Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БНФ папярэджвае пра пагрозу экстрэмізму з боку расейскіх фанатаў


Расейскія фанаты, ілюстрацыйнае фота

Расейскія фанаты, ілюстрацыйнае фота

Менская гарадзкая арганізацыя Партыі БНФ сёньня зьвярнулася ў Менгарвыканкам з просьбай аб недапушчэньні экстрэмісцкіх і правакатыўных акцыяў з боку заўзятараў зборнай Расеі падчас чэмпіянату сьвету па хакеі.

«Згодна з паведамленьнямі сродкаў масавай інфармацыі, у часе правядзеньня чэмпіянату сьвету па хакеі ў горадзе Менску заўзятары зборнай Расеі плянуюць шэраг мерапрыемстваў. У прыватнасьці, паводле словаў прэзыдэнта клюба заўзятараў Russia Unites Эдуарда Латыпава, 9 траўня ў Менску прадстаўнікі гэтага клюбу маюць намер прайсьці арганізаванай калёнай па горадзе і ўзяць удзел у заплянаваных мясцовымі ўладамі мерапрыемствах з нагоды Дня Перамогі», — гаворыцца ў заяве.

Менская гарадзкая арганізацыя Партыі БНФ зьвяртае ўвагу Менгарвыканкаму на тое, што ва ўмовах абвастрэньня напружанасьці ў стасунках паміж Украінай і Расеяй павялічваецца рызыка экстрэмісцкіх выступаў з боку расейскіх заўзятараў, якія могуць дэстабілізаваць абстаноўку ў горадзе і паставіць пад пагрозу грамадзкую бясьпеку падчас чэмпіянату сьвету па хакеі.

Паводле ініцыятараў звароту, асаблівую насьцярожанасьць выклікаюць паведамленьні некаторых спартовых сайтаў пра тое, што заплянаванае на 9 траўня шэсьце асобныя групоўкі расейскіх заўзятараў хочуць правесьці пад назвай «Рускі марш». Менавіта пад гэтай назвай у Маскве ды іншых гарадах Расеі рэгулярна праводзяцца дэманстрацыі праварадыкальных і нэанацысцкіх арганізацыяў.

Аўтары заявы прапануюць органам унутраных спраў Менгарвыканкаму ўзмацніць дзейнасьць па недапушчэньні і прафіляктыцы праяваў экстрэмізму і распальваньня нацыянальнай варожасьці, прапаганды выключнасьці па прыкмеце нацыянальнай прыналежнасьці з боку заўзятараў зборнай Расеі. Таксама Партыя БНФ прапаноўвае Менгарвыканкаму забараніць правядзеньне несанкцыянаваных шэсьцяў і іншых масавых акцыяў клюбу заўзятараў Russia Unites і іншым незарэгістраваным групоўкам заўзятараў зборнай Расеі.
XS
SM
MD
LG