Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Большасьць расейцаў лічаць, што Расея можа далучаць да сябе тэрыторыі былых рэспублік СССР, траціна хацела б, каб паўднёва-ўсходнія рэгіёны Ўкраіны былі анэксаваныя Расеяй.

Пра гэта сьведчаць дадзеныя сацыялягічнага апытаньня «Левада-Цэнтру», якія прыводзіць агенцтва УНІАН.

У прыватнасьці, адказваючы на пытаньне, ці мае Расея права далучаць да сябе тэрыторыі былых рэспублік СССР на падставе заяў, што расейцы, якія там жывуць, могуць ці ўжо адчуваюць прыгнёт і ўціск сваіх правоў, 54% адказалі: «Расея мае на гэта права, яна павінна абараняць сваіх» (у сакавіку такога меркаваньня прытрымліваліся 58% апытаных).

34% рэспандэнтаў лічаць, што «Расея ня мае на гэта права, але ў выпадку далучэньня Крыму Расея паводзіць сябе годна і законна, у адпаведнасьці з нормамі міжнароднага права» (у сакавіку такіх было 28%).

Толькі 4% апытаных адказалі: «Расея ня мае на гэта ніякага права, дзеяньні Расеі міжнароднай супольнасьцю ня могуць не разглядацца як анэксія чужой тэрыторыі і ваенная інтэрвэнцыя супраць сувэрэннай дзяржавы» (месяц назад так адказалі таксама 4% апытаных). Не змаглі вызначыцца з адказам 8%.

У той жа час 35% рэспандэнтаў аддалі б перавагу таму, каб «паўднёвы ўсход Украіны стаў часткай Расейскай Фэдэрацыі», 25% – «каб паўднёвы ўсход Украіны стаў незалежнай дзяржавай», 21% – «каб паўднёвы ўсход Украіны заставаўся часткай Украіны, але атрымаў большую незалежнасьць ад Кіева».

Тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны падтрымліваюць толькі 6% апытаных, якія ўказалі, што аддалі б перавагу, каб паўднёвы ўсход Украіны заставаўся часткай Украіны на тых жа ўмовах, як гэта было да крызісу». 13% не змаглі адказаць.

Пры гэтым 25% рэспандэнтаў лічаць, што калі насельніцтва Данецкай або Луганскай абласьцей выкажацца на рэфэрэндуме, які ў Кіеве лічаць незаконным, за выхад са складу Ўкраіны і ўваходжаньне ў склад Расеі, то гэтыя вобласьці неабходна «безумоўна прыняць у склад Расеі».

33% апытаных адказалі: «хутчэй прыняць у склад Расеі», 21% – «хутчэй устрымацца ад гэтага кроку», 9% – «безумоўна ўстрымацца ад гэтага кроку», 12% не змаглі вызначыцца з адказам.

Апытаньне было праведзенае «Левада-цэнтрам» 25-28 красавіка 2014 году па рэпрэзэнтатыўнай усерасейскай выбарцы гарадзкога і сельскага насельніцтва сярод 1602 чалавек ва ўзросьце 18 гадоў і старэйшых у 130 населеных пунктах 45 рэгіёнаў краіны. Разьмеркаваньне адказаў прыводзіцца ў працэнтах ад агульнай колькасьці апытаных разам з дадзенымі папярэдніх апытаньняў. Статыстычная хібнасьць гэтага дасьледаваньня не перавышае 3,4%.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG