Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 3 траўня: Уручэньне прэміі «Гліняны Вялес», Дзень свабоды друку


Гліняны Вялес
Гліняны Вялес

Падзеі і даты сёньняшняга дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.


ПАДЗЕІ ДНЯ

Уручэньне літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес — 2013». У імпрэзе бяруць удзел: Анатоль Вярцінскі, Леанід Дранько-Майсюк, Алесь Аркуш, Эдуард Акулін, Зьміцер Вішнёў, Тацьцяна Козік, рок-гурт «Верасень». Кнігарня «Галіяфы» (Менск, вул. Валгаградзкая, 6, ст. мэтро «Маскоўская»). Пачатак — а 17-й гадзіне. Уваход вольны.

У Менску ў Верхнім горадзе ў раёне пл. Свабоды і вул. Кірылы і Мятода адкрыецца музычны турыстычны сэзон. З траўня па верасень у Верхнім горадзе будуць праходзіць моладзевыя творчыя праекты, у тым ліку Форум вулічных тэатраў. На пляцоўцы будуць ня толькі рэалізаваныя музычныя праекты, але і рэканструяваныя эпізоды з гісторыі Менску.

Журналісты ўсіх краінаў сьвету адзначаюць Усясьветны дзень свабоды друку.

Сусьветны дзень Сонца.

У Польшчы — Нацыянальнае сьвята Канстытуцыі.
ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1791 — Сойм Рэчы Паспалітай зацьвердзіў першую ў Эўропе Канстытуцыю.

1947 — У Японіі ўведзена новая Канстытуцыя, ухваленая парлямэнтам, імпэратарам і народам, якія выказалі сваё меркаваньне на рэфэрэндуме. Канстытуцыя абмежавала ўладу імпэратара і зацьвердзіла адмову ад выкарыстаньня ваеннай сілы пры вырашэньні міжнародных спрэчак.

1991 — У сталіцы Намібіі прынятая «Віндхукская дэклярацыя», якая заклікала ўрады дзяржаў усяго сьвету забясьпечваць свабоду прэсы. Дзень па рашэньні ЮНЕСКА адзначаецца як Сусьветны дзень свабоды друку.

У гэты дзень нарадзіліся:

1162 — Чынгісхан, мангольскі хан, вялікі ваеначальнік, стваральнік сусьветнай дзяржавы, заснавальнік Мангольскай дзяржавы, арганізатар заваявальных паходаў у Азію і Ўсходнюю Эўропу, аб’яднальнік Манголіі.

1469 — Нікола Макіявэлі, італьянскі палітычны й вайсковы тэарэтык, гісторык, пісьменьнік і дыплямат.

1620 — Багуслаў Радзівіл, вайсковы і дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, мэцэнат.

1877 — Антон Грыневіч, зьбіральнік беларускага музычнага фальклёру, выдавец. Загінуў у ГУЛагу.

1882 — Уладзіслаў Галубок, беларускі драматург, актор і рэжысэр, заснавальнік беларускага савецкага тэатру. Загінуў у ГУЛагу.

1891 — Міхаіл Булгакаў, расейскі пісьменьнік, аўтар раманаў «Майстар і Маргарыта», «Сабачае сэрца», «Белая гвардыя».

1892 — Аляксандар Вальковіч, прадстаўляў БНР пры ўрадзе Грузіі, народны сакратар фінансаў БНР. Падчас польскай акупацыі Беларусі ў 1919–1920 гадах быў арыштаваны, уцёк за мяжу. У 1925 годзе вярнуўся ў БССР. Арыштаваны 25 траўня 1937 году. Расстраляны.

1898 — Голда Меір, прэм’ер-міністар Ізраілю ў 1969-1974 гадах.

1953 — Франц Сіўко, беларускі празаік, публіцыст. Ягоны артыкул у «ЛіМе» ў 1986 годзе «Прашу вызваліць...» пра вывучэньне беларускай мовы ў школах выклікаў дыскусію і зварот дзеячоў культуры да Генэральнага сакратара ЦК КПСС Міхаіла Гарбачова.

1979 — Натальля Радзіна, журналістка, галоўная рэдактарка сайту charter97.org

У гэты дзень памерлі:

1864 — Станіслаў Горскі, беларускі прыродазнавец, мэдык, пэдагог.

1990 — Пімен, патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі.
Цытата на памяць:

Ніколі і нічога не прасіце! Самі прапануюць і самі ўсё дадуць.

М.Булгакаў, «Майстар і Маргарыта»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG