Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

70 працэнтаў дэпутатаў ня ведаюць пра час сваіх сустрэчаў з выбарцамі


Палата прадстаўнікоў

Палата прадстаўнікоў

Такія лічбы агучыла сёньня на брыфінгу ініцыятыва «Народны рэфэрэндум».

«Народны рэфэрэндум» за свае сродкі гатовы стварыць на сайце Палаты прадстаўнікоў старонку з графікам сустрэчаў. Ініцыятары кампаніі таксама плянуюць зьвярнуцца да 110 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу з пытаньнем, як тыя ставяцца да правядзеньня рэфэрэндуму. Канчатковая мэта такога звароту — падштурхнуць дэпутатаў вынесьці на разгляд «Закон аб правядзеньні Народнага рэфэрэндуму». Ініцыятары кампаніі лічаць, што 50 тысяч подпісаў, якія яны ўжо сабралі ў падтрымку правядзеньня рэфэрэндуму, — дастатковая лічба, каб патрабаваць ад «народных абраньнікаў» выкананьня дэлегаваных ім выбарцамі паўнамоцтваў.

5 траўня на брыфінгу ад імя ўсіх ініцыятараў Народнага рэфэрэндуму, а гэта і Партыя БНФ, і рух «За свабоду», і БСДП «Грамада», выступалі толькі прадстаўнікі руху «Гавары праўду».
Андрэй Дзьмітрыеў

Андрэй Дзьмітрыеў

Андрэй Дзьмітрыеў, намесьнік старшыні руху «Гавары праўду», паведаміў, што на працягу бліжэйшага месяца актывісты зьвернуцца да кожнага са 110 дэпутатаў і спытаюцца, што тыя думаюць пра рэфэрэндум. «Мы кожную размову зафіксуем і апублікуем», — абяцае Дзьмітрыеў.

Мэта ініцыятараў кампаніі — знайсьці хоць аднаго дэпутата, які наважыцца ўнесьці ў парлямэнт «Закон аб правядзеньні Народнага рэфэрэндуму». Хто гэта можа быць, значэньня ня мае. Паводле Дзьмітрыева, першая рэакцыя ад дэпутатаў: «А навошта? У нас жа і так усё добра».

«Мы хочам, каб яны гэта сказалі „ня нам“. Іхны адказ будзе ўжо для тых выбарцаў, якія падпісаліся за Народны рэфэрэндум. І кожны адказ будзе апублічаны. Будзе паведамлена, што Народны рэфэрэндум — за мірныя перамены ў Беларусі, каб пазьбегнуць вялікіх стратаў. І вось ён, дэпутат, які абіраўся, каб абараняць вашы інтарэсы. Што ён абараняе? Пра што гэты дэпутат?»

Да актыўных дзеяньняў, паведаміў намесьнік старшыні руху «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў, падштурхнуў нэгатыўны досьвед камунікацыі з дэпутатамі. Спрабуючы дамагчыся сустрэчы з дэпутатамі ад розных акругаў, ініцыятары па ўсёй Беларусі высьветлілі, што 67 са 110 абраных ня ведаюць, калі адбудзецца іхная сустрэча з выбарцамі. Рэкорд паставілі дэпутаты ад Гарадзенскай вобласьці: там з 13 дэпутатаў 11 ня ведалі, калі і дзе іх будуць чакаць выбарцы. Пры гэтым у Менску і Менскай вобласьці лічбы абнадзейваюць. 10 з 10 сталічных дэпутатаў ведаюць пра час і месца сваіх сустрэчаў.

Выявіўшы такую нядбайнасьць з боку дэпутатаў, ініцыятары кампаніі гатовыя за свае сродкі стварыць на сайце Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу асобную старонку, дзе будзе разьмешчаны графік сустрэчаў. Адпаведную прапанову яны зьбіраюцца накіраваць у камісію па рэглямэнце.

Спробы Радыё Свабода засьпець на працоўным месцы кагосьці з дэпутатаў скончыліся нічым. Паўтара дзясятка тэлефонаў проста маўчалі.

Ужо другое дзесяцігодзьдзе апазыцыя дэкляруе, што беларускі парлямэнт — фармальная структура. Андрэй Дзьмітрыеў перакананы, што такім чынам можна нарэшце «заклікаць» народных абраньнікаў да адказнасьці.
Калі мы кажам, што парлямэнта не існуе, мы дапамагаем яму не існаваць. Мы дапамагаем ім сядзець „пад лавай“

«Калі мы кажам, што парлямэнта не існуе, мы дапамагаем яму не існаваць. Мы дапамагаем ім сядзець „пад лавай“ і рабіць выгляд, што яны ёсьць. І гэта значыць — мы дапамагаем сыстэме. Калі мы пачынаем працаваць з парлямэнтам, як быццам гэта сапраўдны парлямэнт, нам ёсьць што паказаць людзям. 43 са 110 ведаюць, калі ў іх сустрэча. А астатнія ня ведаюць!»

Палітоляг Юры Чавусаў лічыць, што абмяркоўваць мэтазгоднасьць звароту да дэпутатаў і разьлічваць на тое, што рэфэрэндум адбудзецца зь іхнай ініцыятывы — ня варта.
Юры Чавусаў

Юры Чавусаў

«Ад самага пачатку арганізатары казалі, што яны не спадзяюцца на тое, што будзе сабраная вызначаная законам ініцыятыўная група, яна будзе зарэгістраваная і будзе афіцыйны збор подпісаў. Не, яны адпачатку казалі, што гэта не юрыдычная, а палітычная справа. Рэфэрэндум — гэта палітычная кампанія. Такім чынам яны спрабуюць аказваць ціск на дэпутатаў, якія мусяць падтрымаць гэтую ініцыятыву, што неверагодна ў палітычнай сыстэме, альбо прадэманстраваць сваю нячуйнасьць да ініцыятывы, якая падтрыманая дзясяткамі тысяч людзей».

Ініцыятыва «Народны рэфэрэндум» мае на мэце збор подпісаў за правядзеньне рэфэрэндуму па шасьці пытаньнях. Сярод іх пытаньні эканамічнай інтэграцыі з Эўразьвязам і колькасьці заканадаўча вызначаных прэзыдэнцкіх тэрмінаў.
XS
SM
MD
LG