Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хакей з папраўкай на аўтарытарны рэжым


Хакеіст Лукашэнка ў «Svenska Dagbladet»

Хакеіст Лукашэнка ў «Svenska Dagbladet»

У Менск зьяжджаюцца нацыянальныя зборныя, якія возьмуць удзел у хакейным чэмпіянаце сьвету. Некаторыя каманды першым чынам выправяцца ў дыпляматычныя прадстаўніцтвы сваіх краінаў, дзе атрымаюць інструкцыі, як варта паводзіць сябе ў апошняй эўрапейскай дыктатуры, каб ня стаць міжвольнымі ўдзельнікамі прапагандысцкай кампаніі аўтарытарнай беларускай улады. У прыватнасьці, такую сустрэчу ў сваёй амбасадзе ў Менску правядуць хакеісты зборнай Швэцыі.

Найбуйнейшае швэдзкае выданьне «Svenska Dagbladet» друкуе матэрыял пад назвай «Кароны сядуць за школьныя парты». Гульцам каманды Швэцыі, якія акурат сёньня вылятаюць у Беларусь, будзе агучаная своеасаблівая памятка пра паводзіны:

«Наша каманда выпраўляецца на чэмпіянат, які будзе праходзіць у жорстка рэпрэсіўнай Беларусі, — піша журналіст Томас Бэнгтсан. — Таму хакеістам давядзецца атрымаць інфармацыю пра тое, як рэагаваць на непрадказальныя сытуацыі».

Беларуская прывязка артыкула відаць ужо па характэрнай фотаілюстрацыі, на якой Аляксандар Лукашэнка ў хакейнай форме, а подпіс — «Прэзыдэнт Беларусі вельмі любіць гуляць у хакей». У артыкуле распавядаецца, як гульцам паводзіць сябе ў мала вядомай ім краіне:
Наша каманда выпраўляецца на чэмпіянат, які будзе праходзіць у жорстка рэпрэсіўнай Беларусі


«Пры канцы гэтага тыдня пачынаецца чэмпіянат сьвету ў Беларусі, якую называюць апошняй дыктатурай Эўропы, — працягвае выданьне. — Гэта прэстыжны праект для прэзыдэнта Лукашэнкі, які жалезнай рукой кіруе дзяржавай ад 1994 году і вельмі цікавіцца хакеем. Па словах апазыцыйных палітыкаў і змагароў за правы чалавека, ён хоча выкарыстаць чэмпіянат дзеля таго, каб стварыць для ўсяго сьвету бачнасьць адзінства памкненьняў з народам, а сваім жыхарам паказаць, што ён мае падтрымку міжнароднай супольнасьці».

Паводле газэты, праваабаронцы на Захадзе не аднойчы заўважалі, што, магчыма, з замежных гульцоў улады будуць спрабаваць «выцягнуць» выказваньні, якія потым пачнуць выкарыстоўвацца ў якасьці прапаганды ў СМІ, падкантрольных дзяржаве. Таму спартоўцаў засьцерагаюць ад залішніх кантактаў з прапагандыстамі.

Тым часам капітан швэдаў Пэр Мортс падкрэсьлівае ў інтэрвію, што ў каманды будзе асаблівая палітыка ў адносінах да таго, па якіх пытаньнях можна выказвацца, а па якіх — не. Як ён кажа, хакеісты «Трэ Крунур» павінны атрымаць інфармацыю, дакладна сфармуляваную швэдзкай Фэдэрацыяй хакею і «завізаваную» яе кіраўніком Крыстэрам Энглундам — прычым яшчэ да ад’езду са Швэцыі. У гэтай «інструкцыі» адлюстраваныя моманты, якія тычацца стану рэчаў у Беларусі. Ужо ў Менску каманда таксама сустрэнецца з прадстаўнікамі швэдзкай амбасады: «Практычна адразу пасьля прылёту ў Беларусь мы правядзём такую сустрэчу», — пацьвердзіў капітан.

Форвард Мікаэль Баклунд кажа, што чакае візыту ў амбасаду «зь нецярплівасьцю», бо абсалютна ня ў курсе, што адбываецца ў Беларусі, і нядрэнна было б атрымаць пэўныя зьвесткі. А вось варатар швэдаў Ёхім Эрыксан кажа, што ня думае пра магчымыя палітычныя складанасьці: «Нічога пра гэта ня ведаю, я еду туды, каб гуляць у хакей, і хачу зрабіць гэта як мага лепш». Як рэзюмуе Пэр Мортс, наўрад ці хакеісты будуць выказвацца наконт палітычных працэсаў увогуле, бо гэтым мусяць займацца палітыкі.

Ці трэба спартоўцам адмяжоўвацца ад палітычных падзеяў, робячы выгляд, што, апроч хакейных баталіяў, навокал нічога не адбываецца? Вядомы швэдзкі журналіст Пэр Энэруд, які працаваў уласным карэспандэнтам Швэдзкага тэлебачаньня спачатку ў СССР, а потым у Расеі, выказаў Свабодзе меркаваньне: наўрад ці да «інструктажу» хакеістаў як у Стакгольме, так і ў Менску трэба ставіцца з завышанымі чаканьнямі:

«Гэта ня толькі таму, што справа тычыцца канкрэтна Беларусі, практычна заўсёды так робіцца. Некалькі гадоў таму футбольная зборная Швэцыі гуляла з Малдовай і Азэрбайджанам, і таксама каманду папярэдне падрыхтавалі. Скажам так, не палітычна, а проста гістарычна, культуралягічна: ну, што насамрэч уяўляе сабой Малдова, Азэрбайджан? У дадзеным выпадку — што такое Беларусь? Я думаю, што людзі, якія на такім узроўні займаюцца спортам, яны не заўсёды ў першую чаргу аддаюць вялікую ўвагу геаграфіі, гісторыі аддаленых дзяржаваў. Таму тут мэта найперш практычная: даць ім нейкія элемэнтарныя зьвесткі. Я б нават сказаў — аддаць даніну павагі дзяржаве-гаспадыні спартовага мерапрыемства. Таму лічу, што тут няма акрэсьленага палітычнага падтэксту». Журналіст Пэр Энэруд

Журналіст Пэр Энэруд


У сваю чаргу, швэдзкі Інстытут падвышэньня кваліфікацыі журналістаў FOJO, зь якім Пэр Энэруд шчыльна супрацоўнічае, наладзіў адукацыйныя курсы для мэдыяў, якія маюць накіраваць сваіх прадстаўнікоў на асьвятленьне хакейнага чэмпіянату сьвету ў Менск. Пра што менавіта расказвалі слухачам у прывязцы да Беларусі?

«Я б сказаў, што ўзровень ведаў пра Беларусь сярод швэдзкіх журналістаў надзвычай маленькі, нізкі. Таму яны таксама маюць патрэбу ў нейкай інфармацыі пра гісторыю краіны, пра яе цяперашні стан. Найперш, што гэта гісторыя самастойнай краіны, не абавязкова зьвязанай з Расеяй, як многія сабе ўяўляюць. Мала таго, варта данесьці, што Беларусь і Швэцыя калісьці былі нават аб’яднаныя пад адной каронай — калі дакладней, то на пачатку XVII cтагодзьдзя. Абсалютна відавочна, што пра гэта таксама ня ўсе нават здагадваюцца. У прынцыпе, я лічу, што чым больш сустрэч будзе паміж беларусамі і швэдамі, тым лепш. У тым ліку дзеля таго, каб пры дапамозе швэдзкіх журналістаў швэдзкае грамадзтва магло пабачыць, як выглядае Беларусь, якое яе месца ў сучасным сьвеце, і ўжо потым самастойна скласьці пэўнае ўражаньне ад гэтай краіны. Асабіста я лічу, што гэта важна».

Тым часам газэта «Svenska Dagbladet» нагадвае сваім чытачам: калі ў 2009 годзе Міжнародная фэдэрацыя хакею дала права на правядзеньне чэмпіянату сьвету-2014 Менску, Аляксандар Лукашэнка пачаў дэманстраваць Захаду мякчэйшую ўнутраную і зьнешнюю палітыку. Аднак неўзабаве зноў стаў жорсткім дыктатарам, паказаўшы ўсяму сьвету сваю сапраўдную сутнасьць.
XS
SM
MD
LG