Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Данецку невядомыя злачынцы абстралялі дом галоўнага рэдактара онлайн-выданьня «Остров» Сяргея Гармаша.

Стральбу па вокнах Гармаша, які таксама каардынуе дзейнасьць Камітэту патрыятычных сіл Данбасу (КПСД), адкрылі ў панядзелак увечары. У гэты час у гасьцях у галоўнага рэдактара партала быў народны дэпутат ад партыі «УДАР» і сябра КПСД Ягор Фірсаў, які таксама мог быць цэльлю нападнікаў.

Невядомыя схаваліся пасьля таго, як з дому Гармаша па іх пачалі страляць у адказ. Ніхто не пацярпеў.

Цяпер Гармаш і Фірсаў у Кіеве.

Сяргей Гармаш распавёў Радыё Свабода пра свае ўражаньні ад таго, што цяпер адбываецца ў Данецкай вобласьці.

— Як толькі ў Данбасе пачалі выкрадаць людзей, стала зразумела, што гэта ператворыцца ў тэндэнцыю. Сэпаратысты альбо рыхтуюць жывы шчыт, альбо выкрадаюць людзей для далейшага абмену іх на нейкія ўмовы для сябе. Зразумела, што мы, кіраўнікі Камітэту патрыятычных сіл Данбасу, перайшлі на паўлегальны, паўкансэрватыўны рэжым, стараліся трымацца ў цені, тым больш што ў народнага дэпутата Ягора Фірсава ёсьць зарэгістраваная зброя. Учора ў офіс партыі «УДАР», мясцовую філію якой Ягор Фірсаў узначальвае, прыходзілі ўзброеныя людзі — чатыры аўтаматчыкі ў балаклавах. На шчасьце, у офісе нікога не было, таму яны змаглі толькі разграміць офіс. А ўчора ўвечары, каля 23 гадзіны, мы сядзелі зь Ягорам Фірсавым у маім доме і вячэралі. Раптам пачалася стральба па шыбе. Мы ня бачылі, колькі там было людзей, але было 4–5 стрэлаў. Вельмі гучныя, што сьведчыць пра тое, што стралялі з аўтаматычнай зброі, хутчэй за ўсё з аўтамата Калашнікава. Мы пагасілі сьвятло, зарыентаваліся і пачалі страляць у адказ са зброі Фірсава. Мы гэта зрабілі ў першую чаргу для таго, каб паказаць, што ў нас таксама ёсьць зброя. Відаць, нападнікі не чакалі, што ў нас яна ёсьць, таму што даволі хутка зьніклі. Мы пачакалі нейкі час, селі ў машыны і зьехалі. Цяпер мы ўжо ў Кіеве.

— Вы ўзначальваеце незалежны сайт «Остров». Як вам працуецца ва ўмовах акупацыі тэрарыстамі?
Узброеныя людзі ходзяць па рэдакцыях, адкрыта пагражаюць.


— Журналістам вельмі небясьпечна цяпер працаваць. Іх усіх ведаюць у твар. Узброеныя людзі ходзяць па рэдакцыях, адкрыта пагражаюць. На мерапрыемствы, якія ладзіць «Данецкая народная рэспубліка», незалежныя журналісты ўжо ня ходзяць. Бо там наўпрост пагражаюць фізычнай расправай. Такім чынам, праца незалежнага журналіста і журналіста ўкраінскіх СМІ цяпер небясьпечная на ўзроўні пагрозы жыцьцю чалавека.

— Як вы лічыце, ці ёсьць шанец вярнуць Данбас?

— Сытуацыя становіцца ўсё больш і больш бескантрольнай. Міліцыі няма. Узброеныя людзі займаюцца адкрытым бандытызмам. Напрыклад, заходзяць у аўтамабільныя салёны і нахабна зганяюць адтуль машыны. Адкрыта рабуюць банкі. Шантажуюць бізнэс, патрабуючы грошы. Выкрадаюць людзей. Раней на вуліцах выкрадалі, цяпер сталі прыходзіць у хаты да людзей. Ідзе тэрор. Ці зможам мы адбіць Данбас, будзе залежаць ад пазыцыі мясцовай эліты. Цяпер яна здае Данбас у адкрытую. Дзеля чаго? Альбо дзеля таго, каб таргавацца з Кіевам, а таксама з Брусэлем і Вашынгтонам. Альбо дзеля таго, каб не пусьціць сюды Пуціна, таму што калі «Данецкая народная рэспубліка» пераможа, то, здаецца, ужо і няма сэнсу сюды Пуціну ісьці, і тады фактычна рэгіён застанецца ў складзе Ўкраіны. Цяжка сказаць, што там адбываецца ў вышэйшых колах, але цяпер у мяне ўражаньне, што Данбас здалі.

— Што думаюць пра гэты бандытызм жыхары Данбасу, якія хочуць далучэньня да Расеі?

— Людзі відавочна стаміліся ад бандытызму, хочуць парадку. Нават тыя, хто быў за Расею на пачатку канфлікту, цяпер пабачылі, што гэта не Расея, а проста тэрарысты і ўзброеныя бандыты. Таму хочуць стабільнасьці.
XS
SM
MD
LG