Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Адэса. Страхі і надзеі паўднёвай Пальміры


Кветкі на месцы гібелі ўкраінскіх патрыётаў падчас сутычак у Адэсе

Кветкі на месцы гібелі ўкраінскіх патрыётаў падчас сутычак у Адэсе

Пра настроі, страхі і спадзяваньні адэсітаў Свабода пагутарыла з жыхаркай гэтага ўкраінскага гораду на Чорным моры Тацянай, якая папрасіла не называць яе прозьвішча. Тацяна не належыць ні да партыяў, ні да рухаў, гаворыць па-расейску.

Адэса падзялілася


Традыцыйных масавых мерапрыемстваў на Дзень Перамогі ў Адэсе ня будзе. Застаецца небясьпека правакацыяў. З канца красавіка хадзілі чуткі, што нешта здарыцца менавіта 9 траўня, але сутычкі, у якіх загінулі сорак шэсьць чалавек, здарыліся на тыдзень раней.

У навакольлі будынка абласной улады ў Адэсе — тры вышэйшыя навучальныя ўстановы. Супрацоўнікаў і студэнтаў распусьцілі ўчора па дамах да 12 траўня, каб прынамсі іншагароднія зьехалі на гэты час дахаты.


Спадарыня Тацяна апавядае:

«Народ настолькі падзяліўся, што проста жах. Адэсіты ня хочуць, каб паўтарылася тое, што было 2 траўня. Вось прызначылі новага начальніка міліцыі вобласьці. А перад тым выпусьцілі тых, каго затрымалі 2 траўня. Людзі пайшлі да новага міліцэйскага начальніка патрабаваць, каб патлумачыў — чаму іх выпусьцілі, як так магло здарыцца? Міліцэйская ўправа — на вуліцы Яўрэйскай, гэта былы будынак КДБ, такі фундамэнтальны, змрочны. Кажуць, што там тры паверхі ўніз ёсьць.

На ганку яны стаялі — некалькі дэпутатаў, кіраўнікі вобласьці, і сабраўся вялікі натоўп. Людзі мала вераць начальству. Там і адэсіты заслужаныя выступалі, спрабавалі людзей супакоіць, а гэта была дзясятая вечара. А ў гэты дзень на плошчы, дзе было пабоішча, на Куліковым полі, зноў вісеў вялікі расейскі сьцяг — перад уваходам у будынак прафсаюзаў, які згарэў 2-га. І тады моладзь — з дубінкамі, у камуфляжных масках — пайшла туды. Кіравалі „Правы сэктар“, „Эўрамайдан“, адэскія праўкраінскія арганізацыі, і падчас шэсьця быў поўны парадак. Усе крычалі „Слава Ўкраіне!“, „Героям слава!“, „Адэса — гэта Ўкраіна!“, а таксама „Не здадзім Адэсу!“, „Адстаім Украіну!“ Але сьцяга расейскага на Куліковым полі ўжо не было. І тады хлопцы залезьлі на флягшток і скотчам прымацавалі ўкраінскі сьцяг».

Тацяна расказвае, што знаёмыя апошнімі днямі маюць «тэлемасты» праз скайп з роднымі, зь сябрамі, якія жывуць цяпер у Штатах, Францыі, у Ізраілі. Усіх былых адэсітаў турбуюць трывожныя падзеі ў родным горадзе.

Спадзеў на Гурвіца


Спадзяваньні на парадак у Адэсе многія жыхары, як кажа Тацяна, зьвязваюць з Эдуардам Гурвіцам:

«На яго вулічных білбордах напісана: „Я веру ў Адэсу, я верны Адэсе“. Ён быў мэрам Адэсы, а калі прыйшоў Януковіч, яго зьнялі. І калі будуць прэзыдэнцкія выбары, у горадзе будуць выбары мэра.

Павінен быць свой чалавек, ня прышлы. Таксама як і ў абласной адміністрацыі павінен быць адэсіт. Гурвіц — карэнны адэсіт ледзь не ў трыццатым пакаленьні. Ён разумны, нармальны мужык. Аранжавую рэвалюцыю падтрымліваў».

Страшныя чуткі


У Адэсе цяпер ходзяць розныя страшныя чуткі, кажа Тацяна:

«Цэлы дзень чуткі: прыходзьце дахаты, набірайце ваду, захапілі Бяляеўскую вадапомпавую станцыю! Вада ў горад ідзе з Днястра, гэтая Бяляеўка — непадалёк ад Адэсы, у вядомым савецкім ваенным фільме „Смага“ было паказана, як там перакрылі водаправод і абложаны немцамі горад застаўся без вады. Я кажу: слухайце, гэта правакацыя, гэта чуткі. Ужо на фоне падзеяў 2 чысла там павінны быць людзі, ахоўваць. Ня будзе нічога дрэннага! Дарэчы, прыйшла дахаты і набіраць ваду ня стала».

Чаго яшчэ баяцца адэсіты?


«Баяцца абколатай, абкуранай моладзі. Ім пофіг: далі ім грошы на дозу — і ўсё, і пайшлі яны граміць, крычаць, паліць і забіваць. І вельмі непакоіць тое, што адбываецца ў Данецку, Славянску, Краматорску».

Жабрацтва і карупцыя


«Цяпер Усход жабрацкі, забіты, галодны, там яшчэ горш. У заходняй Украіне — там таксама працы няма, але ўсе ідуць на заробкі ў Эўропу, адна траціна людзей адтуль працуе ў Італіі, Францыі, Польшчы, Вугоршчыне, дзе заўгодна. У Італіі вельмі шмат „западэнцаў“. А што робяць на ўсходзе, калі шахты гэтыя ўсё руйнуюцца? Людзі там, вось маё меркаваньне, бяз працы, без падтрымкі — ну, словам, дэградацыя. Мне здаецца, параўнаць „западэнцаў“ і ўсход — гэта „дзьве вялікія розьніцы“. Першыя бліжэй да Эўропы, так, у іх таксама няма працы, ёсьць цяжкасьці, але яны бачаць часьцей — як людзі нармальна жывуць. А на ўсходзе, па-мойму, проста сьпіваюцца. Ім далі па пары соцень, далі дубінку ці аўтамат у рукі — і пайшлі яны „мяцеліць“, ім усё роўна: Крым — дык Крым, Харкаўскую вобласьць — дык Харкаўскую...

Людзі цяпер пачынаюць разважаць больш стрымана — што «Правы сэктар» не такі ўжо страшны, яны шмат дапамагаюць і робяць. А вось гэтая «народная рэспубліка» Данецкая, ці гэты са Славянску самазваны начальнік, мне здаецца, з выгляду адэсіт 1920-х гадоў мінулага стагодзьдзя, «прыблатнёны». Мне здаецца, ці ня ўвесь усход такі», — падсумоўвае адэсітка.

Колькі каштуе «хлебнае крэсла»?


На «Пятым» тэлеканале ў студыі быў былы начальнік рэгіянальнай мытні, расказвае жыхарка Адэсы:

«У яго пытаюцца: колькі трэба даць, каб атрымаць такое месца? Той і так, і сяк: ну, мільёнаў дзесяць даляраў гэта будзе каштаваць, кажа. Такія вось маштабы карупцыі ва Ўкраіне, калі называюць такія шалёныя лічбы. Вось трыццаць два мільярды вывез Януковіч у Расею.
Ну, добра, кажа тэлевядучы, дзесяць мільёнаў, а за які час можна гэтую суму „адбіць“ на мытні? Той хвілінку падумаў: за месяца паўтара-два.
Здаецца — можа, брэшуць? Не! Гэта Януковіч, а там маленькі князёк на мытні. Адзін-два мільёны для іх — гэта так, „на цукеркі“. Ну, добра, кажа тэлевядучы, дзесяць мільёнаў, а за які час можна гэтую суму „адбіць“ на мытні? Той хвілінку падумаў: за месяца паўтара-два. Майдан жа і хацеў разбурыць гэтую схему, гэтае кубло...

Калі пытаюцца, колькі трэба за дэпутацкае крэсла ў Радзе даць, то так зь няёмкасьцю, з засмучэньнем адказваюць, што таксама адзін-два мільёны. Калі паказвалі Межыгор’е, прыводзілі лічбу — утрыманьне гэтага маёнтка Януковіча цягам аднаго дня каштавала сумы, на якую можна было ўратаваць трох-чатырох хворых на рак дзяцей. Так параўналі, паколькі голыя лічбы мала што кажуць той бабцы на вёсцы».

Хочаш «адмазацца» ад Нацыянальнай гвардыі?


Страшная карумпаванасьць ва Ўкраіне, працягвае жыхарка Адэсы Тацяна:

«Вось пачаліся ў нас падзеі... Абвясьцілі: набіраеш тры нумары мабільныя — і ў цябе здымаюць пяць грыўняў на ўтрыманьне арміі. Я ведаю, што ня ўсе так робяць, але я так тры разы зрабіла. Гэта пятнаццаць грыўняў, паўтара даляра, нават менш. Але краіна ў нас цяпер страшная. Пачаўся прызыў. Выклікалі аднаго хлопца ў ваенкамат: ці пойдзеце ў Нацыянальную гвардыю служыць? Гэта ж добраахвотна нібы. Калі пойдзеце — калі ласка, а хочаце „адмазацца“ — шэсьцьсот даляраў. Ён зьдзіўлена: як шэсьцьсот, раней было трыста?! А яму: цяпер ваенны час... І гэта ніхто не прыдумаў. І нібыта не паспрачаесься: сапраўды цяжкі час, краіна ў небясьпецы! Але гэта ўсё адказная асоба, дзяржаўны чыноўнік такое заяўляе. Хоць, вядома, шкада хлопцаў. Еду ў аўтобусе, дзьве жанчыны побач размаўляюць: як добра, што нашых бацькоў ужо больш няма, што яны ўсяго гэтага ня бачаць».
XS
SM
MD
LG