Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты ў адзін голас цьвердзяць, што агрэсіўныя дзеяньні Расеі супраць Украіны, курс Масквы на перагляд вынікаў распаду СССР павінны моцна паўплываць на беларуска-расейскія адносіны. Асабліва з улікам шчыльных дачыненьняў паміж Беларусьсю і РФ.

Іншае пытаньне, у якім напрамку яны будуць разьвівацца. Тут адзінства ў прагнозах няма. Адны экспэрты кажуць пра новыя пагрозы для Беларусі. Маўляў, пасьля Ўкраіны Расея будзе больш рашуча браць пад кантроль беларускага саюзьніка. Бо — як, напрыклад, лічыць былы прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі — «мэтай Пуціна ёсьць максымальнае адраджэньне ўсяго, што было страчана разам з распадам СССР».

Другія экспэрты зьвяртаюць увагу на новыя магчымасьці. Маўляў, цяпер Расея ва ўмовах міжнароднага крызісу, канфлікту з Захадам, застаўшыся без саюзьнікаў, будзе больш удзячная амаль адзінаму вернаму хаўрусьніку — Беларусі. І, адпаведна, Менск, скарыстаўшы спрыяльны момант, пачне атрымліваць ад Масквы больш датацыяў.

Можа, і сапраўды Расея будзе плаціць за ляяльнасьць. Хоць, як паказвае гісторыя з мытам на экспарт нафтапрадуктаў, зусім ня факт. Бо міжнародная ізаляцыя, у якой апынулася Расея ў выніку ўкраінскага крызісу, спрычынілася да сур’ёзных праблемаў у расейскай эканоміцы.

Нельга выключаць, што РФ, як калісьці СССР, нягледзячы на ўласныя эканамічныя цяжкасьці, будзе і надалей фінансава падтрымліваць Беларусь. Аднак, падаецца, нават у такім выпадку афіцыйнаму Менску цяжка будзе захаваць ранейшую мадэль узаемаадносін з Масквою, якая будавалася паводле схемы: Беларусь атрымлівае расейскія датацыі, але пры гэтым захоўвае незалежнасьць ва ўнутранай палітыцы (напрыклад, беларускія ўлады не дапускаюць стварэньня тут прарасейскай палітычнай інфраструктуры ў выглядзе партыяў, НДА, мэдыяў і інш.), эканамічнай палітыцы, замежнай палітыцы (самастойныя гульні з ЭЗ, Кітаем, Вэнэсуэлай, цяпер з Украінай), ваеннай палітыцы (Лукашэнка доўга супраціўляўся стварэньню адзінай сыстэмы СПА на расейскіх умовах).

Дык вось, думаю, цяпер сыстэма беларуска-расейскіх узаемадачыненьняў будзе іншая. Залежнасьць Беларусі ад Расеі значна павялічыцца. Па-першае, з прычыны цяжкага стану эканомікі Беларусі, які з кожным годам пагаршаецца, Менску трэба ўсё больш фінансавага падмацаваньня. У гэтым сэнсе залежнасьць робіцца наркатычнай. Напрыклад, калі праз паўгода Беларусь не атрымае крэдыту, то можа здарыцца абвал на ўзор 2011 году.
Мяркуючы па публічных выказваньнях Лукашэнкі, ён разумее, што ўтварылася новая сытуацыя, якая нясе пагрозы незалежнасьці Беларусі і ягонай неабмежаванай уладзе над краінай

Па-другое, новая постукраінская Расея моцна абрэжа прастору незалежнасьці Беларусі ва ўсіх сфэрах. Што ўжо адбываецца. Масква навязала Менску расейскага кіраўніка беларускай праваслаўнай царквы. Пуцін прымусіў Лукашэнку згадзіцца на зьяўленьне на тэрыторыі Беларусі расейскіх самалётаў. Пра інфармацыйнае ўзьдзеяньне Расеі на Беларусь ужо шмат напісана. І ва ўмовах «халоднай вайны» між РФ і Захадам Менск вымушаны, у адпаведнасьці з геапалітычнай лёгікай заняць, акопы разам з Масквой. Гэта статус сатэліта, марыянэткі, васала.

Мяркуючы па публічных выказваньнях Лукашэнкі, ён разумее, што ўтварылася новая сытуацыя, якая нясе пагрозы незалежнасьці Беларусі і ягонай неабмежаванай уладзе над краінай. Абмежаваньне ідзе з сталіцы суседняй дзяржавы.

І кіраўнік Беларусі інстынктыўна спрабуе, як вобразна сказаў Юры Дракахруст, «схавацца ад Расеі ў яе абдымках». Адсюль вернападданьніцкія заявы Лукашэнкі, што Беларусь заўсёды будзе з РФ, ягоныя катэгарычныя абвяржэньні абвінавачаньняў наконт прыгнёту тут расейцаў і расейскай мовы. Зразумела, з аднаго боку, моцныя абдымкі зьвязваюць рукі твайго партнэра. Але адначасова і твае рукі зьвязаныя. У такой позе казаць пра незалежнасьць не выпадае.

Каб захаваць сувэрэнітэт, трэба мяняць сацыяльную мадэль. Патрэбныя рынкавыя рэформы, якія зробяць эканоміку Беларусі эфэктыўнай і здольнай існаваць без расейскіх крэдытаў і датацыяў. Для размарожваньня дачыненьняў з Захадам патрэбныя палітычныя рэформы, якія б вярнулі ў краіну дэмакратыю.

Але зьмена сацыяльнай мадэлі азначае для Лукашэнкі вялізную пагрозу страты ўлады. А ўзмацненьне залежнасьці ад Расеі азначае толькі зьмяншэньне ягонай улады. І з двух ліх ён выбірае меншае.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG