Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крымскія татары спыніліся за крок да кровапраліцьця. Джамілева сустракалі БТР і аўтаматчыкі


Мустава Джамілеў
Мустава Джамілеў

Трапіць у родны дом лідэру крыскіх татараў так і не ўдалося. Аднак удалося пазьбегнуць ахвяраў

Сымфэропаль. У суботу з самай раніцы з усіх рэгіёнаў Крыму пачалі рух аўтакалёны з крымскімі сьцягамі. Гэта адбылося па-за плянам маштабнага сьвяткаваньня нацыянальнага сьвята — Хыдырлеза.

Само сьвята так і не адбылося. Больш за 5000 крымскіх татараў паехалі ў Армянск — сустракаць на мяжы свайго лідэра Мустафу Джамілева, якому напярэдадні забаранілі ўезд у Крым. Але трапіць у родны дом народнаму дэпутату так і не ўдалося. Аднак удалося пазьбегнуць ахвяр.

Камэнтуючы для журналістаў рашэньне расейскай улады адносна забароны ўезду на паўвыспу лідэр крымскіх татараў , вядомым у сьвеце дысідэнт і народны дэпутат Украіны Мустафа Джамілеў, старшыня Мэджлісу Рэфат Чубараў назваў яго «шакавальным для ўсіх крымскіх татараў».


«Аказваецца, любога крымскага татарына сёньня можна не пусьціць на Радзіму. Крымскіх татараў, якія 50 гадоў змагаліся за права жыць на сваёй Радзіме», — адзначыў Чубараў.

Рашэньнем Мэджлісу было адменена маштабнае правядзеньне нацыянальнага сьвята земляробства і ўрадлівасьці — Хыдырлеза, якое павінна было стаць адным з прыкладаў «пасьпяховага» дыялёгу новай крымскай улады і крымскіх татараў. Для ўдзелу ў сьвяце запрошаныя паважаныя прадстаўнікі Рэспублікі Татарстан і Расейскай Фэдэрацыі, на ўрачыстым канцэрце павінны былі выступаць творчыя калектывы Татарстану.


Замест гэтага было прынята рашэньне калектыўна паехаць насустрач Мустафу Джамілеву, які пасьля няўдалай спробы трапіць у Крым самалётам, вярнуўся ў Кіеў і паехаў аўтамабілем. Трэба дадаць, што ніякай афіцыйнай пастановы аб прычынах забароны ўезду народнаму дэпутату так і не ўдалося ўбачыць.

Днём на пункце пропуску «Турэцкі вал» ў Армянску яго ўжо чакалі больш за тысячу аўтамабіляў і амаль пяць тысяч крымскіх татараў, мужчын і жанчын. З сабой яны прывезьлі крымскататарскі і ўкраінскія сьцягі. Людзі, якія сабраліся скандавалі «Мустафа», «Мілет» (народ), «вата» (Радзіма).


Аўтакалёну блякавалі байцы расейскага АМАПу. Прадстаўнікі Мэджлісу разам з актывістамі сталі рухацца да кантрольна-прапускнога пункту пешшу і прарвалі жывы кардон спэцназу. Байцы зрабілі некалькі стрэлаў у паветра, на шчасьце, ніхто не пацярпеў.

Сустрэўшы Мустафу Джамілева на «нэўтральнай тэрыторыі» паміж межамі, крымскататарскія актывісты апынуліся заблякаваныя і ня мелі магчымасьці вярнуцца ў Крым. Пачаліся шматгадзінныя перамовы з крымскімі ўладамі , а таксама прадстаўнікамі Расейскай Дзяржаўнай думы, але безвынікова.

Самаабвешчаны прэм’ер Крыму Сяргей Аксёнаў заявіў, што Джамілеў прыехаў на паўвыспу на «замову заходніх спэцслужбаў для дэстабілізацыі сытуацыі», паведаміла прэс-служба Рады міністраў Крыму. Адначасова з гэтым у Армянск пачалі звозіць спэцаадзелы АМАПу, расейскіх вайскоўцаў, «паліцыі» і «крымскай самаабароны»


Крымскія татары абвясьцілі аб пачатку акцыі па блякаванні аўтатрасаў па ўсім Крыме. Па сьведчаньні відавочцаў, былі блякаваныя трасы пад Сымфэропалем, каля Бахчысараю, у Старым Крыме, пад Эўпаторыяй і ў пасёлку Акцябарскі. Здавалася, што гэта пачатак доўгага супрацьстаяньня.

Расейскія ўлады рыхтавалася да кровапраліцьця


Трапіць дадому лідэру крымскататарскага народа ў гэты дзень так і не ўдалося.

Як перадаў зь месца падзеяў карэспандэнт сайту Крим. Реалии, трасу Армянск — Херсон блякавалі чатырма палосамі з аўтамабіляў УРАЛ, БТР, а таксама байцамі АМАП і іншых сілавых спэцаддзелаў Расеі. Усяго ў блякаваньні мяжы ўдзельнічалі, па розных ацэнках, да тысячы байцоў розных сілавых аддзелаў Расеі. У тым ліку бранятэхніка. Яшчэ адну лінію «абароны» пабудавалі на ўезьдзе ў Армянск ўзброеныя бітамі і дубцамі актывісты мясцовых прарасейскіх арганізацыяў.


Кіраўнікі Мэджлісу прынялі рашэньне аб вяртаньні Джамілева ў Кіеў, каб пазьбегнуць сутыкненьняў і кровапраліцьця.

У той жа час кіраўнік Мэджлісу крымскататарскага народа Рэфат Чубараў заявіў журналістам, што да Дня дэпартацыі 18 траўня пытаньне з допускам Джамлева ў Крым будзе вырашана, як і з «допускам любога крымскага татарына на сваю Радзіму».

«18 траўня ў Крыме чакаецца шмат замежных гасьцей і Мустафа Джамілеў мае быць на ўсіх гэтых мерапрыемствах», — адзначыў Чубараў.

Для таго, каб крымскія татары, якія сустракалі Джамілева, змаглі пакінуць кантрольна-прапускны пункт, расійскія вайскоўцы адкрылі калідор. Пасьля таго, як крымскія татары пакінулі КПП, паехаў і сам Джамілеў.

МЗС Украіны выказала сваё абурэньне «рэпрэсіўнымі і абсурднымі дзеяньні марыянэткавай крымскай улады і іх лялькаводаў ў Маскве супраць крымскататарскага народа». Як гаворыцца ў афіцыйнай заяве міністэрства, гэтыя дзеяньні зьяўляюцца «грубым парушэньнем усіх міжнародных і двухбаковых ўкраінска-расейскіх пагадненьняў, чарговай праявай ксэнафобіі, шавінізму і нацыянальнай нецярпімасьці, уласьцівых цяперашняму расейскаму рэжыму».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG