Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Газпром» і «Сбербанк» пад пагрозай санкцыяў ЗША


Сэнатары-рэспубліканцы прапануюць увесьці санкцыі супраць расейскіх «Сбербанка » і «Газпрома».

Вялікая група сэнатараў-рэспубліканцаў падрыхтавала законапраект, які прадугледжвае новыя санкцыі супраць Расеі. Назва дакумэнта — «Закон аб прадухіленьні агрэсіі Расеі», яго аўтары выступаюць за ўзмацненьне жорсткасьці рэакцыі ЗША на дзеяньні Расеі ў дачыненьні да Ўкраіны. Пра гэта паведамляе служба навінаў «Голасу Амэрыкі».

Санкцыі прапануецца ўвесьці ў дачыненьні да чатырох расейскіх банкаў — «Сбербанка», «ВТБ», «Газпромбанка» і «Внешторгбанка», а таксама энэргетычных кампаніяў «Газпром», «Новатек» і «Роснефть» і, нарэшце, найбуйнейшага гандляра расейскай зброяй — кампаніі «Рособоронэкспорт».

Гэтыя структуры — флягманы расейскай эканомікі, якія забясьпечваюць ільвіную долю даходнай базы бюджэту краіны. Акрамя таго, гэтыя кампаніі актыўныя на міжнароднай арэне; іх контрагентамі зьяўляюцца ня толькі бізнэс-структуры, але і ўрады.

Пакуль немагчыма сказаць, наколькі вялікія шанцы таго, што законапраект будзе ўхвалены абедзьвюма палатамі Кангрэсу і прэзыдэнтам ЗША.

Амэрыканскі фінансавы аналітык Аляксандар Школьнікаў сказаў, што шанцы на тое, што такі буйны банк, як «Сбербанк», стане аб’ектам санкцыяў, не занадта вялікія — больш высокая рызыка для драбнейшых банкаў.

Разам з тым вядомы расейскі эканаміст Сяргей Аляксашанка лічыць, што нават рэальная пагроза прымяненьня санкцыяў можа вельмі нэгатыўна адбіцца на дзейнасьці гэтых кампаніяў.

«У „Сбербанка“ і, асабліва, у „ВТБ“ — велізарная колькасьць міжнародных разьлікаў і шматбаковая міжнародная дзейнасьць. У „ВТБ“ ёсьць даччыныя банкі ў Эўропе. Ён праводзіць велізарную колькасьць апэрацыяў з эўрааблігацыямі. Наўрад ці банк зачыніцца, але па яго дзейнасьці будзе нанесены моцны ўдар, — сказаў Аляксашанка. — У „Роснефти“ і „Газпрома“ велізарная колькасьць праектаў з замежнымі ўдзельнікамі. Зразумела, што праблемаў у іх будзе вышэй за дах».

Аляксандар Школьнікаў падкрэсьліў, што любыя санкцыі адаб’юцца на эканоміцы Расеі нэгатыўна.

«Цяпер, — адзначае ён, — складваецца ўражаньне, што Расея гатовая гэта ператрываць. Заўсёды ёсьць палітычныя і эканамічныя інтарэсы. Выглядае на тое, што Масква зараз гатовая ахвяраваць патэнцыялам эканамічнага росту ў імя вырашэньня нейкіх геапалітычных задач».

Школьнікаў мяркуе, што Расея можа сур’ёзна адрэагаваць на санкцыі ў адносінах да флягманаў яе энэргетыкі: «Калі накладуць санкцыі на расейскія энэргетычныя кампаніі, то яны пачнуць выціскаць заходнія кампаніі, якія дзейнічаюць на расейскім рынку. І атрымаецца гульня: хто міргне першым. Па Расеі ўдарыць балюча, але ў яе ёсьць адказ».
XS
SM
MD
LG