Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна хоча пускаць замежнікаў у Крым толькі па пропусках


Блёкпост на мяжы з Крымам

Блёкпост на мяжы з Крымам

Інфармацыя пра зьмяненьне правілаў уезду ў Крым праз тэрыторыю Ўкраіны да Беларусі пакуль не дайшла.

«МЗС Беларусі не атрымліваў ад украінскіх калегаў ніякага паведамленьня пра гэта. Як толькі такая інфармацыя будзе атрыманая, мы давядзем яе да ведама нашых грамадзянаў», — заявіў 8 траўня на брыфінгу ў Менску прэсавы сакратар зьнешнепалітычнага ведамства Дзьмітры Мірончык.

Ён адзначыў, што склалася практыка, калі краіна, у выпадку зьмяненьня правілаў уезду на сваю тэрыторыю, праз дыпляматычныя каналы паведамляе пра гэта іншым краінам.

28 красавіка выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Ўкраіны Аляксандар Турчынаў падпісаў закон «Аб забесьпячэньні правоў і свабодаў грамадзянаў і прававым рэжыме на часова акупаванай тэрыторыі Ўкраіны». Такія тэрыторыі — Крым і Севастопаль. Уезд туды замежнікаў цяпер дазволены толькі па спэцыяльных дакумэнтах.

Беларускія турысты звычайна едуць на адпачынак у Крым праз Украіну. Як можа паўплываць на іхнія пляны новы ўкраінскі закон? Дырэктарка адной менскай турыстычнай фірмы на гэтае пытаньне Свабоды адказала так:

«Я ад вас упершыню чую пра гэта. Ніякіх праблемаў з Крымам у нас не было ні раней, ні цяпер. Лічу, што іх і ня будзе, нават калі спатрэбіцца нейкі спэцыяльны пропуск, каб туды трапіць.

Я не палітык, але ведаю, што беларусаў паўсюль лічаць талерантнымі і спакойнымі людзьмі, якія нічога шкоднага нікому ня робяць. Упэўненая, украінцы перашкодаў нашым турыстам ствараць ня будуць».
XS
SM
MD
LG