Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі будуць ствараць «Пакт»


Віктар Карняенка

Віктар Карняенка

Устаноўчы сход новай грамадзкай арганізацыі плянуюць правесьці ў траўні.

Пра гэта Свабодзе сёньня паведаміў сябра аргкамітэту ў справе стварэньня «Пакту» Віктар Карняенка:

«Працоўная назва арганізацыі, якую мы хочам стварыць, — „Пакт“. Бо існуе такі дакумэнт ААН — Пакт аб палітычных і грамадзянскіх правах. Да яго ёсьць вельмі важны дадатак — факультатыўны пратакол. Беларусь ратыфікавала абодва гэтыя дакумэнты. Гэта значыць, што наша краіна ўзяла на сябе абавязак іх выконваць. Але ўлады гэтага ня робяць».

Віктар Карняенка патлумачыў, што ў новую арганізацыю ўвойдуць тыя людзі, якія зьвярталіся са сваімі скаргамі ў ААН. Сам спадар Карняенка падаў сем скаргаў. Пяць зь іх у ААН прызналі справядлівымі, адну — не, адна яшчэ разглядаецца. Першая скарга была на тое, што ўлады Беларусі, парушаючы заканадаўства, ліквідавалі грамадзкую арганізацыю «Грамадзянскія ініцыятывы». Апошняя тычыцца масавых парушэньняў заканадаўства пры правядзеньні мясцовых выбараў сёлета ў сакавіку.

У аргкамітэт «Пакту» таксама ўваходзяць Мечыслаў Грыб, Міхаіл Пастухоў, Леанід Судаленка ды іншыя асобы, якія афіцыйна зьвярталіся ў ААН, патрабуючы прызнаць дзеяньні беларускіх уладаў адносна іх парушэньнямі міжнародных нормаў.

Віктар Карняенка кажа, што ў «Пакту» ёсьць тры мэты:

«Першая — ціск на беларускія ўлады, каб яны ўсё ж выконвалі рашэньні ААН. Другая — пошук мэханізму ціску на камітэт ААН. Бо пакуль атрымліваецца так — камітэт прымае рашэньне, а выкананьнем яго ўжо не цікавіцца.Трэцяя — як мага шырэй распаўсюджваць дадзеныя пра тыя, пакуль рэдкія выпадкі, калі ўлады ўсё ж выконвалі рашэньні ААН. Можа,тады колькасьць перарасьце ў якасьць».
XS
SM
MD
LG