Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марціна Углу выдварылі зь Беларусі


Марцін Угла ў менскім аэрапорце

Марцін Угла ў менскім аэрапорце

Беларускія памежнікі не змаглі адказаць на пытаньне швэдзкага праваабаронцы, ці сапраўды скончыўся ў Беларусі абвешчаны ўладай год гасьціннасьці.

Кіраўнік швэдзкай праваабарончай арганізацыі Östgruppen Марцін Угла, якога 7 траўня не пусьцілі ў Беларусь і трымалі пад вартай у транзытнай зоне аэрапорту, ужо знаходзіцца ў Вільні. Адтуль ён вяртаецца ў Стакгольм.

«Раніцай мяне пасадзілі на самалёт. Мне пажадалі прыемнага палёту. Праўда, не сказалі „Да пабачэньня“. Я, у сваю чаргу, запытаўся: ці значыць гэта, што год гасьціннасьці ў Беларусі ўжо скончыўся? Але памежнік зрабіў выгляд, што не разумее пытаньня», — кажа Марцін Угла ў інтэрвію Радыё Свабода.

«Начаваў я на канапе ў пакоі, які знаходзіцца ў транзытнай зоне. Гэта пакой для асобаў, якіх не пусьцілі на тэрыторыю Беларусі. Са мной былі яшчэ тры іранцы. Гэта не турэмная камэра, а асобная заля, якую ахоўваюць. За мной назіралі тры ахоўнікі — глядзелі, каб я ня ўцёк», — распавёў Угла.

За суткі Углу два разы пакармілі канапкамі, якімі звычайна частуюць пасажыраў авіярэйсаў.

«Супрацоўнік „Белавія“, які прыносіў канапкі, зьдзівіўся, што я валодаю беларускай мовай», — адзначае праваабаронца.

Марцін Угла паведаміў, што яму так і не патлумачылі, чаму не пусьцілі ў Беларусь:

«Мне проста заявілі, што я знаходжуся ў сьпісе асобаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю краіны. Я папрасіў патлумачыць сутнасьць гэтай фармулёўкі, аднак яны адмовіліся. Яны таксама адмовіліся даць мне дакумэнт, які патлумачыў бы прычыны забароны».

Угла кажа, што адзінае сьведчаньне ягонай няўдалай вандроўкі ў Менск — гэта пячатка ў пашпарце пра тое, што яму забаронены ўезд на тэрыторыю Беларусі.

Праваабаронца прызнае, што трапіць у Беларусь яму бліжэйшым часам «нерэальна»:

«Але я хачу пабываць у Беларусі і, натуральна, буду спрабаваць гэта зрабіць. Я ня буду маўчаць і ня буду спыняць крытыку за парушэньне правоў чалавека», — заявіў Марцін Угла ў інтэрвію Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG