Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марцін Угла: Мне прапанавалі, каб я набыў квіток да Кіева


швэдзкі праваабаронца Марцін Угла на менскім лётнішчы

швэдзкі праваабаронца Марцін Угла на менскім лётнішчы

Кіраўніка швэдэкай праваабарончай арганізацыі Östgruppen Марціна Углу, які хацеў наведаць Беларусь, затрымалі ў транзытнай зоне нацыянальнага аэрапорта «Менск-2».


Па тэлефоне зь ім пагутарыў карэспандэнт Свабоды.

Дзе цяпер знаходзіцца праваабаронца, што яму тлумачаць памежнікі?

«Я знаходжуся ў аэрапорце „Менск-2“ у транзытным аддзяленьні. Мяне спынілі пры пашпартным кантролі. Мне патлумачылі, што маё прозьвішча ёсьць у сьпісе непажаданых людзей. І таму мне забаронены ўезд у Беларусь. Я прыляцеў у 12.40 і ад таго часу вось ужо некалькі гадзінаў чакаю. Яны зараз вырашаюць як быць з дэпартацыяй, наколькі я разумею. Як мне здаецца, пакуль нічога не вырашылася».

Карэспандэнт: «Вам сказалі браць квіток, ляцець дахаты?»

Угла: «Справа ў тым, што наступны рэйс да Стакгольма чакаецца толькі праз два дні. Мне прапанавалі, каб я набыў квіток да Кіева. Але я не лічу, што мне трэба ляцець да Кіева. Я лічу, што гэта ўсё ж іх адказнасьць арганізаваць гэтую дэпартацыю. Да таго ж я сяджу тут без магчымасьці бачыць гэты расклад руху самалётаў. Таму я тут чакаю. А чыноўнікі, відаць, чакаюць загаду зьверху як вырашыць сытуацыю. Я, канечне, гатовы ехаць дахаты, калі не пускаюць у Беларусь. Але лічу, што гэта ўсё ж іх адказнасьць усё гэта неяк арганізаваць».

Карэспандэнт: «Вас трымаюць у аэрапорце не першую гадзіну, у якіх умовах вы там знаходзіцеся і як сябе адчуваеце?»

Угла: «Тут даволі вялікі пакой. Тут знаходзіцца яшчэ некалькі чалавек, якія таксама чакаюць, якіх таксама па нейкай прычыне не ўпусьцілі. Тут ёсьць канапа, дзе можна сядзець, прыбіральня. Прынесьлі бутэрброды і ваду. Апроч гэтага нічога тут няма. Ёсьць тэлевізар, але выключаны. Даволі такі сур’ёзны, сумны пакой, хаця ўмовы ўсё ж прымальныя».

Карэспандэнт: «А вы ехалі ў Менск на чэмпіянат, якая была мэта?»

Угла: «Так, я маю квіток на хакейны матч, швэдзкая каманда таксама гуляе. Я маю менавіта на матч у суботу. І таксама хацеў бы скарыстацца магчымасьцю наведаць Беларусь, бо я тут не быў ужо 8 гадоў з-за таго, што адмовілі ў візе. А калі абяцалі, што цяпер чэмпіянат і будзе бязьвізавы рэжым, я вырашыў паехаць і пабачыць наколькі гэта абяцаньне рэальнае. Атрымліваецца ў рэшце рэшт не так добра, як абяцалі. Відавочна, што яны не хочуць тут бачыць людзей, якія гатовы крытыкаваць улады за парушэньні правоў чалавека. І мы ўжо бачылі цягам апошніх дзён як ідзе эскаляцыя, затрымліваюць актывістаў. Гэта тая ж гульня, каб замежнікі не атрымалі інфармацыю ад беларускіх актывістаў. І яны таксама хочуць, каб замежныя праваабаронцы і іншыя людзі, якія добра ведаюць сытуацыю ў краіне, не прыехалі і не маглі садзейнічаюць распаўсюду інфармацыі пра сытуацыю ў краіне».

Карэспандэнт: «Якія вашы ўражаньні ад перадхакейнай Беларусі, ці чакалі вы такой сустрэчы?»

Угла: «У пэўным сэнсе мы папярэджвалі, што такое можа адбывацца перад і падчас чэмпіянату ў Беларусі. У той жа час я крыху спадзяваўся, што менавіта падчас чэмпіянату ўсё ж, магчыма, будзе крыху больш адкрыта, не такія моцныя рэпрэсіі. Наогул тое, што адбываецца цяпер, гэта насамрэч сапсуе рэпутацыю, імідж краіны. А вось мэта правядзеньня чэмпіянату сьвету па хакеі гэта наадварот, каб павялічыць імідж краіны і ўладаў. Таму, канечне, тое, што цяпер адбываецца са мной, у гэтым сэнсе гэта кепска. І тое, што адбылося з актывістамі, гэта намнога жахлівей, тое, што многа людзей арыштоўваюць перад чэмпіянатам. Важна, каб інфармацыя дайшла да людзей за мяжой. Я маю пастаянную сувязь са швэдзкімі калегамі і журналістамі і ведаю, што ў Швэцыі шмат пра гэта гавораць. І гэта, канечне, таксама цяпер псуе імідж беларускіх уладаў».

Карэспандэнт: «А што будзе з вашым квітком на матч?»

Угла: «Я не ведаю. Я чуў на пашпартным кантролі, што нібыта квіток гэта аднаразовы дакумэнт, які потым губляе сваю валіднасьць. Але не ведаю, яны забралі і мой пашпарт, і мой квіток. Таму, відаць, там будзе пустое крэсла падчас матчу альбо нехта іншы забярэ гэтае месца. Я не ведаю».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG