Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штэфан Фюле: Эўразьвяз у свой час недаацаніў Расею


Прадстаўнік ЭЗ у пытаньнях пашырэньня Штэфан Фюле ў пятніцу ў інтэрвію Радыё Свабода выступіў з рэзкай крытыкай на адрас Расеі.

Паводле Фюле, анэксія Расеяй Крыму і падтрымка Масквой узброеных сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны дэманструе «абуральнае грэбаваньне міжнародным правам», а таксама імкненьне прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна да такога ўладжаньня сьвету, пры якім адзіным правілам стане адсутнасьць якіх-небудзь правілаў.

Фюле адзначыў, што Эўразьвяз у свой час недаацаніў Расею, калі «не ўспрыняў усур’ёз» словы Пуціна, сказаныя ім у 2005 годзе. Тады Пуцін назваў развал Савецкага Саюзу найбуйнейшай геапалітычнай катастрофай 20 стагодзьдзя.

«Мы занепакоеныя эскаляцыяй гвалту на ўсходзе Ўкраіны. У Расеі ёсьць забавязаньне ўносіць свой уклад у выкананьне Жэнэўскіх пагадненьняў», — сказаў Штэфан Фюле. Ён заклікаў дзяржавы — члены ЭЗ выпрацаваць адзіную пазыцыю па Расеі. Таксама Фюле, чый пяцігадовы тэрмін на цяперашняй пасадзе заканчваецца ў кастрычніку, заявіў, што праграма Ўсходняга партнэрства ЭЗ у сувязі з падзеямі ва Ўкраіне ня будзе замарожаная.

«Наша палітыка заснаваная на амбіцыях нашых партнэраў, — заявіў Фюле. — Мы будзем салідарныя з нашымі партнэрамі, мы будзем дапамагаць ім дасягнуць гэтых амбіцыяў. А калі Расея будзе працягваць сёньняшні курс, то будзе працягвацца і палітыка ізаляцыі Расеі з боку Эўрапейскага Зьвязу і нашых саюзьнікаў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG