Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Куды дрэйфуе беларускі савецкі нацыяналізм


Севярын Квяткоўскі

Севярын Квяткоўскі

Inesa Kuryan: – Злавіла сябе на думцы, што калі б цяпер хтосьці захацеў зрываць паўсюль разьвешаныя чырвона-зялёныя сьцягі, каб іх замяніць на расейскія – я б абурылася.

***

14 траўня спаўняецца 19 гадоў як мы жывем пад абноўленай савецкай сымболікай. На першыя ўгодкі рэфэрэндуму, пасьля якога зьмянілі шэраг законаў, у тым ліку пра нацыянальныя сымбалі, газэта «Наша Ніва» на першай паласе зьмясьціла фотаздымак Аляксандра Лукашэнкі на фоне простых вясковых людзей з саркастычным трасянкавым подпісам: «Пабядзілі...».
Пакінутае рэдакцыяй трохкроп'е загалоўка сёньня ажывае канкрэтнымі сэнсамі.

Што перамаглі ў 1995 годзе людзі, якія прагаласавалі за вяртаньне савецкіх правілаў і сымбаляў? Яны перамаглі новую рэальнасьць, новыя адносіны, новыя пэрспэктывы і новыя небясьпекі.

Яны не хацелі новага, яны хацелі сваё роднае звыклае. Покрык хіжага, але справядлівага начальства, веру ў тое, што будуць заўжды абароненыя звышсіламі гэтага самага начальства. Яны не хацелі ў «непанятную Яўропу».

І гэтых людзей можна зразумець. Зь іх сацыяльнымі і прафэсійнымі досьведамі ў Эўропе яны б гралі выключна трэція-чацьвертыя ролі.

Але ж гэта нашы, беларускія людзі, якія любяць сваю зямлю, сваю краіну, жадаюць усім дабра. Проста па-свойму, як звыкліся.

А яшчэ звыкліся, што ворагі – на Захадзе, сябры – на Ўсходзе.

Мы – прайгралы бел-чырвона-белы бок – назіраем. Займаемся як можам сваімі «яўрапейскімі» справамі, і сочым.

Спачатку бачым рэгулярныя раздачы расейскі сьцяжкоў беларускім кіроўцам. Гэта яшчэ да ўкраінскай вайны. А вось цяпер можна ўбачыць расейскі сьцяжок на беларускім прыватным доме: Барысаў, прыватны сэктар.

І тут жа адначасова бачым, як дзяржава нэрвова і сьпешна выдаляе зь візуальнай прасторы «георгіеўскія», чытай – расейскія стужкі.

Калі ў 1995-м была перамога над нацыянальна і па-эўрапейску арыентаванай часткай суайчыньнікаў, то цяпер пераможцы бароняцца – ад расейскай ідэалягічнай інтэрвэнцыі.

Калі ў 1995-м прыхільнікаў Б-Ч-Б варыянту разьвіцьця краіны вінавацілі ў нацыяналізме, то цяпер самі чырвона-зялёныя пераможцы робяцца нацыяналістамі: бароняць тое, што лічаць сваім родным, важным, жыцьцядайным.

Мы – людзі Б-Ч-Б – назіраем.

Я бачу, як на ўкраінска-расейскіх падзеях у Беларусі зьяўляецца новая апазыцыя ўладзе – прарасейская.

Кульбіты і неверагодныя загібы сьвядомасьці нашых суайчыньнікаў цудоўна ілюструе выказваньне чытача газэты «Народная Воля», якое цытуе шэф-рэдактар Сьвятлана Калінкіна:

– Усё-ткі вы прадаліся Лукашэнку. Цяпер вы, як і ён, за Ўкраіну. Вельмі шкада. Зусім сталася чытаць няма чаго.

Куламеса ў галовах поўная ў прынцыпе, а тут яшчэ словы і справы колішняга пераможцы-прэзыдэнта разыходзяцца з пазыцыяй расейскіх СМІ. Але выбіраць давядзецца: ты за Расею ці за Лукашэнку?

Мы стаім глядзім. Можа, за нас?

Працытаваны на пачатку тэкст ад Inesa Kuryan – гэта камэнтар да майго іранічнага выказваньня ў фэйсбуку: «Бачу, уздымае галаву беларускі савецкі нацыяналізм».

Нацыяналізм – абарончая рэакцыя на зьнешні гвалт. Калі ты баронісься. І вось тыя, хто «пабядзіў» нас – беларускіх «буржуазных» нацыяналістаў («буржуазны» як антонім «савецкаму», тэрміналёгія яшчэ з бальшавіцкіх часоў), самі цяпер апынаюцца ў сытуацыі, калі трэба бараніцца ад зьнешняга ціску.

Стаім – глядзім. А што рабіць?

Досыць хутка мы пабачым наколькі сур'ёзна нашая чырвона-зялёная ўлада разумее пагрозу з Расеі. Магчымыя новыя прызначэньні ў войску, спэцслужбах і Белдзяржтэлерадыё? Магчымае падразаньне перадач расейскіх тэлеканалаў? Магчыма, штосьці новае на экранах БТ і ў сярэдніх школах пра веліч беларускай гісторыі, напрыклад, фільмы і імпрэзы да 500-х угодкаў Аршанскай бітвы. І ўрэшце сьледам за «Пагоняй» прызнаньне Б-Ч-Б гісторыка-культурнай каштоўнасьцю.

У такім выпадку варта і далей стаяць на пагорку, і глядзець, як у даліне б'юцца два тыгры. То бок, проста далей рабіць сваю справу. Бо панятак «беларускі савецкі» пачне дрэйфаваць у проста «беларускі».

А пра іншыя варыянты пакуль нічога ня сьведчыць. Прынамсі, вонкава.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG