Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будзем браць Калінінградзкую вобласьць


Сяргей Астраўцоў

Сяргей Астраўцоў

Да калінінградзкіх гарадзенцы ставяцца з адлегласьці даволі нэўтральна, часам з пэўнай зайздрасьцю, а бывае – ня любяць.

Перш яны – самыя блізкія да Горадні расейцы. Другое: у іх з палякамі «малы памежны рух», спрошчаны пераезд мяжы, яны не вылазяць з Польшчы. (А гарадзенцы ўжо стаміліся ад абяцанак, што ім таксама зробяць 50-кілямэтровыя зоны з суседзямі – Польшчай і Літвой – для свабодных паездак). Трэцяе: хоць Калінінградзкая вобласьць блізка і яна – частка агульнай «саюзнай дзяржавы», прамых зносінаў зь ёю няма. Адно на летні час адкрываюць нятанны, таму малапапулярны авіярэйс.

Аднак на аўтобусе ў Друскенікі церазь дзень зьяўляецца шыльда «Гродна-Калінінград», але гэта ўяўны рэйс. У ніякі Калінінград ён не ідзе, проста адтуль прыходзіць аўтобус і калінінградзкія перасядаюць – хто дахаты вяртаецца, хто – да нас і далей, хоць на Маскву.

Вось, калі ласка: сёньня наш аўтобус з Друскенік мае на лабавой шыбе надпіс «Калінінград-Гродна». У паловы пасажыраў чырвоны пашпарт з дзьвюхгаловым арлом. І памежная служба на абодвух КПП – у літоўскім Райгардзе і ў беларускай Прывалцы не сьпяшаецца. У расейцаў пашпарты літоўцы дый палякі праглядаюць больш уважліва. Ну, а з нагоды «сёньняшніх падзеяў» – пагатоў, што зразумела.

Калінінградзкія таксама за Крым і за «горад рускай славы» Севастопаль. Але яны лічаць за лепшае не шумець аб гэтым. Ім ёсьць што траціць (танныя візы і праезд у Польшчу). І яны ўсьведамляюць пэўную геапалітычную хісткасьць пад нагамі. Канечне, Калінінград, як і многія іншыя гарады – Бэрлін той жа ці Адэса, усе яны аднолькава – «гарады рускай баявой славы», якая падсьвядома вымяраецца салдацкімі жыцьцямі. І крэпасьць-герой Брэст таксама, між іншым. А выстаў ім рахунак наконт той жа былой Усходняй Прусіі, кіраўнікі крамлёўскія абурацца пачнуць на ўвесь сьвет. Але я, як і многія беларусы, маю маральнае права. Вядома, што ня толькі засялялі яе беларусамі пасьля вайны (разам з расейцамі, зразумела), але перш кінулі туды з вызваленых беларускіх тэрыторый змабілізаваную, неабстраляную моладзь. Мой дзядзька, брат мамы, таксама загінуў там, дзевятнаццаць гадоў меў. Беларус. За Ўсходнюю Прусію, якая стане вобласьцю Расеі.

Сярод калінінградзкіх у аўтобусе большасьць жанчыны, мужчынаў чалавекі тры. Адзін зь іх (мы на вуліцы чакалі калі вернуць пашпарты) мне аўтарытэтна сказаў: Калінінградзкую вобласьць мы атрымалі як ваенны трафэй, аб чым, між іншым, было дамоўлена з хаўрусьнікамі ў Ялце. Гэта не было экспромтам зроблена! Усё законна: Вашынгтон і Лёндан далі згоду. Так што параўноўваць з Крымам, які забраў Пуцін (аб чым мы ўзгадалі) – некарэктна! Па-другое, Усходнюю Прусію падзялілі на тры часткі, дзьве астатнія маюць сёньня Польшча і Літва. А яны вяртаць сваё тым больш не захочуць. Трэцяе: у Ялце (важны для Расеі горад!) Сталін абгаварыў з Рузвэльтам і Чэрчылем – як будзе выглядаць Эўропа пасьля перамогі над фашызмам і тое, што Крым апынуўся не ў Расеі – гэта некарэктна было. Любіць жа чалавек гэтае слова! Ну, але ён стараўся выказвацца ўзважана, зусім ня так, як «крамлёўскія салаўі» сёньня, і за гэта дзякуй. Зрэшты, чалавек адчуваў, што ня дома, што на чужой тэрыторыі, тым больш памежнай, скандаліць ня будзеш.

Хоць безь невялікага скандалу ўсё ж не абышлося. І я вам зараз раскажу, за што раздражняюць часам гарадзенцаў гэтыя калінінградзкія. Дык вось: у Райгардзе існуе крамка duty free, любы пасажыр і, само сабой, гарадзенец ня супраць набыць затанна якіх цікавых бутэлек (дазволена па тры літры на чалавека). Мы стаім побач з крамкай, на мяжы пуста: у бягучым парадку праходзяць кантроль дзьве-тры машыны, з аўтобусаў толькі адзін наш. Але кіроўца не дазваляе ў «фры-шоп». Як легенду ён пераказвае даўні выпадак са скандальным калінінградцам (ці, можа, гэта была жанчына – гісторыя не захавала падрабязнасьцяў), аб якім асабіста я чуў ужо ня раз. Карацей: аднойчы пасажыры, як звычайна, ажыўленай гурмой пабеглі ў «фры-шоп», кіроўца, зразумела, таксама скарыстаўся гэтай цудоўнай магчымасьцю, якую яму дае прафэсія.

Заканчэньне гэтай гісторыі пракляцьцем павісла над пасажырамі рэйсу. Скандальны расеец не пасьпеў перасесьці ў Горадні на маскоўскі цягнік і нашрайбаваў «цялегу». Шафёра «пакаралі рублём» (як жа – міжнародны рэйс!). І цяпер наш пачынае папросту агрызацца, калі дзьве кабеткі (свае, гарадзенскія) усё настойлівей патрабуюць ад яго дазволу на «фры-шоп». Не, ён трымаецца цьвёрда, ня змусіце! І ў якасьці аргумэнту называе рэйс, да якога абавязкова трэба пасьпець у Горадню, каб нехта з пасажыраў перасеў на яго. Хоць, вядома, мы ўсё роўна прыехалі пазьней і, на вялікі жаль, без цудоўных безакцызных напояў з прыгожымі замежнымі этыкеткамі.

Адразу за шлягбаўмам, між іншым, пайшлі месцы «баявой славы» – дзесяць кілямэтраў уздоўж ляснога палігону, дзе Лукашэнка гадоў дваццаць праводзіць заўсёды пераможныя вайсковыя гульні. Вялізны інфармацыйны шчыт (нечакана на беларускай мове) паведамляў: «Ваенныя лесаводы вітаюць вас!» Мяне не пакідала думка, што менавіта тут у Пуціне мог абудзіцца апэтыт, узьнікнуць думка, напрыклад, аб будучай «бяскроўнай анэксіі». Чаго? На той момант ён яшчэ ня ведаў, проста вярэдзіла думка, якая яшчэ ня цалкам аформілася.

Гэта было мінулай восеньню: Пуцін з Лукашэнкам прыляцелі сюды, на Гожскі палігон, каб паглядзець у біноклі на страляніну. У мяне дома ляжыць на стале газэтная выразка з нататкай у два сказы: аб сумесных «стратэгічных вучэньнях «Захад-2013» па выяўленьні і зьнішчэньні незаконных узброеных фармаваньняў».

Як і што афармлялася тады ў галовах двух галоўнакамандуючых – невядома. Першым прагаварыўся Лукашэнка. Яны, нагадаю, паляцелі з Гожы паглядзець на высадку з мора дывэрсантаў у Калінінградзкую вобласьць і «рачыцельнае» вока беларускага начальніка зажурыў роспачны стан расейскіх палеткаў. Як добра вядома, яму захацелася, каб Пуцін аддаў рэгіён Беларусі, каб калгасьнікі Гарадзеншчыны, на той час пад кіраўніцтвам «губэрнатара» Шапіры, стварылі на занядбаных землях старэйшага брата ўзорную сельскую гаспадарку. Як жа напэўна Лукашэнка гэтай вясною пашкадаваў за тыя свае прызнаньні збору журналістаў з расейскай глыбінкі, якім з задавальненьнем расказваў, як дакляраваў Пуціну аддаць Калінінградзкую вобласьць. Праўда, дзеля падстрахоўкі прагучалі яшчэ словы «ў арэнду».

А што Пуцін? Ён нічога не адказаў. Але ня мог не раздумваць над, скажам так, празьмерна сьмелай просьбай. Але, як выйшла, выбухаць ён ня стаў, а сваё раздражненьне накіраваў у «канструктыўнае» для сябе рэчышча – вярнуў Крым з «арэнды», якая «зацягнулася». Ды яшчэ пра «арэнду» «Наваросіі» пачаў актыўна разважаць. Плюс «незаконныя ўзброеныя фармаваньні» ператварыліся ў яго нейкім фантасмагарычным чынам у «адзіна законныя». І цяпер ня толькі беларускае начальства расхацела Калінінградзкую вобласьць, але таксама літоўцы больш не ўспамінаюць аб сваіх марах атрымаць яе кавалак. Вось жа як небясьпечна бывае зьвяртацца да «сільных міра сего» зь нясьціплымі просьбамі.

Але нечакана беларускія апэтыты адносна іхнай вобласьці надоўга і з удзячнасьцю запомніліся некаторым калінінградцам. Мы заяжджаем у Горадню. Адна пасажырка пачынае захапляцца ўголас парадкам і чысьцінёю. І гэта ж ускраіна, відно, што прадпрыемствы ўздоўж вуліцы! А вось у Калінінградзе апошнім часам стала больш-менш ахайна толькі ў цэнтры, а бліжэй да порту бардак як быў, так і застаўся. І выснова: няхай бы аддалі Лукашэнку і беларусам, яны б парадак навялі…

Пытаньне толькі: ці паўтарыў бы Лукашэнка сваю просьбу атрымаць Калінінградзкую вобласьць Пуціну сёньня? А можа сьмеласьць гарады бярэ напраўду? У цябе цяпер Севастопаль, вінаград, віно плюс поўны кантроль над Чорным морам, дык не шкадуй тады Калінінграду братам меншым, саюзьніку свайму, адзінаму ў навакольным сьвеце, дзе ніхто ня любіць цябе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG