Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Аміна Ўмарава: У Грозным быў прызыў на вайну ва Ўкраіне


Чачэнскі прэзыдэнт Рамзан Кадыраў

Чачэнскі прэзыдэнт Рамзан Кадыраў

Супрацоўніца Паўночна-Каўкаскай службы Радыё Свабода Аміна Ўмарава пракамэнтавала паведамленьні пра магчымую прысутнасьць чачэнцаў у шэрагах сэпаратыстаў ва Ўкраіне. На яе думку, гэта могуць быць толькі адзінкі з атачэньня Рамзана Кадырава.


Абламейка: Ці мае ваша служба пацьверджаньне заяваў украінскіх сілавікоў і вызваленых з палону шахцёраў аб тым, што ў шэрагах сэпаратыстаў у Паўднёва-Ўсходняй Украіне дзейнічаюць чачэнскія баевікі?

Умарава: Я магу сказаць, што апрача заяваў, што ва Ўкраіне ёсьць чачэнцы, якія вельмі добра ўзброеныя і стаяць на блёк-пастах, дакладных пацьверджаньняў таго, што яны там сапраўды знаходзяцца, няма. Ніякіх дакладных зьвестак і лічбаў, ніякіх пацьверджаньняў, што гэта людзі Кадырава або гэта чачэнцы, якія служаць у расейскіх спэцыяльных сілах або сакрэтных службах, у нас няма. Адзінае – толькі заявы ўкраінскіх сілавікоў. Але калі там нехта з чачэнцаў сапраўды ёсьць, то, як я магу дапусьціць, гэта толькі людзі Кадырава.

Яшчэ адна магчымасьць – гэта прызыў, які быў абвешчаны ў Чачэнскай Рэспубліцы. Пра гэта нам паведамілі людзі, зь якімі мы кантактуем ў Чачэніі. У Грозным былі расклееныя ўлёткі з заклікам да людзей ад 20 да 50 гадоў ісьці ваяваць ва Ўкраіну ў складзе расейскіх войскаў з заробкам 50 тысячаў рублёў у месяц. Кадыраў заяўляў яшчэ ў лютым, што трэба ісьці ў Крым і бараніць расейскамоўных і чачэнцаў, якія там жывуць. Але, я думаю, што чачэнцы там ня маюць патрэбы ў абароне, бо яны ўсе на баку майданаўцаў. З кім мы толькі не размаўлялі зь ліку тых, хто вучыўся ва Ўкраіне, служыў там у войску, хто там завёў сям'ю, застаўся і шмат гадоў там жыве, усе яны спачуваюць новым уладам. Яны Януковічу не сымпатызавалі.

Абламейка: А як, на вашу думку, можа рэагаваць грамадзкая думка Чачэніі на заклікі ісьці ваяваць ва Ўкраіну? Як да гэтага ставіцца сярэдні чачэнец?

Умарава: Я думаю, што гэта могуць быць толькі людзі Кадырава. Ёсьць важная прычына, чаму чачэнцы ня пойдуць ва Ўкраіну ваяваць супраць украінцаў. Гэта старая гісторыя. Яшчэ ў часы галадамору 1930-х гадоў украінцы, хто ведаў каўказцаў, ехалі на Каўказ, аддавалі сваіх дзяцей чачэнцам і многія па іх ніколі не вярнуліся. Гэтых дзяцей чачэнцы вырасьцілі як сваіх, сёньня яны сябе называюць чачэнцамі. Гэта першае. А другое, гэта калі ў 1990-я гады пачалася вайна, то УНА-УНСО і іншыя сымпатызанты-украінцы прыяжджалі ў Чачэнію, каб ваяваць на баку чачэнцаў супраць Расеі. І трэці фактар. Я ня думаю, што чачэнцы, якіх прыгняталі, якіх катавалі ў канцлягерах... А ў нас яшчэ дзясяткі тысяч маладых хлопцаў, якіх падчас зачыстак ва ўзросьце ад 10 да 20 гадоў забралі ў турмы... Яны не ваявалі і проста былі забраныя са сваіх дамоў у турмы, дзе яны сядзяць дагэтуль. Такія ёсьць у кожнай сям'і. Я ня думаю, што гэтыя людзі забудуць такую несправядлівасьць і пойдуць ваяваць на баку Расеі супраць украінцаў. Гэта поўны абсурд.
XS
SM
MD
LG