Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: на дом актывіста напалі з-за ўкраінскага сьцяга


Украінскі сьцяг побач з нацыянальным беларускім над домам Жукоўскага

Украінскі сьцяг побач з нацыянальным беларускім над домам Жукоўскага

У Гомелі на выходных напалі на прыватны дом гомельскага актывіста Кастуся Жукоўскага з-за таго, што на доме вісіць украінскі сьцяг — лаяліся, зламалі замок у брамцы, пагражалі расправай.

Кастусь апавёў, што трое незнаёмцаў нападпітку прычапіліся да ягонага дома з-за ўкраінскага сьцяга:

«На гэтых выходных блізу 21 гадзіны тры прадстаўнікі электарату, якія жывуць па прынцыпе: накаціў — і пайшоў шукаць прыгоды, прычапіліся да дома. Адзін зь іх стаў біць у брамку нагою. Я чую, што нешта вельмі моцна грукоча. Дачка, жонка напалохаліся. Кажуць: нехта нам моцна грукае. Было сапраўды вельмі гучна. Я адчыніў верхняе вакно і запытаўся: чаго хочаце? Той, што біў у брамку, стаў несьці нейкую лухту пра Бандэру, пра сьцягі, стаў абражаць. Я адразу выклікаў міліцыю і выйшаў. Адчыніў вялікую браму, бо маленькая, пешаходная, ужо не адчынялася — ад удару нагі зламаўся замок. Пачаў з мужыкамі размаўляць, але ў адказ чуў толькі абразы».

Гаспадар кажа, што міліцыя адрэагавала на ягоны званок — прыйшлі трое міліцыянтаў:

«Прыйшла міліцыя, і яны пачалі самі размаўляць з гэтым электаратам — „чарка, скварка, іншамарка“. Скончылася ўсё тым, што нападнікаў нібыта забралі. Але, як стала вядома, потым іх адпусьцілі, хоць яны былі ў нецьвярозым стане, махалі рукамі, лаяліся матам. Цэлы букет. Бо яны яшчэ й распальвалі міжнацыянальную варажнечу, у прыватнасьці, да суседняй краіны — украінцаў усяляк абзывалі. І яшчэ яны ўчынілі крымінальнае злачынства: нанесьлі шкоду маёй маёмасьці. Але іх адпусьцілі».

Нарад міліцыі параіў Кастусю дачакацца ўчастковага, але цягам вечара той так і не прыйшоў:
Кастусь Жукоўскі

Кастусь Жукоўскі

«Назаўтра ўранку я зноў патэлефанаваў у міліцыю, каб выклікаць участковага. Ён прыйшоў, і я напісаў яму заяву на прыцягненьне нападнікаў да крымінальнай адказнасьці за нанясеньне шкоды маёй маёмасьці і распальваньне міжнацыянальнай варажнечы. У дадзеным выпадку быў прыкры факт, што нібыта ўкраінцы — людзі другога гатунку, яны такія-сякія. Адзін з прадстаўнікоў электарату заяўляў, што ягоныя дзед і бацька загінулі там на вайне. Яму недзе паміж 40 і 50 гадамі, і невядома, у якой вайне яны загінулі».

Цікаўлюся ў спадара Жукоўскага, чаму ён на ўкраінскія падзеі адгукнуўся такім чынам — узьняў над домам, апроч беларускага нацыянальнага, і жоўта-блакітны сьцяг?

«Я вывесіў украінскі сьцяг, таму што ўкраінцы — гэта нашы суседзі, гэта сапраўды нашы браты-славяне. Вывесіў сьцяг, каб падтрымаць Украіну ў цяжкія для яе часы. Тым больш, што мая маці — украінка, я напалову ўкраінец. Дачка мая напалову ўкраінка, бо ў мяне жонка напалову ўкраінка. Тут усё перамешана — няма ў нас ардынскай крыві, у нас ёсьць украінская».
Да саміх нападнікаў грамадзкі актывіст ставіцца як да замбаваных людзей:

«Па тэлебачаньні — расейскім і беларускім — ім нарасказвалі казак, яны „накацілі“ за гэтыя казкі і пайшлі шукаць сабе прыгоды, шукаць тых жа бандэраўцаў у Гомелі. І тут го-па — украінскі сьцяг. „Давай паспрабую пакусаць хоць брамку“. І ён грукае ад сваёй злосьці. Гэта замбаваныя людзі».

У гомельскага палітыка, намесьніка старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіля Палякова пытаюся, чаму ўсё-ткі жыхары абласнога цэнтру, жывучы побач з Украінай, маючы з украінцамі сталыя стасункі, па сутнасьці, не выказваюць публічна падтрымкі сваім братам з поўдня? Гэтаксама як, дарэчы, і грамадзкія арганізацыі. Суседзяў-украінцаў падбухторваюць тыя ж расейцы да страляніны адзін у аднаго, да грамадзянскай вайны, а мы — маўчым. А калі хто-кольвек узьніме ўкраінскі сьцяг ці лёзунг у абарону Ўкраіны — у адказ агрэсія, арышты.
Васіль Палякоў

Васіль Палякоў

Палякоў: «На маю думку, тут перш за ўсё адыграла ролю тое, што кожны дзень з расейскіх тэлеканалаў, якія глядзяць беларусы, ідзе аднабокая інфармацыя, прычым такога прапагандысцкага кшталту, калі пераварочваюцца факты з ног на галаву. Безумоўна, гэта дае свой адмоўны плён. Тыя людзі, якія выступаюць супраць Украіны, лічаць, што свабодны выбар украінскага народу — гэта няправільна, што яны павінны чамусьці быць разам з Расеяй. Беларускія СМІ, як правіла, адмоўчваюцца наконт украінскіх падзеяў. Кіраўніцтва ж займае асьцярожную пазыцыю. Няма інфармацыі, якая б тлумачыла, што насамрэч адбываецца ва Ўкраіне і, адпаведна, у Расеі, якая вядзе сваю агрэсіўную палітыку. Таму ў людзей такое й стаўленьне. А магчымасьці незалежных сродкаў масавай інфармацыі, як і грамадзкіх аб’яднаньняў, вельмі абмежаваныя, каб супрацьстаяць нахабнай прапагандзе, якая вядзецца расейскімі СМІ».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG