Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе лепш жывецца? Пэнсіі, стыпэндыі і «сацыялка» ў Беларусі, Расеі і Ўкраіне


Cёньня ў розных краінах сьвету адзначаецца сьвята 1 траўня — Дзень працы. У Беларусі, Расеі і Ўкраіне адбываюцца акцыі пад лёзунгамі падвышэньня ўзроўню жыцьця.

Cёньня ў розных краінах сьвету адзначаецца сьвята 1 траўня — Дзень працы. У Беларусі, Расеі і Ўкраіне адбываюцца акцыі пад лёзунгамі падвышэньня ўзроўню жыцьця.

У Маскве, напрыклад, адно з патрабаваньняў мітынгу — прывядзеньне сацыяльных нормаў жыцьця ў Крыме, які нядаўна быў анэксаваны Расеяй, да агульнарасейскіх. У Беларусі таксама апошнім часам сталі часьцей гучаць галасы на карысьць «аб’яднаньня» з Расеяй, зноў жа, прычынай называецца вышэйшы ўзровень жыцьця ва ўсходняй суседкі. Беларускія ж дзяржаўныя тэлеканалы называюць краіну ледзь не адзінай выспачкай стабільнасьці.

Мы вырашылі параўнаць, дзе лепш жывецца: у Расеі, Украіне ці Беларусі. У прыватнасьці, дзе вышэйшыя пэнсіі, стыпэндыі і лепшая сацыяльная дапамога.

1. Пэнсійны ўзрост


Пэнсійны ўзрост у Расеі складае 60 гадоў для мужчын і 55 год для жанчын. Але расейскі ўрад плянуе з 2015 году павялічыць ўзроставы цэнз да 65 год для мужчын і 60 год для жанчын. Вярхоўная Рада Ўкраіны, наадварот, плянуе ўжо ў 2014 вярнуць украінкам права выходзіць на пэнсію ў 55 год. У Беларусі права на пэнсію па ўзросьце маюць мужчыны па дасягненьні 60 гадоў і пры стажы працы ня менш за 25 гадоў, жанчыны — па дасягненьні 55 гадоў і пры стажы працы ня менш за 20 гадоў.

2. Пэнсіі


У Расеі нядаўна адбылося павышэньне працоўных пэнсіяў. Сярэдні памер пэнсіі складаць 11600 руб. (прыблізна 325 USD). Ва Ўкраіне сярэдні памер пэнсіі сёньня складае 1500 грыўняў (па стане на пачатак году — 150 USD). У Беларусі сярэдні памер пэнсіі складае 2407400 бел. руб. (прыблізна 242 USD)

3. Фінансавая дапамога пры нараджэньні дзіцяці


Расея. Паводле закону «Аб дзяржаўнай дапамозе грамадзянам, якія маюць дзяцей», пры нараджэньні дзіцяці аднаму з бацькоў выплачваецца аднаразовая фінансавая дапамога, памер якой са студзеня 2014 года складае 13741 руб. 99 капеек (прыблізна 377,28 USD). Гэты від дапамогі прызначаецца і выплачваецца па месцы працы аднаго з бацькоў. Калі абодва бацькі беспрацоўныя альбо навучаюцца, дапамогу выплачвае орган сацыяльнай абароны насельніцтва.

Украіна. Паводле закону «Пра дзяржаўную дапамогу сем’ям зь дзецьмі», пры нараджэньні дзіцяці бацькі маюць права на атрыманьне аднаразовай грашовай дапамогі, памер якой складае ад 10320 грыўняў (прыблізна 1057,21 USD). Ні від дзейнасці, ні адсутнасьць афіцыйнага месца працы не ўплываюць на права атрыманьня дадзенага тыпу дапамогі, якая выплачваецца і дзяржаўным службоўцам, і індывідуальным прадпрымальнікам, і студэнтам, і беспрацоўным. Прычым 2 лютага 2014 года працэдура атрыманьня была спрошчаная: цяпер бацькам дастаткова толькі падаць у органы працы і сацыяльнай абароны насельніцтва пашпарты альбо іншыя дакумэнты, якія пацьвярджаюць асобу бацькоў, пасьведчаньне аб нараджэньні дзіцяці і заяву ў вольнай форме з указаньнем дадзеных для рэгістрацыі месца пражываньня дзіцяці.

Беларусь. Паводле закону «Аб дзяржаўных дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей», у сувязі з нараджэньнем дзіцяці сям’я мае права на аднаразовую фінансавую выплату ў памеры 10 БПМ пры нараджэньні першага дзіцяці — 10 БПМ (прыблізна 1018,92 USD) і 14 БПМ (прыблізна 1588,83 USD) пры нараджэньні другога і наступных дзяцей.

4. Стыпэндыі


Сярэдняя стыпэндыя расейскага студэнта складае каля 1500 руб. (прыблізна 41,18 USD) у месяц, у маскоўскім рэгіёне— каля 1800 руб. (прыблізна 49,42 USD).

Ва Ўкраіне сярэдняя стыпэндыя для студэнтаў складае 56,34 USD (ніжэйшага ўзроўню акрэдытацыі), для будучых бакаляраў, спэцыялістаў і магістраў ВНУ (вышэйшай акрэдытацыі) — да 730 грыўняў (74,78 USD).

Памер стыпэндыяў беларускіх студэнтаў у сярэднім вагаецца ад 500 да 800 тыс. бел. руб. (50,30–80,48 USD)

5. Крэдыты на жыльлё


Расея. Пераважным правам на льготныя ўмовы крэдытаваньня валодаюць шматдзетныя сем’і, дзе ёсьць трое ці больш дзяцей, а таксама маладыя сем’і. У кожнага банку свае ўмовы крэдытаваньня, але многія падтрымліваюць дзяржаўныя жыльлёвыя праграмы і ідуць на зьніжэньне ставак па іпатэцы. Існуе дзяржаўная праграма дапамогі маладым сем’ям. Гэтая матэрыяльная дапамога можа складаць да 35% ад кошту набытай жыльлёвай плошчы.

Украіна. Ільготны крэдыт «Даступнае жыльлё» можна ўзяць на 30 гадоў пад 3% гадавых. Пры гэтым дзяржава ўсталявала льготы, у адпаведнасьці зь якімі пры нараджэньні аднаго дзіцяці гэтая сям’я вызваляецца ад выплаты адсоткаў. Пры нараджэньні двух дзяцей дзяржава сьпісвае 25% сумы крэдыту, пры наяўнасьці трох і больш дзяцей пазычальнік аплачвае толькі 50% велічыні крэдыту.

Беларусь. Права на атрыманьне льготных крэдытаў і аднаразовай субсідыі на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыцьцё жылых памяшканьняў маюць шматдзетныя сем’і; грамадзяне, у складзе сем’яў якіх ёсьць дзеці-інваліды; маладыя сем’і, якія маюць дваіх непаўналетніх дзяцей на дату зацьвярджэньня сьпісаў на атрыманьне льготных крэдытаў; грамадзяне, якія пражываюць ня менш за 10 гадоў у інтэрнатах, у жылых памяшканьнях дзяржаўнага жыльлёвага фонду па дамовах паднайму жылога памяшканьня, у жылых памяшканьнях прыватнага жыльлёвага фонду па дамовах найму жылога памяшканьня. Максымальны тэрмін, на які прадастаўляюцца льготныя крэдыты на жыльлё, не павінен перавышаць 20 гадоў (для шматдзетных сем’яў — 40 гадоў). Працэнты за карыстаньне гэтымі крэдытамі на працягу тэрміну іх пагашэньня ўсталёўваюцца ў залежнасьці ад катэгорыі грамадзян: для шматдзетных сем’яў — 1% гадавых; для маладых сем’яў, якія маюць дваіх непаўналетніх дзяцей, — 50% стаўкі рэфінансаваньня Нацыянальнага банку, але ня менш за 5% гадавых.

Дадзеныя сабрала Крысьціна Шыянок
Інфаграфіка Франак Вячорка

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG