Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У палітычным інтэрнэт-таталітарызатары робяць стаўкі на жывых людзей


У інтэрнэце напярэдадні хакейнага чэмпіянату можна зрабіць лёсавызначальную стаўку: каго з актывістаў арыштуюць наступным, на колькі дзён і па якім артыкуле.

Рэклямны кансультант Юлія Ляшкевіч вырашыла згуляць на роўных зь беларускімі ўладамі і з дапамогай сяброў-валянтэраў запусьціла ў Інтэрнэце «Таталітарызатар».

«„Таталітарызатар“ гатовы да працы і прагне крыві, — заклікае з экрана манітора іржавы апарат. — Націскайце на старт і рабіце прагнозы».

«Перад спартовымі падзеямі людзі робяць стаўкі на выйгрыш той ці іншай каманды, — тлумачыць сваю ідэю Юлія Ляшкевіч. — А ў нашай краіне іншы таталізатар: каго і на колькі арыштуюць. Мы ўжо да гэтага так прызвычаіліся, што проста сядзім і чакаем, і глядзім на гэта як на відовішча. Можам толькі вяла меркаваць, колькі сутак дадуць».

Галоўная задача «Таталітарызатара» — яшчэ раз прыцягнуць увагу да палітзьняволеных.

Паставіць можна на абсалютна рэальных асобаў. Напрыклад, на Зьмітра Дашкевіча, былога палітзьняволенага, які цяпер адбывае тэрмін у 25 сутак. Ягоная жонка Наста — на сёмым месяцы цяжарнасьці. Калі стала вядома, што Зьмітра затрымалі, яна напісала ў фэйсбуку, што меліся разам ісьці да доктара. Зьміцер выйдзе з турмы толькі пры канцы траўня. За некалькі дзён да заканчэньня чэмпіянату сьвету па хакеі.

Шмат хто скажа, што рабіць стаўкі на лёс жывых людзей — гэта цынічна.

«Гэта ня большы цынізм, чым праяўляе дзяржава, калі нізавошта арыштоўвае, — упэўненая Юлія. — І гэта ня большы цынізм, чым наш, калі мы проста сядзім і ўсё гэта трываем. У тым ліку і я. Я пра сябе кажу гэтаксама, як і пра ўсіх астатніх».

Беларускія ўлады пабудавалі пад чэмпіянат гатэлі і хостэлы, адкрылі бязьвізавы рэжым і чакаюць 20 тысяч заўзятараў і турыстаў.

Яна згадвае, як шмат спадзяваньняў ускладала грамадзянская супольнасьць на гэты чэмпіянат.

«Усе казалі, што гэта будзе цудоўная нагода, каб прыцягнуць увагу да правоў чалавека ў Беларусі. Спачатку казалі пра байкот, але байкоту не атрымалася, — кажа яна. — А калі выбухнула Ўкраіна, пра палітзьняволеных усе „забылі“».

«Навіна пра тое, што чарговага актывіста арыштавалі на чарговую порцыю сутак, ужо не навіна, — тлумачыць дызайнэр „Таталітарызатара“ Стась Карпаў. — Прынамсі, каб людзі ізноў пачалі гэта абмяркоўваць, варта было б гэта зрабіць. Таму лічу, што Юліна ідэя шыкоўная».

C Стась Карпаў

Стась Карпаў

тась далучыўся да Юлінай ідэі валянтэрам. Гэта ён прыдумаў, як будзе выглядаць беларускі «Таталітарызатар».

«Мне прыйшоў да галавы такі постапакаліптычны прыборчык, — тлумачыць ён. — Наша „дыктатурка“ ў мяне не асацыюецца з высокімі тэхналёгіямі. А найперш зь нейкім мэталаломам».

Паводле Юліных назіраньняў, пэўная частка «прасунутых» беларусаў нават ня ведае пра прэвэнтыўныя арышты.

«Для мяне паказчыкам стала размова з дызайнэркаю, зь якой мы разам рабілі «Турэмны каляндар». Яна вельмі «ў тэме», добра разумее, што адбываецца ў краіне, але яна ў мяне запыталася: «Няўжо ты думаеш, што людзей будуць арыштоўваць?»

Я адказала: «Сто працэнтаў. Гэта як хроніка абвешчанай сьмерці — хроніка абвешчанага арышту».

А тыя, хто ведае, ужо настолькі прызвычаіліся, што перасталі ўспрымаць гэта як нешта надзвычайнае. Любы пост пра ўкраінскія падзеі зьбірае больш «лайкаў» і камэнтароў у сацыяльных сетках, чым самая балючая інфармацыя пра палітзьняволеных, — дзеліцца сваімі назіраньнямі Ляшкевіч.

«Заўжды, калі ёсьць прэтэнзіі, то кажуць: ну навошта яшчэ раз рабіць нешта „для гета“, калі ўсё гета і так „за“, — кажа яна. — І вось упершыню перад чэмпіянатам здарылася сытуацыя, калі „гета“ таксама трэба агітаваць. Мы таксама забылі пра палітзьняволеных. Цяпер трэба нагадваць ужо тым, пра каго думалі, што ім ужо нагадваць ня трэба».

Самі палітзьняволеныя, на чый арышт прапануецца рабіць стаўкі, у стварэньні праекту бралі непасрэдны ўдзел.
Павал Вінаградаў, архіўнае фота

Павал Вінаградаў, архіўнае фота

«Гэта вельмі крутая ідэя, — кажа рэкардсмэн „сутак“ экс-палітзьняволены Павал Вінаградаў. — Я ў пэўнай ступені кансультаваў праект, калі гэта ўсё стваралася. Лічу, што над такімі сур’ёзнымі рэчамі, як пасадкі ні за што, трэба ўжо і сьмяяцца. І ня ставіцца да гэтага як да трагедыі, а высьмейваць крывавы рэжым».

Вінаградаву гэтым разам «пашанцавала». Замест таго каб пасадзіць яго на чарговыя суткі (а ў 2012-м Павал правёў «на сутках» 61 дзень), яму працягнулі «прэвэнтыўны нагляд» і параілі на час чэмпіянату «прыбрацца з гораду» куды далей.

У тым, каб запусьціць «Таталітарызатар», удзельнічала шмат валянтэраў. «Я ўдзячная вялікай колькасьці людзей, — кажа Юлія Ляшкевіч. — Шмат хто рыхтаваў інфармацыю пра палітзьняволеных, рабіў пераклады, працуюць дызайнэры, людзі проста распаўсюджваюць гэтую інфармацыю ў фэйсбуку».

Асобна Юля адзначае ўдзел юрыста арганізацыі Lawtrend Аляксея Казьлюка і праваабаронцы зь «Вясны» Насты Лойкі. «Іхная дапамога была вельмі каштоўная», — кажа аўтарка ідэі.

Дарэчы, гэта ня ўся кампанія, якую задумала Ляшкевіч. Па сацсетках распаўсюджваюцца плякаты з інфармацыяй пра кожнага палітзьняволенага.

А рэалізаваць «Таталітарызатар» дапамагла міжнародная праваабарончая арганізацыя Freedom House. Распавядае яе праект-дырэктар зь Літвы Віціс Юрконіс:
Віціс Юрконіс

Віціс Юрконіс

«Ідэя цалкам належыць беларусам. Мы толькі былі мастком паміж імі і літоўскімі праграмістамі. Большую частку працы яны рабілі на валянтэрскіх асновах. Але дамэн і хостынг „Таталітарызатар“ таксама атрымаў з нашай дапамогай».

Віціс упэўнены, што ідэя «Таталітарызатара» цалкам адпавядае складанай сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі:

«Улада цынічна гуляе лёсамі і жыцьцямі людзей, — кажа Юрконіс. — Менавіта на гэта хацелі зьвярнуць увагу. Дзяржава цынічна глядзіць на сваіх суграмадзянаў. Грае несумленна, грае бяз правілаў».

Юля Ляшкевіч распавядае, што стала рабіць гэта, думаючы пра сваякоў палітзьняволеных. Такіх, як Сьвятлана Вінаградава, жонка Паўла, якая чакала яго з турмы пасьля Плошчы, а цяпер часта чакае «з сутак». Сьвятлана ўжо зрабіла на «Таталітарызатары» першую стаўку «Ня думаю, што чалавек, на якога робяць стаўкі, мусіць расстройвацца ці будзе расстройвацца, — кажа яна. — Мы ў гэтым жывем, мы ведаем — так, іх пасадзяць. Трэба ўжо ставіцца да гэтага з іроніяй. Мы сёньня зь сябрамі адкрылі першы раз і паставілі на нашага сябра. Непрыемных адчуваньняў не было, а верагоднасьць таго, што яго затрымаюць, вельмі высокая. Паставілі — праверым».

Цяпер нагадаць сабе і ўсяму сьвету пра палітзьняволеных можна, проста дадаўшы да свайго тэматычнага паста ў сацсетках набор хэштэгаў #minsk2014, #минск2014, #мінск2014, #worldcup2014, #hockey2014, #хоккей2014, #belarus2014, #icehockey2014 ці зайшоўшы на сайт «Таталітарызатара».
XS
SM
MD
LG