Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маскоўскі экспэрт: Трэба радавацца, што вайна не пачалася ўчора


Канстанцін Калачоў
Канстанцін Калачоў

Расейскі палітоляг, кіраўнік палітычнай экспэртнай групы Канстанцін Калачоў у інтэрвію Радыё Свабода паразважаў пра матывы сэнсацыйных заяваў Пуціна, які ў сераду заклікаў сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны перанесьці рэфэрэндум аб незалежнасьці Данецкай і Луганскай абласьцей, абвешчаны на 11 траўня.

Таксама экспэрт адзначыў, што нават калі такі крок азначае зацішша перад новым ударам, канчаткова фармат стасункаў паміж Расеяй і Ўкраінай стане ясным толькі пасьля выбараў 25 траўня.

— Канстанцін Эдуардавіч, ці можна з учорашняй заявы прэзыдэнта Расеі зрабіць выснову, што ён кіруе людзьмі на ўсходзе Ўкраіны, якіх называюць прыхільнікамі фэдэралізацыі, сэпаратыстамі, «зялёнымі чалавечкамі»?

— Трэба дачакацца паседжаньня Рады Данецкай народнай рэспублікі, на якой будзе абмеркаваная прапанова Пуціна. Як я разумею, меркаваньні там разыходзяцца. У той час як сьпікеры Рады лічаць, што рэфэрэндум можа быць перанесены, галасаваньня на гэты конт яшчэ не было. А меркаваньні там розныя, і ня факт, што прапанова Пуціна будзе прынятая. Што да магчымага кіраваньня сэпаратыстамі, то я лічу, што Пуцін не кіруе, але дакладна ўплывае і ўзьдзейнічае. У тым ліку і праз інфармацыйную падтрымку. Але кіраваць гэтымі людзьмі досыць складана — перадусім таму, што шмат хто зь іх ставіцца вельмі нэгатыўна да дзейнага ў Расеі палітычнага рэжыму. Шмат хто зь іх настроены радыкальна і ў дачыненьні да ўкраінскай дзяржаўнасьці, і ў дачыненьні да Пуціна.

— Якія матывы заявы пра перанос рэфэрэндуму?

— Яны маглі быць самыя розныя. Напрыклад, разуменьне, што правесьці рэфэрэндум 11 траўня ў хоць крыху прыстойным выглядзе ня ўдасца, а значыць, інструмэнтам ціску ён быць ня зможа. Далёка ня ўсе раёны Данецкай і Луганскай абласьцей кантралююць так званыя прыхільнікі фэдэралізацыі ці сэпаратысты. Другі аргумэнт — гэта разуменьне наступстваў для расейскай эканомікі ў выніку далейшай эскаляцыі канфлікту. Вось для Пуціна нарэшце прыйшоў момант, калі трэба вырашыць: ці ўводзіць войскі, ці ня ўводзіць. Ён прыняў рашэньне. І я скажу, што Пуцін цяпер зазнае крытыку з абодвух бакоў: украінскае кіраўніцтва лічыць, што ён гандлюе паветрам, а расейскія радыкальныя нацыяналісты ў асобе Ягора Халмагорава гавораць пра поўную капітуляцыю Расеі. Але я лічу, што крокі, якія робіць Пуцін з учорашняга дня, у большай ступені адпавядаюць інтарэсам памяркоўных, чым радыкалаў.

— Пуцін таксама сказаў пра адвод войскаў ад мяжы з Украінай. Але яго словы адразу абверглі Пэнтагон і НАТО, якія сьцьвярджаюць, што адводу не было. Выходзіць, Пуцін хлусіць...
Праблема ў тым, што кожны бок па-свойму разумее паняцьце «адвод войскаў». Адны, магчыма, лічаць, што іх трэба перакінуць у Сыбір, іншыя — што дастаткова перамясьціць на некалькі кілямэтраў

— Зразумела, што спраўдзіць месцазнаходжаньне войскаў вельмі лёгка пры дапамозе спадарожнікаў. Праблема ў тым, што кожны бок па-свойму разумее паняцьце «адвод войскаў». Адны, магчыма, лічаць, што іх трэба перакінуць у Сыбір, іншыя — што дастаткова перамясьціць на некалькі кілямэтраў. Тут зразумела толькі адно, што расейскае кіраўніцтва рашэньні прымае сытуатыўна, у залежнасьці ад абставінаў. Адсутнасьць значных посьпехаў у сэпаратыстаў у выглядзе кансалідацыі насельніцтва вакол іх таксама ўплывае. Я хачу сказаць, што насамрэч Пуцін у нашмат большай ступені закладнік грамадзкай думкі і ў Расеі, і за яе межамі, чым пра гэта можна было меркаваць. Нехта лічыць гэта тактычным адступленьнем перад нанясеньнем наступнага ўдару. Але ў любым разе, нават калі гэта кароткатэрміновы перапынак, трэба радавацца, што вайна не пачалася ўчора. Таму што гэты перапынак дае надзею на тое, што сытуацыя будзе ўрэгуляваная.

— Ацаніце заяву Пуціна пра прэзыдэнцкія выбары. Гэта шчырая заява ці складовая частка торгу?

— Торг у любым разе ідзе. У гэтым выпадку Пуцін, гаворачы пра важнасьць выбарных працэдураў, сказаў тое, што можа трактавацца па-рознаму. Паводле яго, выбары — гэта рух наперад, але застаецца пытаньне, наколькі будуць забясьпечаныя ўсе неабходныя ўмовы для свабоднага волевыяўленьня. Гэта засталося за дужкамі. Калі гаварыць пра лёс выбараў 25 траўня, то шмат будзе залежаць ад таго, ці пройдуць выбары па ўсёй тэрыторыі Ўкраіны, і ад таго, якія будуць першыя заявы і дзеяньні абранага прэзыдэнта. Ёсьць думка, што для Пуціна Юлія Цімашэнка ў якасьці прэзыдэнта была б зручнейшаю, а таксама — што тое, што робіцца для зрыву выбараў, робіцца з двух бакоў: Пуціным і Цімашэнкай. Разам з тым яна яўна прайграе Пятру Парашэнку. У любым разе глябальна пытаньне дачыненьняў Расеі і Ўкраіны будзе вырашацца ў канцы траўня, калі стане вядомы прэзыдэнт Украіны, а таксама праясьняцца магчымасьці і ўмовы для дыялёгу паміж нашымі краінамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG