Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Днепрапятроўску няма «зялёных чалавечкаў»


16-павярховы герб Украіны ў Днепрапятроўску

16-павярховы герб Украіны ў Днепрапятроўску

Днепрапятроўская вобласьць Украіны мяжуе з Данецкай, дзе актыўна дзейнічаюць сэпаратысты і вельмі напружаная абстаноўка. Тым часам у Днепрапятроўскай вобласьці, куды быў прызначаны новым кіраўніком Ігар Каламойскі, сытуацыю ўдаецца ўтрымліваць пад кантролем. Якімі трывогамі і клопатамі жывуць людзі ў самім Днепрапятроўску? Пра гэта нам расказала жыхарка гораду Галіна.

У горадзе не забываюць пра дрэннае становішча ў суседзяў — у Данецку ды іншых гарадах усходняй Украіны:

«Вакол кожнага гораду блёк-пасты, выяжджаць небясьпечна, могуць абстраляць цывільную машыну. Некаторыя студэнты з Данецку не вярнуліся на заняткі. У Данецкай і Луганскай абласьцях закрылі дзіцячыя садкі... і наконт школ таксама ёсьць зьвесткі. Бо хто ж адправіць сваё дзіця? Хоць некаторыя блёк-пасты адбітыя, і там нашы стаяць. Была чутка ў інтэрнэце, што ў Данецкай вобласьці атручаная вада, што нібыта нашы вайскоўцы труцяць ваду, каб мірных жыхароў атруціць. А самая апошняя — што ў студні падкладаюць міны, што будуць усё ўзрываць, увогуле людзей запалохваюць як могуць. Яны там апрацаваныя вельмі моцна. А паколькі нашы каналы там адключаны, усе слухаюць расейскія. І што рабіць нармальным людзям? Калі ты выходзіш на вуліцу, а ў цябе, як было ў Адэсе, з-за сьпінаў міліцыі страляюць?»

Жыхары Днепрапятроўску адчуваюць сябе значна спакайней.

«Мы ўпэўненыя, што ў нас на блёк-пастах стаяць нашы людзі. Што ў нас няма ніякіх ні «зялёных чалавечкаў», ні чорных, ні паласатых, ні гэтых, з георгіеўскімі стужкамі, — у нас нічога такога няма. Я не кажу, што ў нас усе праўкраінскія, не. Ёсьць, напэўна, людзі, якія думаюць нейк інакш. Але прынамсі яны нічога не захопліваюць, ня б’юць пакуль. Ніякіх мітынгаў такіх. Ну, выйдзе сотня, памахаюць сьцягамі, пэнсіянэры пакрычаць, але ж гэта ня тое, што там робіцца. А на апошнім такім мітынгу было, можа, трыццаць чалавек. Нейкі саюз расейскіх афіцэраў. Але ж яны нікога ня білі, не забівалі.
Што робіць мясцовая ўлада?

«У Днепрапятроўску зрабілі да травеньскіх сьвятаў алею памяці майданаўцаў, усе іх здымкі павесілі. Улада мясцовая спрабуе нейк людзей пераключыць на нешта, адцягнуць ад ваенных дзеяньняў, бо прыходзіш дахаты — і куды ўпадаеш? У вайну, якая ў тэлевізары. І, вядома, гэта дэпрэсійны стан. Вось цяпер на другім беразе Дняпра адкрылі новую зону адпачынку, там альтанкі, шашлыкі можна рабіць, на конях езьдзіць. Байкеры вось рабілі сваё мерапрыемства. Нам у гэтым пляне шанцуе.
Нікому ня прыйдзе ў голаў зьвярнуцца да міліцыянта, бо чаго да яго зьвяртацца? На яго надзеі няма


Хоць даверу да ўлады ніколі не было. Мы дваццаць тры гады жывем у такім стане. Як было раней: нікому ня прыйдзе ў голаў зьвярнуцца да міліцыянта, бо чаго да яго зьвяртацца? На яго надзеі няма. Мы ў гэтым нібы і жывем. У нас толькі аднойчы, яшчэ да сьмерцяў на Майдане, было страшна: пабілі людзей. У нас было гэтаксама: адны за Майдан, другія супраць. І была бойка, і тады міліцыя гэта ўсё прыкрыла, чалавек дваццаць пацярпелі. Потым у нас звалілі помнік Леніну. Адна нага тырчыць».
Выбары павінны адбыцца

«Вядома, у нас будуць выбары, абавязкова, а як жа? Незалежна ад таго, будзе Крым удзельнічаць ці не, і Данецк і Луганск, якія напэўна ня змогуць. Таму што для людзей гэта проста небясьпечна. А там, дзе больш-менш спакойна, у заходніх абласьцях. Я спадзяюся, што і ў нас, што і ў Адэсе будуць выбары. Але ж я кажу: мы колькі жывем, уладзе ня верым, і ў савецкія часы было тое самае. Потым былі нейкія спадзяваньні ў 1990-х гадах, а потым як пайшоў гэты бандытызм... На што спадзявацца? І апошнія чатыры гады была проста катастрофа. Гэта ўсё адчувалася, але мы ня ведалі пра дэталі, а цяпер ведаем. Калі тут усё, да арміі, міліцыі, СБУ, усё разбуранае, усё працавала на Расею і сядзелі проста расейскія афіцэры там. Проста кашмар. Мы адчувалі, што ўсё прападае...

Што на будучыню? Вось гэты дваццаць адзін кандыдат — усё гэта лухта. Асноўныя канкурэнты — Парашэнка і Цімашэнка, больш выбіраць няма каго. Але рэч у тым, што не мільярдэраў там няма, іншых няма. Гэта заклаў яшчэ Кучма, гэты бардак. Прадаў большую частку прадпрыемстваў, засталося ў дзяржаўным кіраваньні менш за дваццаць адсоткаў — у Амэрыцы такога няма. Усё разабрана па руках. У выніку тым, чым павінен займацца ўрад —мэдыцынай, адукацыяй, арміяй — ніхто гэтым не займаецца дваццаць тры гады. І вось што мы маем: палова насельніцтва, і як ім толькі ў галаву прыходзіць такое, можа спальваць сьцяг роднай краіны і заклікаць чужога салдата на сваю тэрыторыю. Калі ты хочаш у Расею — зьбірай чамадан і едзь, ніхто цябе тут сілай не трымае. Я сама не ў захапленьні ад улады, але гэта не азначае, што трэба заклікаць сюды чужую краіну.
Усё-ткі вайна ідзе, павінен быць мужык на чале дзяржавы
Я думаю, што пераможа Парашэнка. Я буду галасаваць за яго, магу сказаць чаму. Калі будуць Парашэнка і Цімашэнка — ён, прынамсі, нешта ў сваім жыцьці зрабіў: у яго ёсьць заводы, ён будуе, разьбіраецца ў банкаўскай справе. Ён добра размаўляе па-ангельску, яго добра прымаюць за мяжой. Яго ня сорамна і тварам паказаць. Ён дастаткова разумны мужык. Так, ён, канечне, спрабаваў заўсёды быць добрым і пры левых, і пры правых. Але ён ураўнаважаны, не такі авантурны, як Цімашэнка. Яна чыстай вады авантурыстка, як паказаў вопыт. Так, яна баявая, вельмі добрая на барыкадах, а ў мірны час — ня вельмі. Менавіта таму ў яго такі высокі рэйтынг. Ён у Януковіча ва ўрадзе, і ў Юшчанкі, ён паўсюль свой бізнэс абараняў. Але, прынамсі, ён умее нешта будаваць, а ня толькі разбураць. А кагосьці ўсё роўна трэба выбраць. Як у нас кажуць: мы ўсе заўсёды галасуем супраць. Але трэба хоць раз прагаласаваць за, а ня супраць кагосьці. Яны хацелі галасаваць супраць Юшчанкі, а прагаласавалі за Януковіча. Дзякуй вам, хлопцы: цяпер мы што маем — крымінал па ўсёй краіне.

Ну, і ў такой сытуацыі жанчыну выбраць... Усё-ткі вайна ідзе, павінен быць мужык на чале дзяржавы. Яна была ўпэўненая, што пераможа, а калі бачыць, што рэйтынгі ня надта высокія, заявіла, што пойдзе ў апазыцыю. Але скажы, калі ласка, калі ты хварэеш за краіну, якая ж апазыцыя? Ды падхапі, дапамажы чалавеку, разам жа можна рабіць. А ў такі час, у такой страшнай сытуацыі каму патрэбна яе апазыцыя? «Марш у вышыванках», Днепрапятроўск, 4 траўня

«Марш у вышыванках», Днепрапятроўск, 4 траўня

Алігарх Каламойскі

«Мэр у горадзе гадоў дваццаць ужо. А вобласьцю камандуе новы, алігарх. Да яго давер ёсьць, таму што ён можа трымаць у спакойным стане вобласьць. Яму ўсе „ў ножкі кланяюцца“: паўсюль нешта дзеецца, а ў нас ціха. І блёк-пасты ў нас пастаўленыя вакол гораду, каб можна было абараніць горад, калі што. І ён жа за гэта плаціць, ён вялікія грошы паабяцаў за вылаўленых усякіх там „зялёных чалавечкаў“. Ён жа паліва — для танкаў, для БТРаў, для самалётаў. Нічога ж няма, усё раскрадзена папросту дарэшты. У Львове гадоў восем таму было авіяшоў, там жа самалёт упаў. І калі пачалі высьвятляць — у іх не было палётных гадзінаў, яны не наляталі столькі, колькі трэба. Дык колькі часу пасьля таго прайшло — я думаю, што большая частка за штурвалам не сядзела. А тыя, хто на танках павінны, яны і ў танк не залазілі. Калі тыя танкі толькі ёсьць — яны праржавелі дарэшты.

Начальства ўсё прадала. Адкуль у людзей, якія бегаюць на вуліцы, узбраеньне? Адкуль? З арміі. Усё прадалі са складоў. Усё прагніла. Ты ж у арміі! А ён празь нейкую дзірку ў плоце прадае бандытам».
XS
SM
MD
LG