Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адэса. Багата гора


Футбольныя фанаты й сілы самаабароны чакаюць нападу «Антымайдану»

Футбольныя фанаты й сілы самаабароны чакаюць нападу «Антымайдану»

Карэспандэнтка Расейскай службы Радыё Свабода Алена Рыкаўцава 2 траўня апынулася ў Адэсе на Дэрыбасаўскай вуліцы, калі адбылася першая атака. Яна пакінула цэнтар гораду, калі ад Дома прафсаюзаў былі вывезены першыя целы загінулых. Прапануем вашай увазе яе нататкі

2 траўня а 16 гадзіне ўкраінскага часу я ўжо ведала, што ў Адэсе здарылася бойка між футбольнымі фанатамі адэскага «Чарнаморца» і харкаўскага «Мэталіста» з аднаго боку і прыхільнікамі «Антымайдану» з другога. Пра гэта аб’яўлялі ў мясцовых навінах. Гэта была ня першая бойка паміж імі за месяцы канфлікту. Я была ўпэўненая, што на гэтым на сёньня ўсё.

А 16:10 я села ў маршрутку, якая кіравалася ў цэнтар гораду. На 16:30 у кавярні Гарсаду (побач з Дэрыбасаўскай) у мяне была прызначана сустрэча з генэральным прадусарам Адэскай кінастудыі Віктарам Наздрухіным-Забалотным. Я зьбіралася распытаць яго пра тое, што і колькі губляюць украінскія й расейскія кінэматаграфісты ад усёй гэтай вайны. Шэсьце па вуліцы Буніна

Шэсьце па вуліцы Буніна



А 16:30 я выйшла на скрыжаваньні вуліцы Буніна й Аляксандраўскага праспэкту. І ўбачыла, як па вуліцы Буніна рухаецца калёна дэманстрантаў, на чале якой чамусьці ехала пажарная машына. Калёна спынілася на вуліцы Буніна. Я падышла і стала фатаграфаваць яе ўдзельнікаў. Шмат хто зь іх быў у касках і камуфляжы. Адэса. Фанаты й атрады самаабароны чакаюць нападу

Адэса. Фанаты й атрады самаабароны чакаюць нападу



Я стала распытваць іх, што адбываецца. Яны сказалі, што тут у асноўным футбольныя фанаты «Чарнаморца» і «Мэталіста». Што яны выйшлі на свой марш у падтрымку адзінай Украіны. Такі супольны марш праводзіцца не ўпершыню. Але ў гэты раз яны пабачылі ў сацсетках, у групах удзельнікаў «Антымайдану» заклікі сабрацца й разграміць гэты марш. Таму што ён ідзе «ня з тымі» лёзунгамі і «ня з тым» сьцягам. І яны цяпер чакаюць нападу. Іх тут падтрымлівае атрад адэскай самаабароны (відаць, тыя самыя людзі ў камуфляжы і касках). Адэса. У чаканьні нападу

Адэса. У чаканьні нападу


Я спыталася: калі й адкуль яны чакаюць нападу? Яны адказалі, што група «Антымайдану» ідзе паралельнай вуліцай і цяпер заварочвае сюды.

Сыстэма інфармацыі ў іх увогуле была наладжана добра. Яны ўвесь час атрымлівалі па тэлефоне паведамленьні пра перамяшчэньне гэтае групы.

У нейкую хвіліну пачуўся сыгнал «Яны тут». Калёна імгенна перагрупавалася, наперад выступіў шчыльны шэраг людзей з шчытамі ў руках.

Потым была паўза цішыні сэкундаў на 30. А тады на іх з боку Аляксандраўскай вуліцы раптам пабеглі людзі. Усе гэтыя людзі, як ні дзіва, былі ў аранжавых касках. Фанаты ня сталі чакаць, калі аранжавыя каскі прарвуць першы шэраг (з шчытамі) й кінуліся ім насустрач. Усчалася бойка. Я бачыла, што па вуліцы да іх едзе міліцэйская машына. Да гэтага ніякай міліцыі не было. То бок усе ўсё ведалі адно пра аднога, а міліцыя ня ведала ні пра каго нічога.

У гэты ж час з боку Дэрыбасаўскай стала чуваць нейкія стрэлы і паваліў дым. Я пайшла туды. На Дэрыбасаўскай я зразумела, што тут ідзе яшчэ адзін бой. Ён ішоў акурат на ўзроўні кавярні, дзе мяне чакаў Віктар Наздрухін-Забалотны. То бок я не магла дайсьці да гэтай кавярні наўпрост па Дэрыбасаўскай, мне давялося ісьці ў абход, цераз Гарсад. Я зайшла ў гэтую кавярню пад жахлівы грукат нейкіх стрэлаў і шумавых гранатаў. Афіцыянткі заносілі ў памяшканьне столікі ды крэслы з вуліцы. Відаць, баяліся, што зараз пачнуцца пагромы. Адэса. Баі на Дэрыбасаўскай

Адэса. Баі на Дэрыбасаўскай



Мы зь Віктарам нарэшце сустрэліся, пазнаёміліся і прынялі рашэньне перамясьціцца для нашае гутаркі ў якое-небудзь больш надзейнае месца.

Што было далей — усе бачылі ў рэжыме он-лайн. У цэнтры гораду працягваліся баі. Гінулі людзі. Як толькі прыйшлі зьвесткі пра першыя ахвяры сярод прыхільнікаў адзінай Украіны, у сацыяльных сетках зьявіўся заклік ісьці на Кулікова поле й зьнішчаць лягер «Антымайдану».

Гэта той самы лягер, пра які я пісала ў сваім першым рэпартажы з Адэсы. Ён месьціўся на плошчы побач з будынкам аблсаўпрафу. Я штовечар вярталася дахаты міма яго — там заўжды было амаль пуста. Толькі некалькі насельнікаў намётаў. Я ведаю, што многіх адэсітаў зьдзіўляла: чаму ўлады не разьбяруць гэты лягер?! Тым больш ніякай асаблівай падтрымкі ў горадзе ў яго не было. Але, відаць, гэтае пытаньне было з той жа сэрыі, што і «куды глядзіць міліцыя». Нікуды.

Калі «­майданаўцы» прыбылі на Кулікова поле зь цьвёрдым намерам разграміць лягер, яго насельнікі кінуліся ў дом прафсаюзаў і забарыкадаваліся там. «Майданаўцы» сталі паліць намёты. А вось як загарэўся будынак самога дома прафсаюзаў — гэта ўжо тэма для асобнага расьсьледаваньня, бо «кактэйлі Молатава» шпурлялі і звонку будынка, і сьсярэдзіны.

...Я прыйшла на Кулікова поле позна ўвечары, калі будынак быў ужо патушаны. Замест намётаў было папялішча. Усё, што засталося ад палатак

Усё, што засталося ад палатак



Побач дзяжурылі пажарныя машыны ды хуткая дапамога. Размаўляла зь лекарам. Ён сказаў, што дзясяткі параненых. Шмат хто з агнястрэльнымі раненьнямі, ёсьць колатыя раны, ёсьць пераломы. Я спыталася, колькі загінулых. Ён сказаў: «Мы займаемся жывымі». Адэса. Кулікова поле

Адэса. Кулікова поле


Да таго моманту, як я падышла, з будынка ўжо вынесьлі пяць трупаў. І тут я пабачыла дзьвюх дзяўчатак, адна зь якіх рыдала на плячы ў другой. Аказалася, яна аплаквала свайго сябра, які загінуў сёньня ў баях на Дэрыбасаўскай ад стрэлу з агнястрэльнае зброі. Яго звалі Ігар Іваноў. Ён быў памочнікам судзьдзі ў Прыморскім судзе гораду Адэсы. Яна сказала, што ён таксама быў «дзясятнікам». Відаць, уваходзіў у атрад самаабароны Адэсы. Адэса. Кулікова поле. Цяпер тут галоўнымі пажарныя

Адэса. Кулікова поле. Цяпер тут галоўнымі пажарныя


Вакол будынка было некалькі самых розных групаў. Выглядае, гэта і былі атрады самаабароны. Адзін зь іх пачаў шыхтавацца. Іх камандзір сказаў: «Каларады-камікадзэ ідуць сюды ад Прывоза. Будзем сустракаць». Адэса. Кулікова поле. Спалены будынак прафсаюзаў

Адэса. Кулікова поле. Спалены будынак прафсаюзаў


А вось хлопец з атрада заўзятараў па імі Дзьмітрый, які браў удзел і ў дзённым шэсьці, і ў разгроме намётавага лягера, сказаў, што ён упэўнены: «Яны сюды больш не паткнуцца, бо зразумелі, хто тут сіла». Я спыталася: хто сёньня змагаўся супраць іх, фанатаў? Ён сказаў, што гэта былі людзі з адэскага «Антымайдану», было таксама шмат прыежджых зь Мікалаева і Данецку. Адэса. Яны будуць дзяжурыць тут усю ноч

Адэса. Яны будуць дзяжурыць тут усю ноч


Мяне ў гэтай гісторыі больш за ўсё ўразіла нейкія ейная зададзенасьць. Вось як казалі, што «1 або 2 траўня ў Адэсе чакаюцца правакацыі й беспарадкі», гэтак яны й здарыліся. Нейкае аб’яўленае забойства. Усе ведаюць, усе чакаюць, але ніхто ня можа (ці ня хоча) прадухіліць.

Дарэчы, сёньня жыхары гораду апавядалі мне, што адэскія маклеры цалкам сур’ёзна пытаюцца: «Вы для каго кватэру здымаеце? Для шпіёнаў?» Мяне запэўніваюць, што ўсе здымныя кватэры, усе санаторыі Адэсы запоўненыя мужчынамі з Расеі, якія ціха жывуць у нумарах і пакойчыках па адным, па два. Чакаюць свайго часу. Хто ведае — ці настаў іхні час ужо сёньня, ці гэта быў толькі пачатак.

Наступны матэрыял Алены Рыкаўцавай — «Одесса после боя»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG