Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гістарычны цыкль паводле сэрыі перадачаў "На хвалі Свабоды", прысьвечаных 50-годзьдзю Беларускай Службы Радыё Свабода, якія гучалі на нашых хвалях у 2003-2004 гадах.

2000 год. Рэдкая каляндарная падзея — зьмена першай лічбы ў азначэньні году — не прынесла ў гісторыі радыё ніякіх істотных пераменаў. Незаўважна была адоленая гэтак званая праблема Y2K — ніякіх кампутарных катастрофаў у ноч з 1999 на 2000 год не адбылося.

Беларуская рэдакцыя за папярэднія два гады папоўнілася новымі сіламі — зь Менску ў Прагу прыехалі працаваць Вольга Караткевіч, Віталь Тарас, Юры Дракахруст. Нарадзіліся новыя перадачы — «Карлаў Мост» Алены Ціхановіч — пра жыцьцё Чэхіі і чэхаў; «На доўгім Шляху» Юрыя Дракахруста — пра сацыяльна-палітычнаыя праблемы посткамуністычнага грамадзтва; «Выкраданьне Беларусі» Віталя Тараса — пра вяртаньне Беларусі ў эўрапейскі і сусьветны кантэкст; «СС-2000» — перадача, прысьвечаная дзейнасьці спэцслужбаў. Дырэктар Аляксандар Лукашук, зьехаўшы на пару месяцаў працаваць у архівах Гувэраўскага Інстытуту, дасылаў адтуль легкадумныя «Лісты з Каліфорніі».

У 2000 годзе была працягнутая ідэя штодзённых цыклічных перадачаў. Гэтым разам штодня на працягу году ў канцы першай гадзіны нашага эфіру гучала перадача «Галасы стагодзьдзя. Мінулы век у памяці сучасьнікаў». 366 жыцьцёвых гісторый, зь якіх складаецца шырокая панарама беларускага жыцьця, сталіся нібы падсумаваньнем стогадовага досьведу народу. Сёньня мы пачуем некалькі ўспамінаў з нашага аўдыёархіву.

***

Нашай цэнтральнай тэмай сёньня будуць лістыслухачоў. У 2000 годзе сталым аўтарам перадачы «Паштовая скрынка-111» стаў наш менскі калега Валянцін Жданко. Сёньня Валянцін — госьць нашай перадачы. Ці лёгка пішуцца лісты на Свабоду?


«Я чытаю некаторыя лісты і адчуваю, што для іх аўтараў напісаць на Свабоду было асабістым грамадзянскім учынкам, актам немалой мужнасьці. Гэта адчуваецца па ўсім — па тым, колькі чалавек працаваў над гэтым лістом, як ён яго падпісаў. Вельмі часта апошнім часам людзі падпісваюцца псэўданімамі, і гэта відавочна праява страху за тое, што ліст на Свабоду будзе для чалавека мець нейкія сур’ёзныя наступствы. Часам слухачы, чуючы ў маёй перадачы, што ліст напісаў, дапусьцім, нехта «Полацкі», нехта «Памяркоўны», нехта «Слуцкі», нехта «Лясовіч», адчуваюць, што гэта несапраўдная імя. Гэты страх жывы, ён ажыў і актывізаваўся ў другой палове 90-х гадоў і на пачатку новага тысячагодзьдзя. Гэтага страху амаль не было ў сярэдзіне 90-х гадоў. Але выявілася, што памяць пра тыя часы, калі напісаць ліст на Свабоду сапраўды было вялікай рызыкай, рызыкай небеспадстаўнай — выявілася, што гэты страх вельмі хутка вяртаецца.

Часам яго праявы могуць выклікаць усьмешку. Вось у нас адзін час на паштовым аддзяленьні, дзе ў нас паштовая скрынка, вісела скрынка, у якую можна было апусьціць лісты, яна была адкрытая — можна было прыйсьці на пошту і пакласьць свой ліст. Вельмі многія аўтары выбіралі менавіта такі шлях: прыходзілі асабіста на пошту, прыносілі туды свае лісты, і нават адзін зь іх папярэдзіў нас, што ў спэцслужбаў і ворагаў Свабоды доўгія рукі — можна ў тую скрынку залезьці, дастаць і пракантраляваць гэтую карэспандэнцыю. На жаль, апошнім часам паштовая скрынка зьмянілася, у нас на пошце цяпер нельга туды пакласьці лісты — можна толькі паслаць па пошце, і гэта дарэчы выклікала ў некалькіх нашых аўтараў заўвагі: улады зрабілі крок да таго, каб ўсё ж такі кантраляваць пошту, каб нельга было туды лісты прыносіць непасрэдна.

Цікавая тэндэнцыя назіраецца апошнім часам у пошце нашых слухачоў. Шмат расповедаў і ўспамінаў пра тое, як людзі прыйшлі да слуханьня Свабоды. Многія згадваюць пра тое, як слухалі Свабоду ў той час, калі гэта было небясьпечна, калі гэта магло мець нейкія сур’ёзныя наступствы. Ёсьць лісты, у якіх людзі ўзгадваюць пра тое, якія хітрыя прыстасаваньні яны вынаходзілі для таго, каб зьменшыць уплыў глушылак, якія глушылі сыгнал Свабоды. Некаторыя нават малююць у лістах канфігурацыю антэны дзеля таго, каб слухаць Свабоду.

Многія, дарэчы, перакананыя ў тым, што глушылкі ўключаныя і цяпер і замінаюць слухаць менавіта беларускую службу Радыё Свабода. Мы спрабавалі высьветліць, ці сапраўды гэта так. Пацьвярджэньняў мы не знайшлі, тым ня менш пэрыядычна, час ад часу, зь месяцу ў месяц такія сыгналы ад слухачоў мы атрымліваем. Некаторыя, дарэчы, тлумачаць тое, што сыгнал Свабоды цяжка злавіць, тым, што вельмі знасіўся парк радыёпрыймачоў. Тыя савецкія радыёпрыймачы, да якіх усе прывыклі — усе памятаюць «Акіян», «ВЭФ», «Сьпідолу» — аджылі свой век, а купіць новыя для многіх вялікая праблема. Па-першае, вельмі цяжка знайсьці іх у краме, выпуск іх вельмі істотна скараціўся. Па-другое, кошты ў іх такія, што ўжо сувымерныя з коштамі якасных прыймачоў заходняй вытворчасьці, і для многіх сямейных бюджэтаў гэта проста непад’ёмная сума«.

Наш сёньняшні госьць Валянцін Жданко крыху пазьней, а зараз — аўтэнтычны эфір 2000 году.


***
Год 2000 у сьвеце

Палітыка

У Аўстрыі ва ўрадавую кааліцыю ўваходзяць правыя экстрэмісты з Партыі Свабоды Ёрга Гайдэра. — У Іране ўпершыню пасьля Ісьлямскай рэвалюцыі бальшыню ў парлямэнце складаюць рэфармісты. — Прэзыдэнтам Расеі становіцца Ўладзімер Пуцін. — Прэзыдэнты Паўночнай і Паўдзённай Карэі падпісваюць мірнае пагадненьне. — У Югаславіі ў выніку масавых пратэстаў адхілены ад улады Слабадан Мілошавіч. — Пасьля складанага перападліку галасоў прэзыдэнтам ЗША абраны Джордж Буш.

Навука i тэхналёгія

У Эўропе шырыцца эпідэмія каровінага шаленства. — Дэшыфраваны геном чалавека, што абяцае рэвалюцыю ў мэдычнай практыцы.

Літаратура

Нобэлеўская прэмія прысуджаная эміграцыйнаму кітайскаму празаіку і драматургу Гао Сінцьзяню.

Песьня году - Britney Spears / Ooops... I Did It Again

***

А зараз зноў зьвернемся да нашага сёньняшняга госьця — менскага журналіста Валянціна Жданко, сталага аўтара перадачы «Паштовая скрынка-111». Хто піша на Свабоду?

«Яшчэ адна вялікая частка лістоў — гэта лісты ад нашых апанэнтаў. Мяне вельмі радуе тое, што іх становіцца больш. Як ні дзіўна — чалавек, які, мяркуючы зь ягонага ліста, стаіць зусім на іншых пазыцыях, які падтрымлівае ўладу, у якога настальгія па савецкім мінулым, які вельмі варожа ставіцца да многіх выступаў на Свабодзе лідараў дэмакратычных партыяў — тым ня менш ён сядае за паперу, бярэ ў рукі аловак і піша сваім апанэнтам. Такіх лістоў нямала. Я часам задумваюся — што штурхае гэтых людзей да таго, каб уступаць у гэтую дыскусію? Відаць, ім бракуе аб’ектыўнай інфармацыі. Тое, што яны могуць убачыць на афіцыйных тэлеканалах, пачуць на дзяржаўным радыё, прачытаць у афіцыйных газэтах — нягледзячы на тое, што там пішацца ўсё тое, што яны думаюць, у чым яны перакананыя — ім гэтага не хапае. І, як ні дзіўна, аднадумства, адфільтраваная, няпоўная інфармацыя, да якой яны заклікаюць у сваіх разважаньнях — гэтага недастаткова для іх саміх. У гэтых людзей існуе нейкі ўнутраны сумнеў ва ўсіх сваіх ранейшых перакананьнях, яны як бы на раздарожжы. Часта мне здаецца, што ўвогуле гэта бравада ў гэтых людзей — насамрэч унутраная патрэба ў тым, каб у эфіры гучалі розныя погляды, каб існавала разумная дыскусія, каб на іх звароты адказвалі сумленна, апэравалі рознай супярэчлівай інфармацыяй, каб сутыкаліся розныя погляды — усё гэта неабходна любому чалавеку незалежна ад ягоных поглядаў.

Яшчэ адна частка нашай пошты — гэта лісты ад прыхільнікаў нацыянальных суполак, дэмакратычных партыяў, якія тым ня менш перакананыя, што Радыё Свабода павінна абслугоўваць іхныя партыйныя інтарэсы. Гэтыя людзі выказваюць шчырае недаўменьне з нагоды таго, чаму мы не асьвятляем кожны іх крок, чаму не даем у кожным выпадку слова іхным партыйным лідэрам, чаму не заклікаем да ўдзелу ў іхных акцыях. Даводзіцца тлумачыць гэтым людзям, што Радыё Свабода — незалежнае ад любых палітычных партыяў і кіроўных групаў, арганізацыяў, што яно не павінна абслугоўваць іх вузкапартыйныя інтарэсы».

А зараз — зноў наш архіў. Галасы стагодзьдзя. Гаворыць маці зьніклага палітыка Юрыя Захаранкі — Ульяна.


***
2000 ГОД У БЕЛАРУСІ

1 студзеня — адбываецца дэнамінацыя беларускага рубля — 1000 рублёў становіцца 1 рублём

26 студзеня — Лукашэнка і Пуцін абмяняліся ў Маскве ратыфікацыйнымі граматамі дамовы аб стварэньні саюзнай дзяржавы

1-7 лютага — па ўсёй Беларусі праходзіць агульнанацыянальны страйк прадпрымальнікаў, у якім узяло ўдзел каля 100 тысячаў чалавек

10 лютага — Лукашэнка заявіў аб нежаданьні весьці перамовы з апазыцыяй

18 лютага — падае ў адстаўку прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Лінг, ягонае месца займае Ўладзімер Ярмошын

22 лютага — удзельнікі Кансультацыйнае рады апазыцыйных палітычных партыяў пастанавілі байкатаваць парлямэнцкія выбары

25 лютага — аднаўляецца выхад газэты «Наша Свабода» — спадкаемцы закрытых уладамі «Навінаў»

4 сакавіка — трагічна загінуў гісторык Мікола Ермаловіч

15 сакавіка — у шмат якіх гарадох Беларусі праходзіць Марш Свабоды-2, мэта — прымусіць улады распачаць дыялёг з апазыцыяй

25 сакавіка — Дзень Волі, у Менску больш за 10 тысячаў удзельнікаў, каля 200 чалавек затрыманыя, у тым ліку больш за 30 журналістаў

18 красавіка — Палата Прадстаўнікоў амэрыканскага Кангрэсу прыняла спэцыяльную рэзалюцыю ў справе Беларусі

26 красавіка — Чарнобыльскі Шлях — у Менску ў шэсьці ўзялі ўдзел каля 30 тысячаў чалавек

3 траўня — Палата Прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША прыняла рэзалюцыю з асуджэньнем парушэньня правоў чалавека у Беларусі

22-25 траўня — у Менску адбываецца ІІІ Міжнародны кангрэс беларусістаў

2 ліпеня — у Менску праходзіць IV Кангрэс дэмакратычных сілаў Беларусі. Галоўны вынік — заява пра няўдзел дэмакратычных сілаў у парлямэнцкіх выбарах

4 ліпеня — ЗША скасавалі ільготы Агульнай Сыстэмы Прэфэрэнцыяў для імпарту зь Беларусі ў адказ на няздольнасьць беларускіх уладаў забясьпечыць правы рабочых

7 ліпеня — у Менскім аэрапорце зьнікае апэратар расейскае тэлекампаніі ОРТ Зьміцер Завадзкі

10 ліпеня — на 9-й сэсіі парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ ў Бухарэсьце прымаецца рэзалюцыя ў справе Беларусі, пакліканая прымусіць беларускія ўлады распачаць перамовы з апазыцыяй і ўсталяваць у краіне дэмакратычныя нормы

29 ліпеня — дэлегаты Ўсебеларускага зьезду за незалежнасьць у Менску ухваляюць Акт незалежнасьці

1 кастрычніка — у Менску і 8 кастрычніка ў 22 іншых гарадох Беларусі праходзіць Марш Свабоды-3 з лёзунгамі байкоту парлямэнцкіх выбараў

15 кастрычніка — выбары ў Палату прадстаўнікоў, якія паводле экспэртаў Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека не адпавядалі міжнародным стандартам

21 кастрычніка — у Курапатах распачатае стварэньне мэмарыяльнага комплексу «Лес крыжоў»

12 лістапада — у гарадох Беларусі праходзіць маладзёвая акцыя «Пераменаў», больш за 100 затрыманых

***

Нагадаю, госьць нашай сёньняшняй перадачы — сталы вядучы нашай Паштовай скрынкі Валянцін Жданко. Ён працягвае расповед пра тое, хто й чаму піша на Свабоду.

«Яшчэ адзін значны разьдзел нашай пошты — лісты-скаргі, традыцыйны спосаб рэагаваньня людзей на рэчаіснасьць, традыцыйны савецкі спосаб, я б сказаў. Патрабаваньні ўмяшацца ў сытуацыю, паўплываць на чыноўнікаў. Часам гэта пішуць людзі пасьля шматлікіх, шматгадовых бясплённых спробаў дамагчыся праўды і справядлівасьці ў чыноўніцкіх кабінэтах і ў рэдакцыях дзяржаўных мэдыяў. Натуральна, гэта савецкая традыцыя, і мы фактычна нічым ня можам дапамагчы гэтым людзям, хоць, з другога боку, нельга не спачуваць гэтым людзям, якія кладуць месяцы і гады свайго жыцьця на бясплённую, па сутнасьці, барацьбу з чыноўніцкім самаўладзтвам. На жаль, пакуль разуменьня таго, што любую канфліктную і спрэчную сытуацыю можна разьвязаць у судзе, у масавай грамадзкай сьвядомасьці не замацавалася. Але, з другога боку, ёсьць аб’ектыўныя прычыны, бо справядлівага й незалежнага суда ў Беларусі таксама няма.

Нарэшце, яшчэ адно назіраньне, якое мяне апошнім часам і радуе. Часам, гледзячы на канвэрт, я бачу, што лісты фактычна бяз адрасу або зь вельмі недакладным адрасам, тым ня менш, даходзяць да нас, даходзяць на Свабоду. Напрыклад, ёсьць слухачы, якія, адрасуючы свой ліст, пішуць на канвэрце: „Мінск, Радыё Свабода“, альбо нават „Менск, Паштовая скрынка 111“. Тое, што такія лісты, з такім адрасам даходзяць, мяне вельмі радуе, бо, на маю думку, гэта сьведчаньне таго, што нас чуюць і нас ведаюць — ведаюць многія».

I на заканчэньне — зноў наш архіў.
СЛУХАЦЬ УСЮ ПЕРАДАЧУ:
На жаль, гэтая опцыя пакуль што недаступная

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG