Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці існуе ў беларусаў нацыянальны нэрв?


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Мяне вельмі ўразіў хуткі пераход расейскага грамадзтва зь сьпячага стану ва ўзбуджаны.

Няхай сабе масавыя дэманстрацыі ў падтрымку Пуціна арганізоўваюцца ўладамі. Але, паводле сацыёлягаў, 80% расейцаў падтрымліваюць дзеяньні РФ ва Ўкраіне.

Праблема несвабодных выбараў два гады таму ўсхвалявала і вывела на вуліцы толькі маскоўскую інтэлігенцыю. І тэма карупцыі не ўзбудзіла Расею. Але з дапамогай тэлеканалаў улады зачапілі нацыянальны нэрв, апэлявалі да вялікадзяржаўнага шавінізму, закранулі імпэрскія комплексы. І народ абудзіўся, «Расея ўстала з калень» і гатовая ваяваць з усім сьветам.

Ва Ўкраіне падчас Майдану таксама адбыўся ўздым нацыяналістычнай хвалі. Але з зусім іншымі наступствамі. Вынікам гэтай хвалі стаў раскол Украіны. Бо розныя часткі насельніцтва ў залежнасьці ад рэгіёна вызнаюць розную ўкраінскую ідэнтычнасьць. Этнакультурны нацыяналізм успрымаюць толькі заходнія і цэнтральныя вобласьці. А на ўсходзе і поўдні Ўкраіны дамінуе хутчэй дзяржаўніцкая ідэнтычнасьць.

У зьвязку з украінскай драмай лягічна паўстае пытаньне: што можа ўзбудзіць беларусаў? Ці існуе такі нэрв, націснуўшы на які, можна прывесьці беларускае грамадзтва ва ўзбуджаны стан? Ці, як кажуць некаторыя пэсымісты ў сацыяльных сетках, гэтае грамадзтва разбудзіць немагчыма нічым, нават атамнай бомбай?

Некаторыя экспэрты кажуць, што толькі сацыяльна-эканамічныя фактары могуць вывесьці беларусаў зь летаргічнага сну. Але быў 2011 год, фінансавы крызіс. Тады насельніцтва хвалявалася, нэрвавалася, але ўсё абмежавалася спажывецкім ажыятажам. У вулічных акцыях падчас кампаніі «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» ўдзельнічала няшмат людзей.

А ці можа ўзбудзіць беларусаў нацыянальнае пытаньне? Ва ўсім сьвеце ва ўсе эпохі самы лёгкі спосаб узбударажыць народ — гэта зачапіць нацыянальныя ці рэлігійныя пачуцьці.

Нельга сказаць, што ў беларусаў адсутнічае нацыянальная ідэнтычнасьць. Але для большасьці грамадзтва яна не этнакультурная, а дзяржаўніцкая. Прыкладна такая, як на паўднёвым усходзе Ўкраіны. То бок адметнасьць беларусаў выяўляецца не ў асаблівасьцях мовы культуры, гісторыі. Бо, як любіць казаць Лукашэнка, — мы з расейцамі адзін народ, «мы такія ж рускія, толькі з знакам якасьці».

Звычайна, калі распадаюцца імпэрыі, то былыя калёніі, дзеля ідэалягічнага абгрунтаваньня свайго права на ўласную дзяржаўнасьць і незалежнасьць, імкнуцца як мага хутчэй адмежавацца, дыстанцыявацца ад імпэрскага цэнтру, ад мэтраполіі. Маўляў, мы іншыя, у нас свая гісторыя, культура і г.д. Калі ЗША адваёўвалі незалежнасьць, амэрыканскія каляністы даводзілі, што мы не ангельцы, мы амэрыканцы. Невыпадкова ўсе нацыянальныя рухі на постсавецкай прасторы насілі і носяць антырасейскі характар.

І толькі ў Беларусі, калі казаць пра дзяржаўную палітыку (бо беларускі этнакультурны нацыяналізм таксама антырасейскі), гэтае правіла не спрацавала. Рэжым Лукашэнкі ў ідэалягічным сэнсе прэзэнтуе сябе як нашчадак былой імпэрыі, то бок СССР. Ленін і Сталін — сымбалі нашага народу, кажа Лукашэнка. То бок, паводле афіцыйнага дыскурсу, мы беларусы не таму, што мы іншы народ, а таму, што ў нас іншая дзяржава, прычым, дзякуючы Лукашэнку, лепш уладкаваная, чым у суседзяў — тут парадак і стабільнасьць.

23 гады, у пэрыяд неразьбярыхі пасьля краху СССР, такая ідэалягічная мадэль працавала. Але вось цяпер Расея «ўстала з калень» і абвясьціла новую замежнапалітычную дактрыну. Масква ўзяла курс на абарону «рускага сьвету» і кантроль над ім.

І вось тут лукашэнкаўскі рэжым трапляе ў пэўную ідэалягічную пастку. Калі мы адзін народ, то навошта патрэбна існаваньне незалежнай беларускай дзяржавы? — кажуць русафілы і панславісты. Бо Беларусь у пляне нацыянальнай ідэнтычнасьці — гэта такі вялікі Крым.

Значная частка беларусаў падтрымала Расею ў яе палітыцы адносна Ўкраіны, яны вераць расейскім тэлеканалам. І калі Масква захоча літаральна далучыць Беларусь да «Рускага сьвету», то дзе знайсьці ідэалягічнае апірышча дзеля супраціву?

Гэта праблема і для беларусаў як соцыюму, і для дзейнага рэжыму. Лукашэнка адным зь першых адчуў небясьпеку. І, выступаючы з пасланьнем у Нацыянальным сходзе, ён фактычна абвясьціў вайну на два фронты: і супраць празаходняй апазыцыі, і супраць прарасейскіх «заходнерусістаў», назваўшы апошніх «адмарозкамі» і «дывэрсантамі». Прычым апошнія цяпер нават больш небясьпечныя. Таму задушана спроба Касьцяна стварыць панславісцкую партыю. «Не рэкамэндаваныя» георгіеўскія стужкі.

Але гэтага мала. Трэба перабудоўваць увесь ідэалягічны канструкт, рабіць стаўку на этнакультурны нацыяналізм. Але ці адважыцца Лукашэнка на гэта?


07.05. 2014. г.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG