Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Данецку сэпаратысты шпацыруюць па горадзе і зрываюць ўкраінскія сьцягі


У Данецку сэпаратысты пад сьцягамі Расейскай Фэдэрацыі і самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі» ходзяць калёнай па горадзе і зрываюць сьцягі Ўкраіны.

Як перадае агенцтва УНІАН, спачатку больш за тысячу прыхільнікаў ДНР правялі шэсьце ад захопленай імі Данецкай аблдзяржадміністрацыі па вуліцы Арцёма да плошчы Леніна. Сэпаратысты не падавалі неабходную заяўку на правядзеньне акцыяў, але самастойна перакрылі рух па вуліцы Арцёма — каля 10 мужчын у балаклавах зь бітамі спынілі аўтамабілі на праезнай частцы.

На плошчы адбыўся мітынг, на якім удзельнікі выступалі за правядзеньне рэферэндуму, за самастойнасьць незалежнай «Данецкай народнай рэспублікі», за Расею, за падразьдзяленьне «Беркут». Мітынгоўцы скандавалі: «Расея!», «Крым — Данбас — Расея!», «Славянск — герой!», «Хунту далоў!».

Пасьля мітынгу сэпаратысты накіраваліся да помніка «Змагарам за савецкую ўладу» і да будынка гарадкой ўправы міліцыі.

Па дарозе яны зрывалі ўкраінскія сьцягі. Удзельнікі шэсьця зьнялі дзяржаўны сьцяг Украіны каля абласнога Палаца шлюбаў і ўзьнялі расейскі «трыкалёр».
XS
SM
MD
LG