Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пісьменьнік Уладзімер Дамашэвіч памёр 30 красавіка ў менскай лякарні, куды яго забрала «хуткая». Кажуць, што ён памёр ноччу, у сьне.

Як распавяла дачка, цела памерлага крэміравалі і пахаваць хочуць на Заходніх могілках побач з жонкай. Калі адбудзецца пахаваньне, пакуль невядома, бо чакаюць прыёмнага сына пісьменьніка, а ён цяпер знаходзіцца за мяжой.
Генрых Далідовіч амаль дзевяць гадоў працаваў разам з Уладзімерам Дамашэвічам у часопісе «Маладосьць», дзе той быў загадчыкам аддзела прозы і дапамагаў маладым літаратарам. Генрых Далідовіч згадвае, што ведаў спадара Ўладзімера яшчэ са студэнцтва:

Генрых Далідовіч

Генрых Далідовіч

«Тады яго творы ва ўнівэрсытэцкай праграме не вывучаліся, але сярод студэнтаў хадзіла харошая ўхвала яго апавяданьням, аповесьці «Між двух агнёў». І мы ўжо ведалі, што ў яго ёсьць раман «Камень з гары», які забаронены для друку. Пасьля я пачаў хадзіць у часопіс «Маладосьць», дзе Дамашэвіч пэўны час працаваў. Гэта быў чалавек вельмі прыгожы, далікатны, тактоўны, уважлівы, які ўмеў слухаць. Ён працаваў таксама ў выдавецтвах «Мастацкая літаратура», «Народная асьвета», у «Полымі». Ён ня ўмеў маўчаць, пагаджацца з многімі зьявамі ў грамадзтве. Ён амаль на кожным зьезьдзе, па магчымасьці у друку, пастаянна выступаў з адной тэмай – гэта стан беларускай мовы. Ён пастаянна адзначаў, што калі ў нас ня будзе ў належным стане мова, ня будзе ў належным стане нацыя і народ і мы будзем паступова зьнікаць».

Журналіст і літаратар Сяргей Дубавец – пра свой вобраз Уладзімера Дамашэвіча:
Сяргей Дубавец

Сяргей Дубавец

«Ёсьць пісьменьнікі, якія ствараюць літаратуру творамі, а ёсьць такія, што ствараюць яе ўчынкамі. Што такое геніяльны твор? Ён у паветры. «Ня я пішу вершы, вершы пішуцца мной». Яшчэ кажуць – празь мяне прамовіла вышняя сіла. Прыляцела аднекуль фраза – водсьвет, водгалас, відзежа – і адляцела невядома куды, растала ў паветры, нічога не засталося. А Дамашэвіч з тых, хто – дом для гэтых фраз, водгаласаў, відзежаў. І калі ёсьць такі дом – складзены з учынкаў, з работы, з ахвярнасьці, тады нішто нікуды не зьлятае і не раствараецца ў паветры. Усе глядзяць і бачаць: гэты дом – беларуская літаратура. Тут гадуюць моладзь, бароняць мову, словам, дбаюць пра будучыню. Такім быў і застаецца ў маім уяўленьні Ўладзімер Дамашэвіч».

Паводле пісьменьніка Андрэя Федарэнкі, гэта вялікая страта для ўсёй Беларусі. Каля яго рук прайшлі ўсе клясыкі – ад Быкава да Пташнікава.

Андрэй Федарэнка

Андрэй Федарэнка

«Ён рэдагаваў аповесьць Васіля Быкава «Жураўліны крык» і першую кнігу Быкава. Ён не прапусьціў ні Пташнікава, ні Адамчыка. Цяжка ўявіць пісьменьніка, які мінуў бы рук Дамашэвіча. Я менш ведаў апантанага чалавека, ён жыў Беларусьсю. Для яго была толькі Беларусь, радзіма. Між іншым ён блізкі сябра Ўладзімера Караткевіча. Я памятаю, як часта ён яго згадваў. Вось у яго былі два імёны – Быкаў і Караткевіч. Чаму я гэта памятаю, бо спадар Уладзімер быў маім старэйшым сябрам і часта прыяжджаў да мяне ў госьці. І ён ні пра што больш не гаварыў, толькі пра Караткевіча і Быкава. І Беларусь зь яго языка не сыходзіла. Дзіўны быў чалавек, фанатык. Ён жыў Беларусьсю і больш нічым. Цяжка нават уявіць такіх людзей».

Дырэктар беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук успамінае пра Ўладзімера Дамашэвіча:

Аляксандар Лукашук

Аляксандар Лукашук

«Самы забаронены раман сучаснай беларускай літаратуры, «Камень з гары» Уладзімера Дамашэвіча, цэнзура не дазваляла друкаваць гадоў дваццаць. Яго цэнтральная праблема – праблема помсты і справядлівасьці, праблема сталінскіх катаў і ахвяраў, праблема адказнасьці за злачынствы савецкай сыстэмы супраць сваіх грамадзянаў, была ў 1960-я гады галоўнай нявырашанай маральнай праблемай грамадзтва. Герой Дамашэвіча сам ажыцьцяўляе акт справядлівасьці, забівае свайго ката. І калі я прачытаў гэты раман ужо ў 1980-я, ён дакладна лёг у атмасфэру вяртаньня праўды пра мінулае, якой вызначалася пара галоснасьці. Гэты быў адзін з адказаў на немату Курапатаў, які не састарэў і для часоў Лініі Сталіна.

Уладзімер Дамашэвіч удзельнічаў у стварэньні «Мартыралёгу Беларусі», яго аўтарытэтныя меркаваньні былі заўсёды падмацаваныя яго справамі. Зь яго славутага рамана вынікала думка, што помста – зусім не ірацыянальнае пачуцьцё і неэфэктыўнае дзеяньне, як часам лічаць. Помста – гэта ня толькі адкладзеная справядлівасьць за мінулыя злачынствы, гэта яшчэ выразны сыгнал будучым катам розных гатункаў. Чалавек мае права дараваць, але таксама мае абавязак адпомсьціць. Гэта – адзін з урокаў Уладзімера Дамашэвіча, сьмелага, сьветлага, бескарысьлівага, вельмі сымпатычнага чалавека, які цяпер заўсёды будзе ў беларускім пантэоне побач са сваімі вялікімі сучасьнікамі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG