Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прэм’ер-міністар павінен заступіцца за Беларускі Свабодны тэатар»


Майкл Атэнбара, адзін зь вядучых тэатральных рэжысэраў Вялікабрытаніі, заклікаў прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі Дэйвіда Кэмэрана, каб той супрацьстаяў злоўжываньням у галіне правоў чалавека і выказаўся супраць перасьледу Свабоднага тэатру ў Беларусі.

У размове з брытнаскім выданьнем The Guardian Атэнбара сказаў, што Кэмэран не павінен ігнараваць жорсткі рэжым, які арыштоўвае людзей за ўдзел у тэатральных спэктаклях.

Майкл Атэнбара, які кіраваў тэатрам «Almeida» ў Лёндане да мінулага году, нядаўна наведаў Беларусь як турыст, каб папрацаваць тыдзень з акторамі Свабоднага тэатру. Ён распавёў брытанскай газэце, што акторы праводзілі свае рэпэтыцыі ў гаражы чалавека, якому ўлады за гэта пагражалі зьнесьці ўвесь дом.

«Гэта амаль немагчыма зразумець. Яны з уласнай волі ідуць на такую рызыку. Гэта ня можа не зьдзіўляць» — адзначыў Атэнбара пра працу актораў Свабоднага тэатру ў Беларусі.

Тым часам другая група актораў Свабоднага тэатру, згуртаваная вакол Мікалая Халезіна і Натальлі Каляды ў Лёндане, працягвае пасьпяховую дзейнасьць на сцэнах у Вялікабрытаніі ў прыватнасьці і Захаду агулам. Як паведамляецца, Беларускі свабодны тэатар, у супрацоўніцтве зь лёнданскім тэатрам «Young Vic», выступіць з пастаноўкай «Red Forest» на міжнародным тэатральным фэстывалі «LIFT 2014», які адбудзецца ў Лёндане 12 чэрвеня-5 ліпеня.
XS
SM
MD
LG