Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Калінінградзе суд паслаў пад варту на два месяцы траіх грамадзян Расеі, якіх падазраюць у тым, што яны ўзьнялі сьцяг Нямеччыны над будынкам абласнога ўпраўленьня Фэдэральнай службы бясьпекі.

Сьцяг Нямеччыны быў ўзьняты ў ноч зь 12 на 13 сакавіка, а падазраваных — Алега Савіна, Міхаіла Фельдмана і Дзьмітрыя Фанарова — затрымалі ў хуткім часе, паведамляе інтэрнэт-выданьне «Русская планета». Спачатку супраць іх была адміністрацыйная справа і іх адпусьцілі, але 24 красавіка справу перакваліфікавалі ў крымінальную, і цяпер ім пагражае вялікі штраф альбо да сямі гадоў пазбаўленьня волі.

«На будынку ФСБ разьмясьцілі сьцяг ФРГ як сымбаль неабходнасьці выхаду Калінінградзкай вобласьці са складу РФ і далучэньня да Эўрапейскага Зьвязу, чым груба парушылі грамадзкі парадак», -- гаварылася ў пастанове аб узбуджэньні крымінальнай справы.

28 красавіка судзьдзя Жана Аксянчук на час сьледзтва накіравала падазраваных у сьледчы ізалятар на два месяцы.

Паводле выданьня «Русская планета», спачатку затрыманыя казалі, што вывесілі нямецкі сьцяг у адказ на анэксію Расеяй Крыму, але цяпер яны ўвогуле адмаўляюць сваю датычнасьць да вывешваньня сьцягу.

Да 4 ліпеня 1946 году Калінінград быў нямецкім горадам Кёнігсбэргам. У 1946 годзе паводле рашэньня Патсдамскай канфэрэнцыі горад і навакольле былі часова перададзеныя СССР. Пазьней, пры падпісаньні дамоваў аб межах, Калінінградзкая вобласьць была цалкам прызнаная тэрыторыяй Савецкага Саюзу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG