Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замежныя праваабаронцы патрабуюць спыніць «хакейныя зачысткі» ў Менску


Праваабарончыя арганізацыі Швайцарыі, Польшчы, Бэльгіі, Нямеччыны, Швэцыі, Чэхіі занепакоеныя арыштамі беларускіх грамадзкіх актывістаў напярэдадні чэмпіянату сьвету па хакеі і зьвяртаюцца ў гэтай сувязі да кіраўніцтва Міжнароднай хакейнай фэдэрацыі ды прэзыдэнта Беларусі.

У распаўсюджанай сёньня сумеснай заяве гаворыцца, што напярэдадні ЧС-2014, які пройдзе з 9 па 25 траўня ў Менску, рэжым Лукашэнкі дзейнічае «бязьлітасна ў дачыненьні да палітычнай апазыцыі ў краіне. У апошнія дні былі арыштаваныя на 5–25 сутак сама меней 20 беларускіх дысыдэнтаў. Праз гэткі ціск улады імкнуцца, каб на час першынства змоўклі ўсе крытычныя галасы краіны».

Аўтары заявы — прадстаўнікі міжнародных праваабарончых арганізацыяў — рашуча асуджаюць мэтавае турэмнае зьняволеньне апанэнтаў беларускага рэжыму:

«Мы заклікаем прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнку неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітычных зьняволеных і спыніць перасьлед палітычных дысыдэнтаў, — адзначаюць яны. — Таксама павінны быць неадкладна вызваленыя і 9 іншых, раней асуджаных палітвязьняў».

У заяве таксама гаворыцца, што напярэдадні хакейнага чэмпіянату беларускія ды менскія гарадзкія ўлады абвясьцілі пра пляны так званай ачысткі Менску ад «антыграмадзкіх элемэнтаў». Да гэтай катэгорыі належаць бяздомныя, алькаголікі ды прастытуткі. Звычайнай беларускай практыкай лічыцца накіраваньне нарка- ды алькагольназалежных за краты або ў спэцыяльныя працоўныя лягеры.

Аўтары заявы называюць падобныя зачысткі непрымальнымі і патрабуюць ад міжнароднай хакейнай фэдэрацыі неадкладнага ўмяшаньня ў адпаведныя намеры менскай гарадзкой адміністрацыі.

«Мы чакаем, — адзначаецца ў заяве, — што Рэнэ Фазэль дыстанцыюецца ад палітычна матываваных арыштаў праціўнікаў беларускага рэжыму Лукашэнкі ды будзе спрыяць іх неадкладнаму ды безумоўнаму вызваленьню. Міжнародная фэдэрацыя па хакеі праз сваю адпаведную палітыку нясе непасрэдную адказнасьць за цяперашнія падзеі ў Беларусі»

Праваабаронцы спадзяюцца, што фэдэрацыя ня стане на бок рэжыму, які перасьледуе сваіх грамадзян, ды будзе ўсяляк падтрымліваць ідэю справядлівасьці і правоў чалавека ня толькі ў галіне хакею.
Заяву падпісалі:

Libereco — Partnership for Human Rights (Швайцарыя)

Foundation for the Development of Democratic Initiatives (Польшча)

Helsinki Foundation for Human Rights (Польшча)

JEF Europe — Young European Federalists (Бэльгія)

Menschenrechte in Belarus e.V. (Нямеччына)

Östgruppen (Швэцыя)

People in Need (Чэхія)
XS
SM
MD
LG