Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Напярэдадні Дня перамогі ў Беларусі зноў зьявіліся плякаты, банэры, расьцяжкі з паласатай чорна-жоўтай стужкай (так званай «георгіеўскай»).

Адны палітычныя сілы — да прыкладу, Лібэральна-дэмакратычная партыя Беларусі — запрашаюць валянтэраў раздаваць на вуліцах гэтыя стужкі; іншыя — да прыкладу, Гомельскі гаркам БРСМ — не рэкамэндуюць на сьвяточных мерапрыемствах выкарыстоўваць такія стужкі, толькі чырвона-зялёныя. А хтосьці на раздачы паласатых чорна-жоўтых стужак хоча зарабіць падчас сьвята. З чым у беларусаў асацыюецца георгіеўская стужка, як розныя бакі абгрунтоўваюць сваё стаўленьне да гэтай сымболікі.


Георгіеўскія стужкі зрэдку можна ўбачыць на антэнах аўтамабіляў. Але цяпер іх заўважна менш, чым у мінулыя гады. Затое на плякатах, банэрах, у сьвяточным аздабленьні сталіцы да Дня Перамогі георгіеўскія стужкі выкарыстоўваюцца паўсюль. 6 траўня днём я не знайшла месца, дзе б іх раздавалі. Таму пытаньне — «З чым асацыюецца георгіеўская стужка?» — задавала моладзі побач са сьвяточна аформленай вітрынай каля ЦУМу:
«Зь Перамогай».

«Я ведаю, што яна была, здаецца, на аляксандраўскім ордэне... На першых ордэнах яна была».

«Зь Перамогай. Наколькі я ведаю, яна прымацоўвалася да мэдалёў у савецкія часы. А зараз асацыяцыі з героямі, зь Перамогай, хутчэй за ўсё».

«Зь Перамогай. Былі мэдалі менавіта з такімі стужкамі — менавіта такіх колераў: чорна-памаранчавых».

«Ой, ня ведаю, шчыра кажучы. Паняцьця ня маю».

«Зь перамогай над фашызмам. А чаму колеры такія? Ну, можа, чорны сьмерць сымбалізуе, а жоўты — трываласьць народа».

«У мяне з 9 траўня асацыюецца — зь Перамогай».



Карэспандэнтка: «А адкуль гэта пайшло?»
«Ну, гэта з Расеі пайшло, натуральна, з Расеі. Георгі Пабеданосец — гэта расейскі грамадзянін, не беларускі і не ўкраінскі».

«У Расеі быў такі чалавек з такім званьнем, і менавіта ў гонар яго званьня вось і зьявілася гэта стужка — чорна-памаранчавая, так?»

Карэспандэнтка:"А гэты Георгі ў якую эпоху быў?"
«Ой, гэта даўно было... Да вайны... А чаму цяпер узгадваюць? Ну, ня ведаю, можа, пакланеньне яму. Не магу сказаць. Гісторыю так зьнявечылі, што цяжка сказаць, чаму дагэтуль носяць такія стужкі. Можа, гэта прапаганда...»
Лібэральна-дэмакратычная партыя Беларусі з 5 траўня пачала акцыю па распаўсюджваньні георгіеўскіх стужак — запрашае для гэтага валянтэраў.

У пытаньні, чаму менавіта георгіеўскія стужкі будуць распаўсюджваць, старшыня ЛДБП Сяргей Гайдукевіч пачуў, як ён выказаўся, «падвох»:
Сяргей Гайдукевіч

Сяргей Гайдукевіч

«9 траўня ў нас шчырае жаданьне ўзгадаць загінулых падчас вайны людзей. Пры чым тут Расея наагул да георгіеўскіх стужачак? У мільёнаў беларусаў, у мільёнаў людзей у Польшчы, наагул у Эўропе гэта асацыюецца ў першую чаргу зь Вялікай Айчыннай вайной, перамогай над фашызмам, ня больш за тое. А на ўскладаньне вянкоў 9 траўня мы ж ідзем зь беларускай сымболікай, беларускім сьцягамі, і лёзунг адзін — „Жыве Беларусь!“ Няма нічога іншага».

Старшыня ЛДБП Сяргей Гайдукевіч кажа, што раздаваць стужкі партыйныя валянтэры будуць дабрачынна, бясплатна. А вось у сацыяльных сетках — процьма абвестак: народу прапануюць зарабіць 9 траўня. За гадзіну раздачы ў гіпэрмаркетах абяцаюць плаціць па 25 тысяч. Праўда, трэба прайсьці «фэйс-кантроль» — даслаць фатаздымак, каб «замоўца ўхваліў». На пытаньне, хто гэты замоўца, адказу Радыё Свабода так і не атрымала.

У той жа час навучэнцам у Гомелі не рэкамэндуюць насіць георгіеўскія стужкі. На ўсе мерапрыемствы трэба прыходзіць з чырвона-зялёнымі. Дакумэнт падпісаны сакратаром Чыгуначнага райкаму БРСМ Гомеля Вольгай Мікулінскай. На пытаньне, ці забараняў Цэнтральны камітэт моладзевага саюзу георгіеўскія стужкі, сакратар ЦК БРСМ Андрэй Белякоў адказаў так:

«Чырвона-зялёная стужка, колераў нашага дзяржаўнага сьцяга, як правіла, зьяўляецца сымбалем нашых акцыяў. І мы падчас сваіх мерапрыемстваў стараемся яшчэ раз падкрэсьліць наша стаўленьне ў тым ліку і да сьцяга, і распаўсюджваем менавіта гэтую стужку. Што тычыцца георгіеўскай стужкі, то гэтае пытаньне, скажам так, на цэнтральным узроўні камусьці забараняць — мы не разглядалі. Такой вось наўпрост забароны — такога няма».

А вось буйная гандлёвая сетка «Евроопт» далучылася, як паведамляецца на сайце, да «міжнароднай акцыі «Георгіеўская стужка» і абяцае з 7 па 9 траўня раздаваць стужкі ў сваіх крамах.
XS
SM
MD
LG