Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скаргу арыштаванага ва Ўкраіне беларуса разгледзяць 7 траўня


Апэляцыйны суд Днепрапятроўску 7 траўня разгледзіць скаргу на абраньне меры стрыманьня ў выглядзе хатняга арышту для затрыманага ва Ўкраіне журналіста расейскага каналу НТВ беларускага грамадзяніна Сьцяпана Чырыча.

Пра гэта паведамляе БелаПАН са спасылкай на адваката Ільлю Бондара.
«Мы паставім пытаньне аб спыненьні справы наогул, — сказаў Бондар. — Украінскае заканадаўства забараняе правозіць спэцыяльныя тэхнічныя сродкі сакрэтнага збору інфармацыі, але ў законах няма тлумачэньняў, што адносіцца да гэтых сродкаў. Нават сьледзтва напісала, што ў законе няма апісаньня гэтых сродкаў».

У скарзе адзначаецца, што мера стрыманьня ў выглядзе хатняга арышту неабгрунтаваная і падлягае адмене. У прыватнасьці, на думку абароны, сьледзтва не прывяло доказаў зьдзяйсьненьня падазраваным крымінальнага злачынства.
«У вызначэньні сказана, што Чырыч, дзейнічаючы наўмысна, ня маючы адпаведнай ліцэнзіі, перавёз празь дзяржаўную мяжу Ўкраіны, а затым выкарыстаў адмысловы тэхнічны сродак, — адзначаецца ў скарзе. — Пры гэтым ніякіх доказаў намеру падазронага, накіраванага на рух празь дзяржаўную мяжу адмысловага тэхнічнага сродку, у вызначэньні ня ўтрымліваецца. Разам з тым ёсьць аб’ектыўныя доказы адсутнасьці ў Чырыча такога намеру».

У скарзе адзначаецца, што ў дзейным заканадаўстве Ўкраіны няма азначэньня адмысловага тэхнічнага сродку.

На думку адваката, гэтыя акалічнасьці «пераканаўча сьведчаць», што Чырыч «ня мог і не павінен быў ведаць пра тое, што акуляры зьяўляюцца адмысловым тэхнічным сродкам, што выключае яго намер на зьдзяйсьненьне інкрымінаваных яму злачынстваў».

На гэтай падставе адвакат просіць суд адмяніць пастанову аб хатнім арышце і спыніць крымінальную вытворчасьць у дачыненьні да Чырыча.

У красавіку ў Днепрапятроўскай вобласьці былі затрыманыя двое мужчын з журналісцкімі пасьведчаньнямі, у тым ліку грамадзянін Беларусі Сьцяпан Чырыч, які здымаў сюжэт для тэлеканалу НТВ. Яны падазраюцца ў шпіянажы. Другі затрыманы — апэратар з Луганску.

Сьцяпана Чырыча вінавацяць у выкарыстаньні тэхнічнай прылады, закамуфляванай пад акуляры з умантаванай відэакамэрай высокага разрозьненьня, якая мае прыкметы адмысловых тэхнічных сродкаў сакрэтнага атрыманьня інфармацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG