Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сталкеры Свабоды

Дар’я Ліс: «Хачу адчыніць у Залесьсі безбар’ерную кавярню»


Яна складае вершы і апавяданьні, піша зацемкі і эсэ для розных выданьняў, асвойвае новыя кампутарныя праграмы і сьветла ўсьміхаецца кожнаму дню. Але жорсткая рэчаіснасьць вельмі часта ставіць непераадольныя бар’еры на шляху інваліднага вазка шчодра адоранай дзяўчыны. Дар’я Ліс са слыннага мястэчка Залесьсе, якое некалі было Паўночнымі Афінамі для роду Агінскіх, — гераіня новага выпуску праграмы Сталкеры Свабоды.

«Мне захацелася пісаць з-за праблем экалёгіі. Гуляючы з сябрамі па нашым лесе каля Залескай сярэдняй школы, я ўбачыла літаральна горы сьмецьця. І я вырашыла, што гэта непрыгожа і крыўдна, што людзі забруджваюць такое цудоўнае месца. Я напісала пра гэта зацемку ў газэту «Раніца» і яе надрукавалі.

Я добра ведала ў школе французскую мову, але ў лінгвістычным унівэрсытэце не было ліфта і не было на той час завочнага аддзяленьня французскай мовы. На маміным філфаку БДУ таксама не было ліфта. На журфаку былі праблемы з ліфтам, але я й не хацела на журфак. Я хацела атрымаць іншую спэцыяльнасьць. У выніку я пайшла ў пэдагагічны ўнівэрсытэт імя Максіма Танка толькі па той прычыне, што там ліфт быў. Тым ня менш, я не шкадую пра гэты выбар.

Да ўнівэрскіх часоў я пераходзіла ў размовах на мову субяседніка. Я лічыла, што гэта дыпляматычна і так людзі мяне лепш зразумеюць. Цяпер я ведаю, што калі я размаўляю па-беларуску, то большасьць людзей у Беларусі мяне разумее, а калі хтосьці не разумее, то я перакладаю. Так што расейская — гэта мова міжнацыянальных зносін, а беларуская — гэта мова маёй душы.

Калі выйшла мая першая кніжка «Вясновы Jazz», я адчула падтрымку землякоў і адчула, што многім нашым знаёмым і сябрам было прыемна атрымаць яе ў падарунак.

Сталкеры Свабоды

«Сталкеры Свабоды» — штотыднёвая праграма нашага Радыё. У ёй мы распавядаем пра людзей, якія сілай сваіх перакананьняў, творчай актыўнасьцю, нязломным аптымізмам, глыбінёю веры ў сваё прадвызначэньне ствараюць уласную тэрыторыю свабоды. Героі праграмы — земляробы і інтэлектуалы, адзінокія маці і шматдзетныя бацькі, спартоўцы і эколягі, невядомыя народныя майстры і выбітныя прафэсійныя мастакі, вольныя вандроўнікі і вязьні турмаў — усе тыя, хто штодзённа расшырае вакол сябе ўласную свабодную прастору да межаў уласнае краіны. Штотыдзень па суботах на нашым сайце — «Сталкеры Свабоды».

Усе выпускі «Сталкераў Свабоды»
Калі казаць шчыра, то мне безумоўна, не хапае свабоды і незалежнасьці, таму што я не змагла атрымаць тую адукацыю, якая б дазволіла мне працаваць, наймаць кватэру, мець пэрсанальнага памочніка, быць больш незалежнай ад маіх бацькоў. Гэта быў бы плюс і для мяне, і для іх. Але ці была б гэта Беларусь? Ці магчыма тут такое ўвогуле?

Ведаеце, што мне крыўдна? Што Беларусь губляе прафэсіяналаў проста з-за таго, што ў іх ёсьць нейкія праблемы са здароўем. Беларусь не ўяўляе, што можа быць сьляпы дыплямат або журналіст у інвалідным вазочку, ці нават бугальтар. Мне падаецца, што гэта няправільна.

Я лічу, што для таго, каб Беларусь стала краінай роўных магчымасьцяў для ўсіх грамадзянаў, варта быць салідарнымі, варта працаваць менавіта над эўрапейскімі каштоўнасьцямі. Беларусь — гэта краіны, якая знаходзіцца ў цэнтры Эўропы і мы не павінны пра гэта забывацца.

Мне вельмі падабаюцца польскія гарады і я вельмі паважаю палякаў за тое, як яны папрацавалі над безбар’ерным асяродзьдзем. Я была ў Гданьску, Варшаве, а мінулым летам у Любліне. Там здорава. Можна заехаць у замак, можна зайсьці ў кавярню, можна свабодна гуляць па вуліцах. Заўжды, як еду куды, хвалююся: як я там буду перамяшчацца. Я прыяжджаю ў Польшчу і разумею, што палякі — малайцы. Практычна паўсюль я магу перамяшчацца свабодна.

У Залесьсі я магу пайсьці ў парк Агінскага, але ў Залесьсі вельмі шмат бар’ераў. Практычна, толькі пару крамаў, куды можна зайсьці. У бібліятэку ня зойдзеш, таму што там другі паверх. Аптэку, куды можна было заехаць набыць вітаміны і крэм, напрыклад, зачынілі. У школе пандуса няма. Цяжкавата гуляць па Залесьсі, шчыра сказаць.

У нас недастаткова разьвіта індустрыя турызму. І я хацела б адчыніць у Залесьсі безбар’ерную кавярню з добрай кавай, каб гэта было запатрабавана».
XS
SM
MD
LG