Лінкі ўнівэрсальнага доступу

+12 палітвязьняў перад Чэмпіянатам сьвету па хакеі


Зьміцер Крамянецкі і ягоная дзяўчына Віка

Зьміцер Крамянецкі і ягоная дзяўчына Віка

Малады Фронт, нацболы, ультрас, бяздомныя і прастытуткі – каму яшчэ не дадуць паглядзець на Чэмпіянат сьвету па хакеі?

«12 чалавек ужо знаходзяцца пад арыштам, – распавядае праваабаронца Наста Лойка. – Зараз у судзе Заводзкага раёну адбываецца суд над нацболам Аляксандрам Паляковым».

Не апраўдваюцца шматлікія спадзяваньні на вызваленьне палітычных зьняволеных напярэдадні чэмпіянату сьвету па хакеі. Улады толькі павялічваюць у краіне колькасьць палітвязьняў, зноў вярнуўшыся да практыкі прэвэнтыўных арыштаў.

Інфармацыя пра перасьлед ці надзвычайную ўвагу з боку праваахоўных органаў да таго ці іншага актывіста надыходзіць літаральна кожныя паўгадзіны.

«Палююць на Зьмітра Кавалгіна», – піша ў фэйсбуку Анатоль Лябедзька. Гэты хлопец на Дзень волі год таму выйшаў з плякатам «Колі волю!»

БХД паведаміла, што міліцыя цікавіцца іхнай лідэркай Марынай Хоміч.

Трох фанатаў ФК «Партызан» асудзілі на 10 сутак – пішуць Вконтакте.

Былы палітвязень Сяргей Казакоў, прымусова пабываўшы ў РАУСе, шукае сабе прытулак на час ЧС.

«Канечне, напярэдадні чэмпіянату нас затрымліваюць, – распавядае каля будынку Дому Правасудзьдзя маладафронтавец Зьміцер Крамянецкі. – Усіх няўгодных будуць затрымліваць». Зьміцер Крамянецкі

Зьміцер Крамянецкі


Крамянецкі толькі што атрымаў 15 базавых велічыняў штрафу. «Клас! Я рады вельмі», – камэнтуе сваю нечаканую ўдачу Зьміцер. – Май, вясна, чэмпіянат! – я не хачу на суткі».

Ягоны сябар Міхаіл Мускі сядзіць у машыне разам з міліцыянтамі. Яму пашанцавала меней – наперадзе 20 сутак на Акрэсьціна. Міхась Мускі

Міхась Мускі


На хлапцоў «накінуліся» 5 траўня на вуліцы Маякоўскага, калі яны разам вярталіся з будоўлі, дзе працуюць. Яны і цяпер у бруднай працоўнай робе. Міхаіл такім і паедзе на Акрэсьціна. Кеды Крамянецкага

Кеды Крамянецкага



А Зьміцер паказвае свае кеды. Абутак пацярпеў, калі «невядомыя» паклалі хлапцоў тварам на асфальт, а пасьля закінулі ў мікрабус, накрылі галовы анучамі, каб тыя нічога ня бачылі, і зьбілі.

«Мяне яшчэ больш-менш, па тулаве толькі білі. А ў Мішы галава пабітая. Яму моцна дасталася, – кажа Зьміцер. – Гэта маё самае брутальнае затрыманьне. Раней такога не было».

Абодвух судзіў у Ленінскім судзе судзьдзя Хома. Штраф Крамянецкаму выглядае вельмі дзіўна. У размовах пад Домам правасудзьдзя высоўваюць вэрсію, што на ўчора быў загад затрымаць толькі Мускага, а Крамянецкі трапіўся пад руку.

На карысьць гэтай вэрсіі і тое, што да Крамянецкага дахаты сёньня ўжо наведваліся супрацоўнікі міліцыі. Напэўна, таксама ня ведалі, што Зьміцер гэтую ноч правёў у РАУСе.

Наста Лойка

Наста Лойка

«Улада хоча паказаць падчас ЧС, што ў нас у Беларусі ўсё, як мае быць, – кажа Наста Лойка. – Але гэта не рэальная праца міліцыі па прадухіленьні злачынстваў, а проста выконваньне «загаду зьверху. Фактычна – прававы падман».

Гэтым разьдзьмутым аддзелам па барацьбе з іншадумцамі проста няма чым цяпер заняцца, – лічыць Наста. – За апошнія гады палітычная актыўнасьць моцна спала, а ў іх жа «штат». Таму яны сталі пашыраць абсяг сваёй дзейнасьці на любыя больш-менш нефармальныя групы.

Заўжды трапляюць «пад раздачу» апазыцыйныя палітычныя і грамадзкія актывісты, а цяпер яшчэ і нацболы, анархісты, ультрасы і ўсе групы, чыя колькасьць можа перабольшыць дзясятак чалавек.

«Усіх не пасадзіш» – такую расьцяжку вывесілі днямі нацболы над уваходам у Парк Чалюскінцаў. Тэарэтычна ўвагу да іх міліцыі можна сьпісаць на гэтую акцыю.

Нацбола Аляксандра Палякова міліцыя літаральна абяцала «адправіць на суткі», як толькі яму споўніцца 18. Дзень народзінаў хлопец адсьвяткаваў ня так даўно.

Пад кватэрамі найбольш вядомых прадстаўнікоў руху – Дзьмітрыя Паліенкі, Дзяніса Сахара і Яўгена Контуша – дзяжураць супрацоўнікі міліцыі.

Тэарэтычна ўвагу да нацболаў можна зьвязаць з акцыяй і лічыць, што тыя самі «далі повад».

А вось маладафронтаўца Мікалая Дземідзенку затрымалі літаральна «ні за што», калі ён у спартовай байцы і шортах выйшаў са свайго пад’езду. Адвезьлі ў РАУС, дзе Мікалай правёў ноч. У гэтых жа шортах мы пабачылі яго ў Фрунзенскім судзе. У Менску сёньня тры градусы цяпла. Мікола Дземідзенка

Мікола Дземідзенка


Судзьдзя Лапо паверыла супрацоўнікам АМАП Круку і Занько, якія напісалі ў пратаколе, што Мікалай спраўляў натуральныя патрэбы ў грамадзкім месцы, на заўвагі міліцыянтаў не рэагаваў, аказаў супраціў супрацоўнікам міліцыі, калі тыя спрабавалі пасадзіць яго у службовы аўтамабіль.

Наступныя 20 сутак Мікалай правядзе ў камэры.
Сьведкі Крук і Занько тут жа ў залі. У параўнаньні з буйной постацьцю Дземідзенкі, выглядаюць яны хліпка. Каб скласьці такіх у фармат аднаго маладафронтаўца Мікалая, трэба як мінімум трое. Але ў пратаколе з гонарам пазначана, што пры затрыманьні Дземідзенкі, які нібыта вельмі супраціўляўся, была выкарыстаная фізычная сіла ў выглядзе «залом рукі».

У калідоры Фрунзенскага суду, дзе судзяць Дземідзенку, жонка аднаго з палітвязьняў распавядае нам, што паводле яе інфармацыі зачышчаюць ня толькі «палітычных», але і так званых бамжоў і прастытутак.

«Я перадачу нядаўна насіла на Акрэсьціна, – кажа яна. – Дык цэлымі аўтобусамі загружаюць гэтых «калярытных» пэрсанажаў і ў суды вязуць».

Нібыта ў пацьверджаньне яе словаў з суседняй залі выходзіць група адпаведна апранутых дзяўчат у суправаджэньні міліцыянтаў.

«Дакладных лічбаў па гэтых людзях у нас няма, – кажа Наста Лойка. – Але на ўзроўні проста сацыялягічнага адчуваньня магу сказаць. Нашмат больш людзей адпраўлялі ў апошнія месяцы ў ЛТП, а таксама анархісты, якія гатуюць ежу для бяздомных, распавядаюць, што на гэтыя акцыі бяздомных прыходзіць заўважна менш».

Да фанацкіх супольнасьцяў і іх прадстаўнікоў – ультрасаў – увага таксама надзвычайная.

«Усё, што выходзіць па-за межы трыбун, вельмі рэзкую ўвагу выклікае супрацоўнікаў міліцыі. Афіцыйна кажуць, што затрымліваюць за бойку, а пасьля складаюць пратакол за дробнае хуліганства, – распавядае Лойка.

Яна адзначае і цікавы факт: у камэры да ультрасаў цяпер таксама «падсаджваюць» адмысловых людзей, які выпытваюць інфармацыю. Раней такое рабілі з палітычнымі.

Увечары 5 траўня па сецівае разыходзіцца інфармацыя пра тое, што фанаты ФК «Партызан» сарвалі цырымонію ўзнагароджаньня ўдзельнікаў псэўдаспартовага турніру праварадыкальнай прарасейскай арганізацыі «Русь маладая».

Праз суткі робіцца вядома, што тром фанатам ужо далі па 10 сутак. За гэтую акцыю ці не – дакладна сказаць ня можна.

Ідзе зачыстка абсалютна рознаплянавых актыўнасьцяў, – заключае Лойка.
XS
SM
MD
LG