліка Нарва. Яна папросіцца ў Расею. Ці падстава гэта для Пятага артыкулу? А калі не падстава, то ўсе сябры НАТО з Усходняй Эўропы ўсклікнуць: НАТО больш нічога ня вартае. У гэтым сэнсе Пуцін заб'е гол у браму НАТО.

– Які ўсё ж такі ваш прагноз найбольш верагоднага разьвіцьця падзей, найбольш верагоднага пляну Пуціна?

– Я мяркую, што Пуцін не кране Прыбалтыку. Гэта занадта рызыкоўна. Што цалкам магчыма, дык гэта тое, што калі ў яго ўсё атрымаецца ва Ўсходняй Украіне (а гэта яшчэ пытаньне, таму што працэнт этнічных расейцаў там меншы, чым у Крыме, і далёка ня ўсе зь іх падтрымліваюць сэпаратыстаў), то ён паспрабуе захапіць яшчэ і тэрыторыю на поўнач ад Крыму, дзе знаходзіцца «кран» для падачы ў Крым газу і вады, а таксама Адэсу. Тады ў яго ў руках будзе ўсё Чарнаморскае ўзьбярэжжа і шлях у Прыднястроўе, дзе ўжо і так ёсьць расейскія войскі і дзе насельніцтва і так хоча ў Расею. У сфэры расейскага ўплыву апынецца ўвесь ўсход і поўдзень Украіны. Што гэта будзе азначаць для эканомікі Расеі – іншае пытаньне. Каштаваць гэта будзе вельмі дорага. Данбас – патэнцыйна нябедны рэгіён, але зь вельмі састарэлым прамысловым комплексам. У савецкія часы ва Ўкраіне працавала шмат спэцыялістаў у галіне ракетабудаваньня, распрацоўкі ядзернай зброі, самалётабудаваньня. Тут праводзіліся і абслугоўваліся міжкантынэнтальныя балістычныя ракеты SS-18 («Сатана»).

Я не магу гэтага дакумэнтальна пацьвердзіць, але я неаднаразова чуў, у тым ліку ад прадстаўнікоў бізнэсу, што за апошнія гады на абаронна-тэхнічныя прадпрыемствы ва Ўкраіне прыходзіць расейскі мэнэджмэнт і сьвядома банкруціць прадпрыемствы, каб пасьля іх закрыцьця прапанаваць каштоўным кадрам працоўныя месцы ў Расеі. Аднак Расея мае патрэбу ў замежных інвэстыцыях, у заходніх экспэртных ведах, тэхналёгіях. У кароткатэрміновай пэрспэктыве Пуцін выйграе шмат галасоў, многія расейцы будуць ганарыцца тым, што Расея стала большай, пашырыла сфэру ўплыву. Але ў галіне эканомікі палітыка Пуціна ў доўгатэрміновай пэрспэктыве прынясе Расеі вялізныя страты. Нават з геапалітычнага пункту гледжаньня тое, што цяпер робіць Пуцін, у доўгатэрміновай пэрспэктыве неразумна. Сапраўдныя геапалітычныя праблемы Расеі – на яе паўднёвых рубяжах, на Каўказе, і ў Сібіры, на мяжы з Кітаем, дзе таксама праходзіць геапалітычны зрэз. Палітыка штучнага абвастрэньня пачуцьця прыналежнасьці да этнічнай супольнасьці, якую праводзіць Крэмль, можа выйсьці самой жа Расеі бокам. Ня толькі на Каўказе, але і ва Ўсходняй Сібіры, дзе жыве даволі шмат кітайцаў. Заходнія межы Расеі былі да гэтага часу самымі спакойнымі. Пуцін сьцьвярджае, што Расею «атачылі». Але хто, скажыце, стаў прычынай гэтага неспакою на заходніх рубяжах?

– Пуцін вінаваціць ва ўсім пашырэньне ЭЗ і НАТО на ўсход.

– Так, гэта яго вэрсія падзей. На самай справе ЭЗ нікога не заклікаў у свае шэрагі і тым больш не прымушаў да сяброўства. Чальцамі ЭЗ краіны становяцца таму,
Гэтую свабоду выбару адымаюць сёньня і ў Грузіі, Малдовы, Азэрбайджану і Ўкраіны, а пазьней і Беларусі (успомніш маё слова).
што самі гэтага хочуць. Прычым аднаго жаданьня недастаткова. Краінам-кандыдатам даводзіцца правесьці рэформы, каб іх прынялі. Паглядзіце, зь якой цяжкасьцю ўступілі ў ЭЗ Баўгарыя і Румынія. Украіне на гэта спатрэбіцца ня менш за 20 гадоў. Але Эўразьвяз ня мог сказаць незалежным дзяржавам, якія пажадалі паспрабаваць стаць кандыдатамі на ўступленьне, што гэта немагчыма, таму што інакш «раззлуецца спадар Пуцін». Прынцыповым правілам для ЭЗ зьяўляецца права кожнай дзяржавы ажыцьцяўляць свабодны выбар. Калі жыхары якой-небудзь дзяржавы хочуць у Расею – гэта іх выбар, але ён павінен быць ажыцьцёўлены без ужываньня ціску. Гэтую свабоду выбару адымаюць сёньня і ў Грузіі, Малдовы, Азэрбайджану і Ўкраіны, а пазьней і Беларусі (успомніш маё слова). Ім не даюць зрабіць самастойны выбар.

– А як наконт пашырэньня НАТО?

– Што тычыцца НАТО, то тут вельмі важныя дзьве дамоўленасьці. Па-першае, пасьля распаду СССР Украіна апынулася трэцяй паводле магутнасьці ядзернай дзяржавай у сьвеце. Гэта нікому не падабалася – ні амэрыканцам, ні Эўропе, ні Расеі. Таму ў Будапэшце ў 1994 годзе была заключаная дамова, паводле якой Украіна цалкам адмаўлялася ад ядзернай зброі, атрымліваючы наўзамен гарантыі захаваньня сваёй тэрытарыяльнай цэласнасьці ад некалькіх краін. Украіна здала ўсю сваю ядзерную зброю, але цяпер адна з краін, якія павінны былі гарантаваць сувэрэнітэт Украіны, парушыла дамову. Па-другое, была і іншая дамоўленасьць з Расеяй. Некаторыя краіны, былыя чальцы Варшаўскай дамовы і нават былыя рэспублікі СССР, захацелі ўвайсьці ў НАТО. НАТО праводзіла на гэтую тэму з Расеяй адкрытыя перамовы. Расея дала дабро на пашырэньне НАТО на ўсход з адной умовай, што ў гэтых новых краінах альянсу ня будзе высокай канцэнтрацыі вайсковага кантынгенту і ядзернай зброі. НАТО строга выконвае гэтую дамоўленасьць і нават зараз не зьбіраецца яе парушаць. Дарэчы, каб уступіць у НАТО, трэба таксама выканаць масу патрабаваньняў. НАТО таксама нікога не прымушала да сяброўства, уступіць у НАТО вельмі няпроста.

– Па-мойму, гэта Пуцін удыхнуў у НАТО новае жыцьцё!

– Некаторыя кажуць, што пара ўжо вывешваць плякат з удзячнасьцю Пуціну, які выратаваў Эўразьвяз і НАТО. Яшчэ нядаўна раздавалася нямала галасоў, якія паўтаралі, што НАТО страціла ўсякі сэнс, што Расея – наш сябар і партнэр, а Эўропа абсалютна бясьпечная. І раптам мы прачнуліся і зразумелі, што Расея – усё ж такі не партнэр, а, відаць, праціўнік. І раптам Швэцыя зь Фінляндыяй запрасіліся ў НАТО. А крытыкі НАТО цяпер маўчаць.

– Паводле вашай інфармацыі, НАТО зьбіраецца стварыць уздоўж усходніх межаў блёку буфэр, шчыльна дысьлякаваўшы там невялікія вайсковыя падразьдзяленьні, што не парушыць дамоўленасьцяў з Расеяй, але прадухіліць пранікненьне незаконных фармаваньняў празь межы НАТО. Ці гэта магчыма зрабіць без вырашальнага ўдзелу ЗША?

– Эўропа – эканамічны гігант, але палітычны і вайсковы карлік. Пасьля распаду СССР Эўропа цалкам інкасавала дывідэнды ад міру – фінансавыя сродкі, вызваленыя ў выніку адмовы ад гонкі ўзбраеньняў. Колькасьць узброеных сіл у Эўропе скарацілася ўдвая. У распараджэньні ВПС Нідэрляндаў калісьці былі 200 вайсковых самалётаў, цяпер каля 60, зь якіх лётаюць штук 30. У Нідэрляндаў была тысяча танкаў, цяпер ніводнага. Было 22 вайсковыя фрэгаты, цяпер 6. Ня толькі Нідэрлянды, уся Эўропа зусім занядбала сваё войска. Эўрапейскія палітыкі ставілі на першае месца, што называецца low politics, клопат пра дабрабыт сваіх грамадзян, цалкам ігнаруючы high politics. На бясьпеку ў сярэднім па Эўропе траціцца па паўтара працэнта ВУП, у той час як НАТО рэкамэндуе траціць як мінімум 2 адсоткі. 75 адсоткаў бюджэту НАТО папаўняецца з ЗША, без ЗША Эўропа ў вайсковым сэнсе – нішто. Амэрыцы такая сытуацыя адкрыта надакучыла. Ёсьць сур'ёзная верагоднасьць таго, што няпростая міжнародная абстаноўка прымусіць эўрапейскіх палітыкаў узяцца за свае вайсковыя бюджэты, але па-сапраўднаму нарасьціць вайсковую магутнасьць атрымаецца нават пры павелічэньні фінансаваньня не раней чым празь некалькі гадоў.

– І ўсё ж, спадар ван Капэн, вы ўвесь час кажаце аб геапалітычным супрацьстаяньні так, нібы прэзыдэнт Расеі сапраўды пралічвае сытуацыю на многія гады наперад, задумваецца пра будучыню сваёй краіны. Многія расейскія лібэральныя аналітыкі перакананыя, што Пуцін зацікаўлены выключна ў перамозе ў кароткатэрміновай пэрспэктыве, прычым у перамозе не для Расеі, а асабіста для сябе і свайго бліжэйшага асяродзьдзя.

– У кароткатэрміновай пэрспэктыве Пуцін выйграе гэтае супрацьстаяньне, таму што ніхто ня ведае, як належным чынам адказаць на гібрыдную вайну. Але ў сярэдне- і доўгатэрміновай пэрспэктыве Пуцін прайграе. Расея будзе трапляць ва ўсё большую залежнасьць ад замежных тэхналёгій і капіталу, апынецца заціснутай паміж двума магутнымі эканамічнымі блёкамі – трансатлянтычным блёкам ЗША і ЭЗ, які фармуецца цяпер і будзе налічваць больш за 800 мільёнаў жыхароў, і Кітаем. Расея ж сваю эканоміку так і ня зможа падняць, бо падняць яе можна будзе, толькі наладзіўшы гандлёвыя сувязі з Захадам і перамогшы карупцыю. І вось яшчэ што: Захаду зусім ня выгадна мець пад бокам нестабільную, варожа настроеную, бедную Расею. Нас цікавіць Расея як стабільны партнэр, – упэўнены член верхняй палаты парлямэнту Нідэрляндаў, генэрал-маёр у адстаўцы Франк ван Капэн.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG