Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 2 траўня: Лекцыя чэскага культуроляга ў Менску, дзень памяці Леанарда да Вінчы


Фрагмэнт твору Леанарда да Вінчы

Фрагмэнт твору Леанарда да Вінчы

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Прафэсар Карлавага ўнівэрсытэту ў Празе, вядомы чэскі культуроляг і дасьледчык літаратуры Марцін Путна выступіць зь лекцыяй «Літаратурная крытыка ў Сярэдняй Еўропе: навука, мастацтва, ідэалёгія, аўтатэрапія?». Сустрэчу ладзіць літаратурны сайт bookster.by. Зь лекцыі прафэсара Путны слухачы даведаюцца, якія функцыі выконвала літаратурная крытыка апошнія дзвесьце гадоў – падчас нацыянальнага адраджэння ў Сярэдняй Еўропе XIX стагодзьдзя, у эпоху сэкулярызацыі, а таксама ва ўмовах таталітарных рэжымаў XX стагодзьдзя і пасьля іх падзеньня. Менск, офіс Пэн-цэнтру (вуліца Залатая горка, 2–101), пачатак а 19.30.

У Варшаве адбудзецца трохбаковая (Расея-Украіна-Эўразьвяз) сустрэча па ўрэгуляваньні газавага доўгу Ўкраіны Расеі.
ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1892 – у Расейскай імпэрыі, у Кіеве, запушчаны першы электрычны трамвай.

1920 – у Менску выйшаў першы нумар часопіса «Рунь», рэдактар Янка Купала.

1933 – у нацысцкай Нямеччыне забароненая дзейнасьць усіх прафсаюзаў, кіраўнікі прафсаюзаў арыштаваныя.

1945 – камандзір абароны Бэрліну Гэльмут Вайдлінг падпісаў загад аб капітуляцыі нацысцкай сталіцы.

1977 – на чыгуначнай станцыі Крыжоўка пад Менскам адбылося сутыкненьне пасажырскага цягніка з электрычкай. Паводле афіцыйных дадзеных загінулі 22 чалавекі, паводле неафіцыйных – да 200 чалавек. Гэта была самая буйная чыгуначная катастрофа ў гісторыі Беларусі.

1984 – савецкі дысыдэнт фізык Андрэй Сахараў пачаў галадоўку (да 6 жніўня) пасьля таго, як савецкі ўрад адмовіў ягонай жонцы Алене Бонэр ў дазволе на выезд за мяжу для таго, каб зрабіць неабходную апэрацыю.

2011 – спэцслужбы ЗША забілі ў Пакістане лідэра тэрарыстычнай сеткі «Аль-Кайда» Ўсаму бін Ладэна.

У гэты дзень нарадзіліся:

1729 – Кацярына ІІ, расейская імпэратрыца, пры якой Вялікае Княства Літоўскае стала часткай Расейскай імпэрыі.

1888 – Іван Віткоўскі, беларускі гісторык.

У гэты дзень памерлі:

1519 – Леанарда да Вінчы, італьянскі мастак, архітэктар, мысьляр.

1989 – Веніямін Каверын, савецкі пісьменьнік.

2009 – Фёдар Шмакаў, беларускі актор, рэжысэр, народны артыст СССР.
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:

«Юнацтва канчаецца не ў адзін дзень – гэты дзень не адзначыш ў календары: „Сёньня скончылася маё юнацтва”. Яно сыходзіць незаўважна – так незаўважна, што зь ім не пасьпяваеш разьвітацца».

Веніямін Каверын
XS
SM
MD
LG