Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маратон салідарнасьці з Украінай: За ёй можа быць Беларусь і далей па сьпісу


На маратоне салідарнасьці з Украінай выступіла беларуска ўкраінскага паходжаньня Тацяна Зялко.
На маратоне салідарнасьці з Украінай выступіла беларуска ўкраінскага паходжаньня Тацяна Зялко.

У Менскай штаб-кватэры БНФ адбыўся маратон салідарнасьці з украінскім народам, які зладзіў беларускі грамадзкі камітэт салідарнасьці з Украінай.

На маратон прыйшлі грамадзкія дзеячы і актывісты, якім неабыякавыя падзеі ва Ўкраіне і хто хоча падтрымаць украінскі народ, які змагаецца за адзінства і незалежнасьць сваёй дзяржавы.

«Майдан ва Ўкраіне адбыўся не толькі таму, што ўкраінцы гэтак захацелі ў Эўропу. Палова ўкраінцаў да яе ніколі не дабяруцца і ня асабліва туды зьбіраюцца. Украінцы хочуць жыць вольна і годна, каб імі не грэбавалі свае ўлады, а тым больш улады Расеі», — казала на маратоне Тацяна Зялко, грамадзянка Беларусі, па-паходжаньні ўкраінка, якая часта бывае ва Украіне, ў тым ліку была на Майдане, дзе ёй гумавай куляй прастрэлілі куртку.

Тацьцяна распавядала пра характар украінцаў, якія, паводле яе, не адступяць перад агрэсарам з усходу. Актывістка Майдану выступала на маратоне па-украінску і выказалася таксама пра моўнае пытаньне. «Мае дзеці ужо горш валодаюць украінскай мовай, яны, калі мы едзем ў Роўна, размаўляюць з усімі па-расейску. Але ніводнага разу ім ніхто слова не сказаў супроць гэтага», — зазначыла Тацяна Зялко.

Вядомы кінасцэнарыст, публіцыст Уладзімер Халіп мяркуе, што Расея зараз спрабуе захапіць ня толькі Украіну.

«Гэта вайна з Эўропай, з усім цывілізаваным сьветам, якую вядзе імпэрыя. Наступнымі ў сьпісе на „абарону расейскамоўных“ могуць быць Беларусь, краіны Прыбалтыкі і далей па сьпісе. Трэба гэта разумець і рыхтавацца да такіх падзей», — мяркуе Ўладзімер Халіп.

Вядомы рэжысэр-дакумэнталіст Юры Хашчавацкі даслаў для прагляду на маратоне відэаролік з цыклю «Тэатар вайсковых дзеяньняў». Юры Хашчавацкі, які сам паходзіць з Адэсы, выкрывае ў сваёй новай працы хлусьню тэлепрапаганды, зробленай на тле трагічных падзеях ў Адэсе 2 траўня. Рэжысэр далучыў свой голас да кампаніі салідарнасьці з Украінай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG