Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Шынель» для Горадні ад польскага рэжысёра


Пётар Дамброўскі й Генадзь Мушпэрт
Пётар Дамброўскі й Генадзь Мушпэрт

Польскі рэжысёр Пётар Дамброўскі скончыў пастаноўку спэктакля «Шынель» у Гарадзенскім драмтэатры, прэм’ера адбудзецца 15 траўня.

На падставе вядомай «пецярбурскай» аповесьці Мікалая Гогаля п’еса была напісаная польскім паэтам Юліянам Тувімам. На расейскую яе пераклаў Генадзь Мушпэрт, галоўны рэжысэр гарадзенскага тэатру, а сцэну аформіў галоўны мастак Алесь Сураў.

Хто зь якога шыняля выйшаў?


Сваім гледачам стваральнікі спэктакля настойліва нагадваюць расейскую крылатую фразу: «Ўсе мы выйшлі з гогалеўскага «Шыняля». Але сам факт пастаноўкі сёньня, бадай, набывае новую, надзённую сымболіку. Як вядома, кіраўнікі Расеі Пуцін і Мядзьведзеў паходзяць менавіта з Санкт-Пецярбургу, і гогалеўскі «Шынель» мае тычыцца іх наўпрост. Ня кажучы пра тое, што для першага зь іх пэўнае значэньне могуць мець таксама і шынель Дзяржынскага, і шынель Сталіна. Калі працягнуць паралелі паміж тэатрам і жыцьцём, то можна заўважыць, што ў пакрыўджанага на ўвесь сьвет маленькага чалавека, у якога адна мара і радасьць — уласны шынель, гэтая крыўда можа абярнуцца ваяўнічасьцю, агрэсіўнасьцю. І вось ужо людзі з гогалеўскага шыняля імкнуцца зрабіць балюча нашчадкам, землякам самога Гогаля.

Рэпліка наконт такіх паралеляў зь сёньняшнім днём прагучала на сустрэчы са стваральнікамі спэктакля. Генадзь Мушпэрт адказаў на яе: «Некалькі разоў я прапаноўваў: ну няхай Акакій скажа рэзка, хай ён больш наступальны будзе! На гэта Пётар адказваў: не-не-не, гэта іншая гісторыя. Наадварот, гэта гісторыя пра дзіўнага чалавека, які, будучы на самай нізкай прыступцы „табэля аб рангах“, пра што ідзе гаворка ў спэктаклі, аказаўся, як ні дзіўна, чалавекам. І ніякай агрэсіўнасьці ў ім гэта не абудзіла. Ужо герой».

Выканаўца галоўнай ролі Акакія Акакіевіча Башмачкіна, заслужаны артыст Беларусі Сяргей Курыленка кажа:

«Самай вялікай радасьцю ў жыцьці стаў шынель, хоць нейкі сэнс зьявіўся. І аказалася, што ён і сэрцам малады, і кахаць яшчэ гатовы, але патрэбна была нагода. Аказалася, повад нязначны можа быць у чалавека. У чалавека можа радасьць у жыцьці быць нязначнай, але яна можа перавярнуць усю яго істоту. Чалавек раптам пачуе, што ён чалавек, што ён не нікчэмнасьць, што ён сябе нейк захаваў, што нейкія чалавечыя якасьці ў ім дагэтуль яшчэ жывыя, але так глыбока драмалі, што ён нават гэтага не ўяўляў. Ну, і гэта для мяне важна».
Сяргей Курыленека й Пётар Дамброўскі
Сяргей Курыленека й Пётар Дамброўскі

Што ж, гучыць сапраўды для сёньняшняга дня зусім не архаічна.

Генадзь Мушпэрт мяркуе, што гарадзенцы — таксама «маленькія людзі». Ён сьцьвярджае, адказваючы на пытаньне, чаму выбралі для пастаноўкі менавіта «Шынель»:

«Таму што нас гэта хвалюе, мы лічым, што (хай гэта не прагучыць як крыўда) нашу глядзельную залю запаўняюць простыя людзі, як казалі пра герояў Гогаля — „маленькія людзі“. Я лічу — гэта самае галоўнае: расказаць пра іх, паказаць ім гэтую гісторыю, хоць і трагічную, і драматычную, але ўсё-ткі нас цікавіць рэабілітацыя Акакія Башмачкіна. Лічыцца, што ён маленькі, нікчэмны і ўвогуле амаль не чалавек. Насамрэч мы лічым, што ён папросту асаблівы, а асаблівасьць — гэта менавіта тое, што хацелася б гледачам паказаць».

Спадар Мушпэрт выказвае спадзяваньне, што гледачам будзе сьмешна, хоць гогалеўская гісторыя — усё ж драма.

Пётар Дамброўскі: расейскую мову змушалі вучыць


Пётар Дамброўскі не валодае асабліва расейскай, але «Шынель» — рэч зь ягонага рэпэртуару, ён ставіў яго па-польску. Хоць расейскую, зразумела, вывучаў, але «гэта было «сто гадоў таму» і ў такіх умовах, што «мы не хацелі яе вучыць, нас змушалі да гэтага. Аднак цяпер я шкадую аб гэтым, што не вучыў яе так, як павінен быў вучыць. Ну, але быў чалавекам маладым і глупым».

Па-расейску «Шынель» не чытаў, бо «ня даў бы рады», прызнаўся Пётар Дамброўскі.

Ён кіруе ў Беластоку прыватным тэатрам «Камэдыяльня» — гэта тэатар «камэрцыйны», удакладняе рэжысэр. Працуе з варшаўскімі артыстамі, выключна з зоркамі, таму што ў Польшчы цяпер такі час, што іншыя спэктаклі не прадаюцца: «павінны быць твары, вядомыя праз тэлебачаньне».

Але ён сам многіх ведае і можа выбіраць зь лепшых.

Што да працы з гарадзенскай трупай, то Пётар Дамброўскі прызнаецца:

«Сапраўднаму актору неабходная пакора, а гарадзенцы — працавітыя і дысцыплінаваныя. Маюць запал да працы — і гэта самае істотнае».

Польскі рэжысэр жыў у тэатры, дзе ёсьць гасьцявы пакой. Пра новыя пастаноўкі ў Горадні гаворка пакуль не ідзе. Хоць гэта не галоўнае, але стварае праблемы мяжа, якая забірае час, дзеліцца ён сваімі ўражаньнямі. Адлегласьць паміж Горадняй і Беластокам можна праехаць за гадзіну, але з чэргамі на мяжы, з памежным кантролем гэта займае чатыры гадзіны і больш.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG