Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ўлагоджвае Мядзьведзева


Аляксандар Лукашэнка і Дзьмітры Мядзьведзеў

Аляксандар Лукашэнка і Дзьмітры Мядзьведзеў

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка 7 траўня ў Маскве сустрэўся з расейскім прэм’ерам Дзьмітрыем Мядзьведзевым.

Візыт у расейскую сталіцу працягнецца і заўтра. 8 траўня Уладзімер Пуцін пакажа некаторым калегам з СНД, сярод якіх будзе і Лукашэнка, як у Расеі кіруюць Узброенымі сіламі.

На сустрэчы зь Мядзьведзевым Лукашэнка зрабіў публічны камплімэнт свайму візаві. Ён нагадаў, што менавіта Мядзьведзеў, будучы прэзыдэнтам Расеі, ставіў свой подпіс пад дамовай аб стварэньні Мытнага саюзу. «І калі б тады не жаданьне і воля Расеі, нашага саюзу б не было», — дадаў кіраўнік Беларусі. Ён зноў казаў, што паміж Беларусьсю і Расеяй няма невырашальных пытаньняў: «Але нам трэба толькі не спыняцца і рухацца наперад».

За гэтымі словамі Лукашэнкі аналітык Лібэральнага клюбу Антон Болтачка бачыць ягоную згоду на падпісаньне Беларусьсю ў Астане дамовы аб Эўразійскім саюзе. Але толькі пры ўмове атрыманьня з Масквы пэўных бонусаў:
«Пытаньне тут, у якім памеры гэтыя бонусы будуць выдадзеныя. Таму Лукашэнка і паехаў у Маскву — вызначыць памеры і форму гэтых бонусаў. І з улікам ягоных сёньняшніх выказваньняў можна меркаваць, што ўжо яўна вызначана альбо тое, альбо другое. А можа, нават і адно, і другое.

Тое, што Лукашэнка 29 траўня падпіша інтэграцыйны праект, гэта дакладна.

І зараз застаецца толькі дачакацца, які падарунак вэтэранам Аляксандар Рыгоравіч прывязе на 9 траўня. Цалкам верагодна, што гэта будзе новы транш ад Расеі, якая абяцала нам два мільярды даляраў».

Сытуацыя ва Ўкраіне — адна з галоўных тэмаў сустрэчы расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна з кіраўнікамі шэрагу краін СНД. «Безумоўна, сытуацыя ва Ўкраіне будзе фігураваць у першых радках парадку дня», — паведаміў прэсавы сакратар Пуціна Дзьмітры Пяскоў.

Камэнтуючы гэтыя словы, палітоляг Алесь Лагвінец адзначае:
Алесь Лагвінец

Алесь Лагвінец

«Расея шукае падтрымкі краін СНД у сваёй агрэсіі супраць Украіны. Таму яна спрабуе мабілізаваць гэтыя краіны. Ёсьць пакет двухбаковых пагадненьняў паміж Беларусьсю і Расеяй. Пуцін вельмі чакае, што Лукашэнка падпіша дамову аб Эўразійскім эканамічным саюзе. Таму і будуць ісьці далейшыя абмеркаваньні».

Невядома, ці ўсіх кіраўнікоў краін Садружнасьці Ўладзімер Пуцін запрасіў у Маскву. Дзьмітры Пяскоў пакуль называе толькі Армэнію, Беларусь, Кіргізстан і Таджыкістан. Між тым у СНД сёньня разам з Украінай 11 дзяржаваў. Украіна, праўда, ужо падала дакумэнты на выхад з Садружнасьці. Аднак паводле статуту СНД гэтая працэдура займае год.

Магчыма, некаторыя прэзыдэнты зьявяцца ў Маскве 8 траўня. Менавіта ў чацьвер, як паведамляе крамлёўская прэсавая служба, «у рамках дадзенага мерапрыемства заплянаваная прысутнасьць лідэраў на трэніроўцы па кіраваньні Ўзброенымі сіламі Расейскай Фэдэрацыі».

Алесь Лагвінец згадвае, што, напрыклад, той жа Азэрбайджан галасаваў у ААН за рэзалюцыю, якая асуджае расейскую анэксію Крыму:

«Тое, што лідэры ня ўсіх краін СНД зьявіліся ў Маскве, паказвае: СНД фактычна была выключана з канфлікту. Расея дзейнічала аднабакова. І сёньня Садружнасьць расколатая ў сваім стаўленьні да расейскай палітыкі адносна Ўкраіны».
XS
SM
MD
LG