Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мая Кацыянчыч: афіцыйныя асобы ЭЗ не паедуць на чэмпіянат у Менску


Напярэдадні адкрыцьця чэмпіянату сьвету па хакеі ў Менску Радыё Свабода пацікавілася ў прэсавай сакратаркі кіраўніцы зьнешняй палітыкі Эўразьвязу Кэтрын Эштан Маі Кацыянчыч, як Эўразьвяз ставіцца да правядзеньня чэмпіянату ў Беларусі.

РС: У пятніцу пачынаецца Чэмпіянат сьвету па хакеі ў Менску. Гэта — найвялікшая спартовая падзея за часы кіраваньня Лукашэнкі. Тым часам, у беларускіх турмах застаюцца палітвязьні, якія дагэтуль ня выпушчаныя. Як Эўрапейскі Зьвяз, у прыватнасьці Эўракамісія, ставяцца да правядзеньня гэтага турніру ў Менску?

Кацыянчыч: Мы гаворым аб спартовай падзеі, якая арганізаваная Міжнароднай і Беларускай нацыянальнай фэдэрацыямі хакею. Гэта нешта, што знаходзіцца па-за кампэтэнцыяй Эўразьвязу. Але Эўрапейскі Зьвяз вядзе вельмі ясную палітыку адносна Беларусі. Пасьля правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў у 2010 годзе ў краіне былі ўжытыя шэраг рэпрэсіўных захадаў, пасьля чаго 240 пэрсонаў былі ўключаныя ў сьпіс, супраць каго Эўразьвяз увёў санкцыі. Пазыцыя Эўразьвязу ў гэтым пытаньні застаецца нязьменнаю: усе палітычныя вязьні павінны быць неадкладна вызваленыя і рэабілітаваныя. Гэта будзе мець пазытыўны ўплыў на нашы дачыненьні. Што тычыцца чэмпіянату, які набліжаецца, то мы інфармуем Міжнародную хакейную фэдэрацыю аб наяўнасьці праблемаў з правамі чалавека ў Беларусі і росьце нашай заклапочанасьці адносна гэтага, але, зноў паўтараю, гэта спартовая падзея, арганізаваная нацыянальнай хакейнай фэдэрацыяй...

РС: Хто з афіцыйных асобаў Эўразьвязу зьбіраецца наведаць чэмпіянат у Менску?

Кацыянчыч: Я не валодаю інфармацыяй аб тым, што нехта з высокіх прадстаўнікоў Эўразьвязу зьбіраецца браць удзел у адкрыцьці гэтага турніру ці паедзе ў Менск паглядзець на гульні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG