Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтары ўсяго толькі пішуць кнігі, робяць іх — рэдактары.

У нас мноства помнікаў пісьменьнікам і ніводнага — рэдактару. Калі будзе нарэшце прынятая пастанова пра выпраўленьне гэтай несправядлівасьці, я прапаную зрабіць правобразам бронзавага Рэдактара незабыўнага Ўладзімера Дамашэвіча.

Часам здаецца, што ён быў рэдактарам ледзь ня ўсёй сучаснай беларускай літаратуры, прынамсі, той, якая чытаецца й перачытваецца — пачынаючы ад Быкава, Караткевіча, Адамчыка...

Мне выпаў шчасьлівы білет: рэдактарам маіх першых опусаў стаў Дамашэвіч. Працаваць зь ім было ня проста лёгка, але, я сказаў бы, сьветла. І гэтую сьветлыню аніяк не азмрочваў той факт, што Ўладзімер Максімавіч заўсёды бязьлітасна, як пустазельле, выполваў з маіх тэкстаў выраз «так бы мовіць».

Адрозна ад большасьці сваіх тагачасных калегаў Дамашэвіч ніколі ня браў на сябе цэнзарскіх паўнамоцтваў. Ён да апошняга змагаўся з галоўным рэдактарам «Маладосьці» за тое, каб у маёй першай аповесьці «І вярталіся мы...» гарадзкіх калядоўшчыкаў-«нацыяналістаў» разганяла й затрымлівала ўсё ж міліцыя, як у аўтара, а не народныя дружыньнікі, як загадваў галоўрэд. А потым разам з аўтарам радаваўся, што хоць у эстонскім перакладзе ў тэкст вярнуліся сапраўдныя «героі».

Ён ведаў смак гэтай радасьці, бо як пісьменьнік сам ня раз рабіўся ахвяраю цэнзарскіх нажніцаў, а дакладней — сякеры, што высякала ўжо не абзацы або старонкі, а цэлыя выпакутаваныя кнігі. Дастаткова згадаць мужны раман Дамашэвіча «Камень з гары», які ня мог дакаціцца да чытача цэлыя два дзесяцігодзьдзі.

Праз розніцу гадоў і досьведаў я ня меў магчымасьці зрабіцца ягоным сябрам, але ўдзячны лёсу, што Максімавіч, як ён дазваляў сябе называць яшчэ з «маладосьцеўскіх» часоў, заўсёды трымаў мяне ў полі сваёй цёплай увагі ды ветлівай цікавасьці.

Сёньня, пасьля таго, як ён заснуў астатнім сном, імгненна засьвяціліся ў памяці тры гісторыі, безь якіх уявіць Дамашэвіча мне абсалютна немагчыма.

Першую гісторыю можна з гістарычнай падкладкаю назваць — «Клецкая бітва».

Гадоў пятнаццаць таму мы з зусім дамашнім Дамашэвічам ды ягонай жонкаю Галінай сядзелі за сталом у іхнім клецкім доме — дыхтоўнай шляхецкай камяніцы напалеонаўскіх часоў, дзе жылі продкі гаспадыні, бацька якой на пачатку 1920-х працаваў дырэктарам Клецкай беларускай гімназіі. Уразілі ня столькі сама дамоўка і старасьвецкая мэбля, як схаваныя пад будынкам велізарныя сутарэньні, у якіх, адразу падумалася, маглі б адбывацца самыя неверагодныя падзеі з удзелам інфэрнальных істотаў. Як неўзабаве выявілася, яны там і віравалі, што вымагала ад уладальнікаў дома немалой адвагі.

Аднаго разу пры гасьцях і застоліцы спадарыня Галіна выправілася ў спадчыннае падзямельле па мачоныя яблыкі. Падымаецца па каменных сходах назад у хату, а дарогу ёй раптам заступае велізарны пацук. Мужная ліцьвінка, не выпускаючы місы з рук, уступае з нахабаю ў бойку, каб давесьці, хто ў гэтых сьценах сапраўдныя гаспадары. І тут на дапамогу свайму каралю з усіх куткоў кідаюцца дзясяткі ягоных падданых. Сьледам за Галінаю яны ўрываюцца ў дом, ускокваюць на канапы й крэслы, караскаюцца па абрусу на стол... Уся застоліца ў жаху кідаецца да дзьвярэй. Але на шляху хвастатых захопнікаў устае ўзброены каванай качаргой Уладзімер Дамашэвіч. Менавіта за ім, як калісьці за князем Міхалам Глінскім у Клецкай бітве з татарамі, і застаецца перамога.

Другая гісторыя, у якой таксама можна убачыць сьлед пацукоў, адно што іншага кшталту, прычынілася напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году.

Уладзімер Максімавіч пазваніў (слова «патэлефанаваў» я не ўжываю сьвядома, бо Дамашэвіч-рэдактар гэты дзеяслоў звычайна правіў як занадта доўгі) з прапанаваю тэрмінова сустрэцца. Ён чакаў мяне каля Мастацкай акадэміі. «Валодзя, — сказаў Максімавіч, калі мы зайшлі ў двор, — у бліжэйшы тыдзень, калі ласка, не начуйце дома. Будуць браць. Зьвесткі з дакладных крыніц. Усюды ёсьць нашы людзі.» Я згадаў «Клецкую бітву» і сказаў, што буду адбівацца. Дамашэвіч не падтрымаў майго легкаважнага тону і на разьвітаньне паказаў сьпіс людзей, якіх ён яшчэ павінен быў пасьпець папярэдзіць.

Трэба сказаць, што я не паслухаўся і начаваў дома. Праз колькі дзён узялі падчас разгрому намётавага мястэчка на плошчы Каліноўскага нашага сына Багдана. Браць дома пачалі праз чатыры гады — у сьнежні 2010-га. Аднак, упэўнены, што Максімавіч і той, хто перадаў яму сьпіс, не жартавалі. Проста тады быў запушчаны іншы сцэнар.

Трэцяя гісторыя — пра Дамашэвіча- дуэлянта.

Як вядома, у 1980-я гады дый раней на пісьменьніцкіх зьездах і сходах Уладзімер Дамашэвіч востра выступаў супроць русіфікацыі. А яшчэ — быў час — ён ваяваў з сакратаром Саюзу пісьменьнікаў Іванам Чыгрынавым. Той паводле пасады адказваў за працу зь літаратурнай зьменай. Дамашэвіч некалькі разоў публічна прапаноўваў Чыгрынаву зьняць з выдавецкіх плянаў шматлікія ўласныя выданьні й перавыданьні на карысьць першых кніг маладых пісьменьнікаў. Урэшце з гэтай нагоды Уладзімер Максімавіч выклікаў Івана Гаўрылавіча на дуэль.

Усё, здаецца, скончылася прыкладна так, як гісторыя з выклікам на двубой, пасланым у гады Інфлянцкай вайны вялікім князем і каралём Сьцяпанам Батурам Івану Жахліваму. Або як гісторыя з такім самым выклікам, што маскоўскі ваявода Шуйскі у часе аблогі Пскова нашымі войскамі атрымаў ад кароннага гетмана Яна Замойскага, калі, парушыўшы слова, масковец на прызначанае месца не зьявіўся.

Але як бы там ні было, Уладзімер Дамашэвіч, апрача ўсяго іншага, застаўся ў гісторыі і як апошні дуэлянт беларускай літаратуры.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG