Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Герой інфармацыі» Аляксей Мацука: Арыенціроўкі на мяне вісяць па ўсім Данбасе


Аляксей Мацука
Аляксей Мацука
Сярод васьмі журналістаў з Эўропы, якія трапілі ў сьпіс 100 «герояў інфармацыі», упершыню складзены міжнароднай арганізацыяй «Рэпарцёры бязь межаў», 31-гадовы галоўны рэдактар сайту «Навіны Данбасу».

— Аляксей, вы адзін з «герояў інфармацыі», сьпіс якіх вызначылі «Рэпарцёры бязь межаў». Як вы ўспрынялі атрыманьне гэтага статусу?

— На жаль, нягледзячы на перамогу Майдана ў Кіеве, дэмакратычныя каштоўнасьці яшчэ не перамаглі на ўсходзе Ўкраіны. Людзі, якія змагаюцца на прарасейскіх барыкадах, выступаюць супраць таго, за што стаяў і губляў чалавечыя жыцьці Майдан. Для такіх людзей паняцьці «свабоды слова» і «свабода волевыяўленьня» нічога ня значаць. У іх іншыя каштоўнасьці, тыя, якія прапаноўвае «рускі мір», — кансэрватыўнае праваслаўе, дапушчальнасьць забойства за іншадумства, адсутнасьць свабоды прэсы. Вядома, для такіх людзей арганізацыя «Рэпарцёры бязь межаў» ці такія СМІ, як «Навіны Данбасу», нічога ня значаць.

— Гэтыя людзі ў большасьці ці ў меншасьці?

— Такія людзі не складаюць большасьці ў Данбасе: толькі каля 10% жыхароў Данбасу хочуць адлучэньня рэгіёну ад Украіны. Астатнія 90% — гэта людзі, якія ўсё ж жывуць у 21 стагодзьдзі. І надзея на тое, што рэгіён выкараскаецца з гуманітарнай катастрофы і працэсу расчалавечваньня, які цяпер мы назіраем у Славянску, залежыць якраз ад гэтай большасьці. Я б параўнаў сытуацыю ў Данбасе з акцыямі ў Нью-Ёрку, калі людзі выходзілі на вуліцу з плякатамі «We are 99%», пратэстуючы супраць канцэнтрацыі багацьця ў 1 працэнта насельніцтва. Дык вось так і ў нас — пераважную большасьць ніхто ня бачыць і ня чуе, у той час, як 10 працэнтаў прыхільнікаў Расеі правяць баль і не даюць у тым ліку працаваць журналістам.

— Ад пачатку супрацьстаяньня ва Ўкраіне журналісты апынуліся ў небясьпечным стане. Як вы адчуваеце гэта на сабе?

— Я магу сказаць, што прыхільнікі Расеі моцна перашкаджаюць нам працаваць, таму што разумеюць, што калі мы будзем працаваць згодна з прынцыпамі і законамі журналістыкі, дык і гэтыя 10 працэнтаў іх падтрымкі хутка зьнікнуць, калі сьвет пабачыць непераканаўчасьць тых ідэяў, якія яны хочуць навязаць цэламу грамадзтву. У Данбасе журналістаў цяпер запалохваюць, прыніжаюць. Як менавіта? Некаторых б’юць, за некаторымі пастаянна сочаць. Напрыклад, на маю асобу вісяць арыенціроўкі на ўсіх блёк-пастах у Данецкай вобласьці. Трэба адзначыць, што «Рэпарцёры бязь межаў» упершыню далі статус «героя інфармацыі» прадстаўніку данбаскага СМІ. Я думаю, што гэта добры крок гэтай міжнароднай арганізацыі насустрач данецкім СМІ і спроба паказаць, што праблемы лякальнай журналістыкі, якая апынулася сам-насам з узброенымі людзьмі, баевікамі, разумеюцца і адэкватна ацэньваецца з боку дэмакратычных краін. Таксама, вядома, гэты статус актуалізуе праблему стану свабоды слова ў Данбасе.

— Калі браць інфармацыю са СМІ, можна падумаць, што Данбас ужо цалкам акупаваны Расеяй. Як вы лічыце, ці ёсьць надзея, што рэгіён дасьць адпор?

— У Данбасе вялізная колькасьць людзей супраціўляецца прарасейскім захопнікам. Калі яны не стаяць на вуліцах з украінскімі сьцягамі і з аўтаматамі, гэта ня значыць, што яны не супраціўляюцца. Украінцы плацяць падаткі, на якія ўтрымліваецца армія і праваахоўная сыстэма. Навошта шараговаму грамадзяніну выходзіць, каб бараніць цэласнасьць краіны і мір са зброяй у руках? Гэта дапушчальна толькі для тэрарыстаў і баевікоў — выходзіць са зброяй за расейскую мову. Больш такога нідзе ў сьвеце няма. А гэтыя 10 працэнтаў людзей, якія падтрымліваюць тэрарыстаў, знаходзяцца пад татальным уплывам расейскай тэлепрапаганды, якая «прамывае мазгі». Цяпер у нас ёсьць пэўная колькасьць мэнтальна пакалечаных жыхароў рэгіёна, якія за расейскую мову выходзяць з аўтаматам у руках супраць сваіх суграмадзян. І гатовыя забіваць тых, хто не гаворыць па-расейску.

— Чаму вы лічыце, што такой падтрымкі з боку жыхароў Данбасу рэальна няма?

— Прарасейскія партыі і арганізацыі заўсёды былі маргінальныя ў Данбасе. Ніколі не было фракцыяў такіх партыяў ні ў абласным, ні ў гарадзкім, ні ў раённым саветах, ніколі дэпутатаў ад «Рускага блёку» не было. А цяпер рэзка ўсе сталі падтрымліваць? Я ў гэта ня веру. Я веру ў тое, што гэтая падтрымка магчымая толькі пры расейскім умяшаньні з аўтаматамі, баевікамі. Тады — так. Прыбярыце гэты фактар, прыбярыце Расею ад Украіны — і сьледу не застанецца ў Данбасе ад «русского мира». Ён, магчыма, застанецца на ўзроўні культуралёгіі і жаданьня паглядзець сэрыял пра расейскіх мянтоў, але ня больш за тое. Культура можа быць цікавая, але не абарона тэлеканалу «Культура» пры дапамозе гранатамёта.

— Ці ўзьнікаюць праблемы ў жыхароў Данбасу на бытавым узроўні, ці могуць на чалавека напасьці, калі ён не гаворыць па-расейску?

— У Данбасе на ўзроўні побыту ксэнафобія заўсёды была. Таму — так, цяпер сталі дапушчальнымі зьневажальныя словы ў побытавай камунікацыі ў дачыненьні да любога «іншага». Нават калі вы незвычайна апранецеся і прыедзеце ў Енакіева, на вас будуць глядзець як на іншага і нават могуць ужыць сілу супраць вас. Чым бяднейшае грамадзтва, тым яно менш талерантнае. Гэты рэгіён доўгі час фармаваўся пад уплывам сям’і Януковіча, усе рашэньні прымаліся альбо ім асабіста, альбо яго набліжанымі. Дэмакратыі не было, «Партыя рэгіёнаў» практычна манапалізавала палітычны працэс у рэгіёне. Нягледзячы на супольны рэйтынг апазыцыйных партыяў у 15%, данецкія СМІ доўгі час не давалі ім магчымасьці ніякім чынам прысутнічаць у мэдыяпрасторы, прадстаўляючы пляцоўку выключна «Партыі рэгіёнаў». Сёньня актывісты гэтай партыі разам з камуністамі стаяць на прарасейскіх барыкадах. Выходзіць, што прадстаўнікі гэтай партыі, атрымліваючы заробкі і льготы ад украінскага народу, займаюцца калябарацыянізмам, арганізоўваючы на базе сваіх партыйных штабоў участкі для правядзеньня 11 траўня рэфэрэндуму фактычна па развале краіны. Гэта і ёсьць пятая калёна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG