Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за 40 чалавек загінулі ў Адэсе ў выніку сутычак з сэпаратыстамі. Аб'яўленая жалоба


Гарадзкая рада Адэсы абвясьціла ў горадзе ў ноч на суботу трохдзённую жалобу па загінулых у сутыкненьнях і перастрэлках паміж актывістамі за адзінства Украіны і прарасейскімі сэпаратыстамі ў пятніцу.

Паводле паведамленьня, у сувязі з трагічнымі падзеямі жалоба ў Адэсе абвешчаная 3, 4 і 5 мая.

На будынках павінны вывесіць прыспушчаныя дзяржаўныя сьцягі Украіны і сьцягі горада з жалобнымі стужкамі, у горадзе рэкамэндуецца абмежаваць выкарыстаньне музыкі і ажыцьцяўленьня забаўляльных мерапрыемстваў.


Між тым паступаюць новыя зьвесткі аб загінулых і пацярпелых. У прыватнасьці, галоўнае ўпраўленьне Дзяржаўнай службы па надзвычайных сытуацыях ў Адэскай вобласьці паведаміла, што на месцы сутыкненьняў ля Дома прафсаюзаў, у якім забарыкадаваліся прарасейскія сэпаратысты і ўспыхнуў пажар, выявілі 36 загінулых. Раней паведамлялася, што ад пажару загінуў 31 чалавек.


Па паведамленьнях, 8 зь іх загінулі, выскокваючы з вокнаў верхняга паверха, іншыя, хутчэй за ўсё, атруціліся чадным газам.

Акрамя таго, паведамлялася пра ня менш чым чатырох забітых раней, калі сэпаратысты абстрэльвалі актывістаў з агнястрэльнай зброі.

У гарсавеце таксама пацьвердзілі, што двое з пацярпелых памерлі ўжо ў шпіталях. Як піша агенцтва «Інтэрфакс- Украіна», такім чынам, агульная колькасьць загінулых узрасла да 43. Але пакуль ня ясна, з чаго складаецца гэтая лічба.

Па дадзеных Адэскай гарадзкой рады, узрасла і колькасьць пацярпелых — да 174, зь іх 25 ў вельмі цяжкім стане.

Сутыкненьні ўспыхнулі яшчэ днём у пятніцу, калі на калёну фанатаў футбольных клюбаў «Чарнаморац» (Адэса) і «Мэталіст» (Харкаў), якія ў гэты дзень гулялі ў Адэсе матч, а таксама іншых грамадзян, якія ішлі са сьцягамі Украіны і заклікалі да адзінства дзяржавы, напалі прарасейскія маладыя людзі ў масках, зь бітамі і шумавымі гранатамі. Пры гэтым, па паведамленьнях і фатаграфіях ў сацсетках, частка міліцыі дзейнічала сумесна з радыкаламі і выкарыстоўвала аднолькавыя зь імі знакі прыналежнасьці — чырвоныя стужкі на рукавах.

Нападнікі апынуліся ў меншасьці і былі вымушаны адыходзіць, ужываючы супраць дэманстрантаў агнястрэльную зброю. Украінскія дэманстранты з дапамогай пажарнай машыны прабілі барыкады сэпаратыстаў і ліквідавалі лягер «антымайданаўцаў», які ўжо пяць месяцаў стаяў на плошчы Кулікова поле; частка прарасейскіх нападнікаў забарыкадавалася ў Доме прафсаюзаў непадалёк, адстрэльваючыся адтуль і закідваючы актывістаў «кактэйлямі Молатава». У будынку ўспыхнуў пажар. Актывісты спрабавалі ратаваць нападнікаў, якія выскоквалі з вокнаў.

У сацыяльных сетках пішуць, што ў Адэсе «НАТА — народная антытэрарыстычная аперацыя».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG